×

Філасофскі падыход да геаграфіі

05.10.2019 15:26,

— Навуковыя даследаванні паказваюць, што нізкая вучэбная паспяховасць школьнікаў тлумачыцца не прыроджанай адсутнасцю здольнасцей, а выкарыстаннем непрадукцыйных спосабаў вучэбнай работы, няўменнем вучыцца, — гаворыць настаўніца геаграфіі Тамара Сямёнаўна Цюкіна з гімназіі Ганцавіч. — Задача педагога — навучыць кожнае дзіця вучыцца. Актывізаваць пазнавальную дзейнасць школьнікаў дапамагаюць актыўныя і інтэрактыўныя метады навучання, якія робяць яго цікавым і эфектыўным, павышаюць матывацыю да атрымання новых ведаў.

Пры першым знаёмстве з класам Т.С.Цюкіна звяртаецца да метаду “Алітэрацыя імя”, які дазваляе не толькі пазнаёміцца адно з адным, але і коратка расказаць пра сябе. Настаўніца прапаноўвае вучням за мінуту прыдумаць алітэрацыю сваіх імёнаў, каб яна адлюстроўвала індывідуальныя асаблівасці асобы. Пачынае з сябе: “Хачу прадставіцца. Я — Тамара. Творчая”. Затым перадае эстафету дзецям: “Сяргей — сур’ёзны, Раман — рашучы, Дар’я — добрая” і г.д.

— Для стварэння спрыяльнай псіхалагічнай атмасферы ў класе, падрыхтоўкі вучняў да абмеркавання пэўнай праблемы, выяўлення іх чаканняў і апасак выкарыстоўваю метад “Дрэва чаканняў”, — расказвае Т.С.Цюкіна. — У пачатку заняткаў раздаю дзецям каляровыя карткі, дзе яны запісваюць, што хацелі б атрымаць на ўроку. А напрыканцы заняткаў аналізую, ці ўсе чаканні вучняў выкананы. Так, пры вывучэнні тэмы “Насельніцтва свету” ў пачатку ўрока вешаю на дошку “дрэва чаканняў” з пытаннямі “Якая колькасць жыхароў Зямлі?”, “Якая краіна займае 1-е месца ў свеце па колькасці насельніцтва?”, “Колькі людзей пражывае ў Беларусі?”. Акрамя таго, запісваю на дошцы першую палову фразы, а вучні дапісваюць другую: “Спадзяюся, што гэты ўрок будзе…”, “Хацеў бы даведацца…”, “Планую сёння даведацца пра…”. Падчас рэфлексіі разам з дзецьмі абмяркоўваю, што выканалі на занятках і што яшчэ трэба зрабіць.

Пры ўводзінах у новую тэму настаўніца звяртаецца да метаду “Візітоўка”, які дазваляе скласці, напрыклад, комплексную характарыстыку канкрэтнай краіны ці мацерыка. У цэнтры дошкі запісваецца назва дзяржавы ці мацерыка, а вучні дапісваюць да яе словы ці словазлучэнні, звязаныя з імі: “ЗША — НАТА, Абама, Шварцэнэгер, Галівуд, Ніягарскі вадаспад, Макдональдс, Нью-Ёрк, статуя Свабоды, Дзікі захад, індзейцы, кока-кола, долар, Маямі, бізон…” Пасля аналізу напісанага педагог бачыць, што можна растлумачыць мімаходам, а які матэрыял патрабуе дэталёвай прапрацоўкі і на чым варта засяродзіць большую ўвагу. Гэты метад робіць урок цікавым, паколькі ўсе вучні актыўна ўдзельнічаюць у напісанні слоў ці словазлучэнняў, іх далейшай расшыфроўцы.

