×

Фізіка ў цацках

12.06.2019 12:04,

Сучаснае грамадства вымагае ад асобы валодаць творчымі здольнасцямі, нетрадыцыйна і якасна вырашаць існуючыя праблемы. Hазвіццё творчых здольнасцей навучэнцаў можна забяспечыць праз арганізацыю і правядзенне школьных фізічных выставак.

Перад настаўнікамі фізікі паўстае найважнейшая задача — развіццё пазнавальных і творчых здольнасцей навучэнцаў. Гэтаму шмат у чым спрыяюць пазакласныя мерапрыемствы па фізіцы, і адной з формаў такіх мерапрыемстваў з’яўляюцца фізічныя выстаўкі. Арганізацыя школьных фізічных выставак адносіцца да тых формаў работы, якія ўжываюцца рэдка.  Але гэта сапраўды дзейсны падыход. Па-першае, у падрыхтоўцы выстаўкі прымае ўдзел вялікая колькасць навучэнцаў. Па-другое, у працэсе падрыхтоўкі навучэнцы даведваюцца шмат новага, паўтараюць пройдзены матэрыял, сістэматызуюць веды. І, нарэшце, трэцяе — гэта развіццё творчых здольнасцей.

Так, у рамках прадметнага тыдня па фізіцы ва ўстанове адукацыі можа быць арганізавана і праведзена выстаўка “Фізіка ў цацках” (навучэнцамі 8—9 класаў для навучэнцаў 4—6 класаў), у рамках якой можна азнаёміцца з фізічнымі прынцыпамі работы цацак.

Для правядзення выстаўкі “Фізіка ў цацках” тэму варта падзяліць на шэраг падтэм (8—12), кожная з якіх будзе самастойнай экспазіцыяй. Напрыклад, кубік Рубіка, неваляшка, паветраны шарык, спінер, бумеранг, калейдаскоп, юла, ванька-ўстанька і інш.

Кожную экспазіцыю будзе абслугоўваць экскурсавод і яго асістэнт.

У актавай зале або ў класе на асобных сталах неабходна аформіць экспазіцыю: размясціць цацкі і прыборы, а над сталом павесіць плакат з іх ілюстрацыяй, кароткім апісаннем прынцыпу дзеяння і QR-кодам. У QR-кодзе змяшчаецца спасылка на старонку ў Вікіпедыі з дадатковым матэрыялам. Пры жаданні, калі экспазіцыя зацікавіла наведвальнікаў, але не хапіла часу падрабязна разабрацца з прынцыпам работы экспаната, можна па захаванай спасылцы пазней больш падрабязна азнаёміцца ​​з фізічнымі прынцыпамі работы цацкі.

Настаўнік каля ўвахода ў кабінет сустракае навучэнцаў, тлумачыць ім мэты і задачы выстаўкі і прапускае ў залу. У зале праходжанне экспазіцыі каардынуе адміністратар. Экскурсаводы з асістэнтамі праводзяць займальную экскурсію.

Падрыхтоўку да выстаўкі праводзяць на працягу 3-4 тыдняў. На ўроках фізікі і праз аб’яву на сайце школы настаўнік апавяшчае аб правядзенні выстаўкі. Вызначае вучняў, якія праявяць цікавасць да арганізацыі выстаўкі (19—27 чалавек). На першым пасяджэнні аргкамітэта выбіраюць памочнікаў па навуковай, гаспадарчай рабоце, экскурсаводаў, адміністратара, асістэнтаў экскурсаводаў, вызначаюць колькасць і тэматыку экспазіцый.

Памочнік па навуковай рабоце дапамагае падрыхтаваць выступ. Памочнік па гаспадарчай частцы кіруе зборам экспанатаў і дапамагае асістэнтам разабрацца з прынцыпам іх дзеяння. Адміністратар збірае заяўкі на правядзенне экскурсій, складае графік, а ў дзень правядзення выстаўкі каардынуе праходжанне экспазіцыі.

На другім арганізацыйным сходзе вызначаецца план работы выстаўкі і абмяркоўваецца афармленне кабінета. Калі арганізаваць работу выстаўкі на працягу чатырох гадзін, то за гэты час яе наведваюць каля 200 чалавек. Гэта матывуе займацца фізікай, а дзеці малодшых класаў праяўляюць цікавасць да новага для іх прадмета.

У кнізе водгукаў і прапаноў, якая знаходзіцца ў адміністратара, навучэнцы і настаўнікі могуць пакінуць запісы са словамі падзякі і пажаданнямі на будучыню.

Алена СТУПЧЫК,
настаўніца фізікі сярэдняй школы № 9 імя Героя Савецкага Саюза Г.М.Халасцякова Баранавіч, кіраўнік творчай групы настаўнікаў фізікі горада Баранавічы.