— У асноўнай частцы заняткаў выкарыстоўваю метады, якія фарміруюць неабходныя веды, уменні і навыкі, вучаць прымяняць іх у знаёмых і незнаёмых сітуацыях, — гаворыць Т.С.Цюкіна. — Сярод іх —“Асацыяцыі”. Дзякуючы гэтаму метаду, атрыманая інфармацыя запамінаецца на працяглы час ці назаўсёды. Па прыкла­дзе вядомай фразы “Каждый охотник желает знать, где сидит фазан” для запамінання колераў вясёлкі складаю фразы, звязаныя з геаграфіяй. Так, для запамінання назваў мораў, якія абмываюць тэрыторыю Расіі, прапаноўваю наступныя фразы: “Барин в белой шубе каркает от стужи, потому что в лаптях идёт на восток Сибири к чукчам” (Баранцава, Белае, Карскае, Лапцевых, Усходне-Сібірскае, Чукоцкае), “Японец охотится на берегу” (Японскае, Ахоцкае, Берынгава). Дзеці з задавальненнем складаюць асацыяцыі да розных геа­графічных аб’ектаў: Сіхотэ-Алінь (сахаты алень), Катапахі (кот у папасе), мерыдыян (мандарын, падзелены на долькі).

На асацыяцыях заснавана і запамінанне розных лічбаў. Так, Вялікабрытаніі ўласціва лічба 4: 4 гістарычныя вобласці (Уэльс, Шатландыя, Паўночная Ірландыя, Англія), плошча краіны — 244 тысячы км2, насельніцтва — 61 млн чалавек (244 : 4). 

Настаўніца практыкуе лічбавыя дыктоўкі. Так, пры вывучэнні тэмы “Акіяны” прапаноўвае дадаць да колькасці мацерыкоў колькасць акіянаў (6 + 4 = 10); колькасць акіянаў падзяліць на колькасць мацерыкоў, якія абмываюцца ўсімі акіянамі
(4 : 1 = 4); колькасць літар к у прозвішчы мараплаўца, які тройчы здзейсніў кругасветнае падарожжа, памножыць на колькасць мацерыкоў, якія абмываюцца 3 акіянамі
(2 • 2 = 4). Пры вывучэнні тэмы “Афрыка” трэба колькасць літар у назве ракі, якая тройчы перасякае экватар, скласці з колькасцю літар а ў назве прыроднай зоны, якая займае самую вялікую плошчу на мацерыку (Конга, савана, 5 + 3 = 8). Акрамя таго, настаўніца прымяняе лічбавую дыктоўку, дзе адказу “так” адпавядае лічба 1, а адказу “не” — 0: “Да ўнутраных вод адносяцца моры, рэкі, азёры, леднікі, балоты”, “Размеркаванне рачной сеткі залежыць ад рэльефу і клімату”, “Большасць рэк Афрыкі адносіцца да басейна Індыйскага акіяна”, “Самая паўнаводная рака Афрыкі — Замбезі”, “Вадаспад Вікторыя адкрыў Д.Левінгстон” (01001 — код адказаў). Адказы можна запісаць на невялікіх аркушах, загадзя прыклееных да адваротнага боку парт, ці зашыфраваць у класным кутку.

— Прымітыўнае мадэляванне ўяўляе сабой дэманстрацыю прыродных працэсаў з дапамогай падручных сродкаў, — расказвае Т.С.Цюкіна. — Так, з дапамогай падручніка і сшытка можна паказаць магчымыя варыянты руху літасферных пліт: сутыкненне 2 мацерыковых (2 падручнікі), сутыкненне мацерыковай і акіянічнай (падручнік і сшытак), разыходжанне (2 падручнікі і 2 сшыткі). З дапамогай падручніка і дробных прадметаў можна паказаць утварэнне канчатковай і доннай марэны (падручнік — ледавік, а дробныя прадметы — горныя пароды, якія рухаюцца ім). Згінаючы далонь, можна паказаць утварэнне азёр у тэктанічных прагібах (возера Вікторыя).

Не абыходзіць увагай настаўніца і філасофскія разважанні, якія вучаць падыхо­дзіць да вырашэння розных пытанняў не бяздумна, а прагнастычна. З гэтай мэтай Т.С.Цюкіна звяртаецца да прытчаў. Напрыклад: “Ішоў неяк Лаа-цзы па дарозе і пачуў удары сякеры. Чалавек сек дрэва. Сякера была з жалеза, якое навучыліся здабываць зусім нядаўна. Людзі вакол захапляліся сякерай. Гледзячы на гэта, Лаа-цзы сказаў: “Людзі павінны абмяжоўвацца неабходным і не жадаць многага. Навошта ты караеш дрэва? Яно цябе пакрыўдзіла? Забрала ў цябе святло? Перашкаджае праезду? Не! Яно дае цень падарожнікам у спякоту. Можа, ты вырашыў выкарыстаць сякеру з жалеза, каб пераканацца ў тым, што яно сячэ лепш, чым бронза? Тады чаму не пачаў секчы сякерай з бронзы? Тады ты не паспеў бы нашкодзіць і напалову. Сеў бы адпачыць, зірнуў на дрэва і, пераканаўшыся ў яго прыгажосці, выцер пот з ілба ды пайшоў прэч. Не трэба ніякіх новаўвядзенняў. Людзі з бронзавай сякерай жылі лепш за нас, а людзі з каменнай сякерай — яшчэ лепш. Ты можаш стаць рабом жалеза. Рабамі стануць і твае сыны. Падумай пра гэта”.

Або: “Вучань страляў з лука. Падышоў да рубяжа, узяў дзве стралы. Майстар адабраў адну і кінуў убок. Вучань здзівіўся і спытаў чаму. Майстар адказаў, што яна ўсё роўна прайшла б міма цэлі, бо, страляючы, ён ведаў бы, што ў запасе ёсць яшчэ адна спроба”.

— Прытча — універсальны спосаб перадачы важных ведаў у максімальна сціснутай, а часам і ў іншасказальнай форме, — гаворыць Т.С.Цюкіна. — Далёка не кожная кніга параўнаецца з прытчай па змястоўнасці. Галоўнае — яна прымушае задумацца. Прытчу можна трактаваць па-рознаму. Прапаноўваю дзецям пракаменціраваць пачутае. Зачытваю прытчы пры вывучэнні тэм, звязаных з экалогіяй, каб школьнікі зразумелі, што ў пакарэнні прыроды чалавецтва вось-вось дасягне крытычнай кропкі і што любыя антрапагенныя змены на планеце нібы апошні выстрал. Таму людзі павінны быць вельмі асцярожнымі, уважліва пралічваць кожны крок. Хочацца спадзявацца, што, дзякуючы пачутым прытчам, у дзяцей сфарміруецца экалагічнае мысленне, якое не дазволіць зламаць дрэва, выкінуць смецце абы-дзе…

Т.С.Цюкіна рыхтуе для вучняў эўрыстычныя пытанні, якія актывізуюць мысліцельную дзейнасць, прымушаючы за кароткі прамежак часу пракруціць у галаве шмат інфармацыі, выбудаваць лагічную схему і хутка знайсці правільны адказ на пэўнае пытанне: “Часам гавораць: “Трывалы, як скала, вечны, як гара”. Растлумачце, чаму гэтае выказванне не зусім правільнае”; “У 1696 годзе падчас азоўскага паходу Пятру І паказалі некалькі кавалкаў горнай пароды. Адзін з іх цар кінуў у вогнішча і, убачыўшы, як ён гарыць, сказаў гістарычную фразу: “Гэты мінерал калі не нам, то нашчадкам нашым карысны будзе”. Растлумачце сэнс гэтых слоў. Пра які мінерал ідзе гаворка?”

Пры падвядзенні вынікаў урока настаўніца звяртаецца да метаду “Ключавое слова”. Прапаноўвае на маленькіх аркушах напісаць адно слова, з якім асацыіруюцца змест, ацэнка заняткаў. Пасля зачытвае ўсе словы, праводзіць кароткі аналіз атрыманых вынікаў і прапаноўвае зрабіць гэта вучням.

Метад “Завяршы фразу” прымяняецца для выяўлення выніковасці ўрока. Вучням прапаноўваецца завяршыць фразы: “Я сёння даведаўся, што…”, “Я не ўпэўнены ў тым, што…”, “Няўдалым, нецікавым было…”, “А яшчэ я хачу сказаць, што…”, “Мне хацелася б наступны раз…”.

Даволі цікавы метад “Чамадан, сметніца, мясарубка”. На дошцы замацоўваюцца 3 вялікія аркушы. На адным намаляваны чамадан, на другім — сметніца, на трэцім — мясарубка. Вучні атрымлі­ваюць 3 сама­клейкія аркушы. На першым пішуць тое, што даведаліся на ўроку і гатовы за­браць з сабой (клеяць на чамадан), на другім — тое, што аказалася непатрэбным і бескарысным (клеяць на сметніцу), на трэцім — тое, што было цікавым і што яшчэ неабходна дадумаць і дапрацаваць (клеяць на мясарубку). Затым падводзяцца вынікі.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.