×

Фізкультхвілінкі: і вучымся, і адпачываем

03.06.2019 14:21,

Здароўе — найвялікшая каштоўнасць чалавека. У пагоні за новымі формамі, метадамі, прыёмамі і тэхналогіямі навучання педагогі не павінны забываць пра здароўезберажэнне.

Школьнікі вывучаюць шмат прадметаў. Практыка паказвае, што прыёмы здароўезберагальных тэхналогій можна паспяхова выкарыстоў­ваць на кожным з іх, у тым ліку на ўроках англійскай мовы. Гэта асабліва важна, бо яна з’яўляецца даволі складанай у вывучэнні. Авалодваючы англійскай мовай, дзеці павінны засвойваць вялікі аб’ём лінгвістычнага матэрыялу (лексічныя адзінкі, граматычныя формы), набываць маўленчыя навыкі. Вучням даводзіцца шмат запамі­наць, гаварыць, пісаць, чытаць, слухаць, аналізаваць. Гэта патрабуе правільнай арганізацыі заняткаў, каб дзецям было на іх псіхалагічна камфортна і каб яны выклікалі станоўчы эмацыянальны настрой, здольны мініміза­ваць адмоўныя ўздзеянні на арганізм. Задача педагога — сфарміраваць у вучняў станоўчыя адносіны да прадмета, павысіць цікавасць і матывацыю да яго, дапамагчы пераадолець страх перад ім.

На ўроках абавязкова ўлічваю індывідуальныя асаблівасці школьнікаў. Будую работу на аснове дыферэнцыраванага падыходу да дзяцей з рознымі магчымасцямі. Каб пазбегнуць стамляльнасці, арганізоўваю заняткі ў адпаведнасці з дынамікай вучнёўскай увагі. Старанна сачу за часам, неабходным для выканання заданняў. Чаргую віды вучэбнай дзейнасці: аўдзіраванне, работа з вучэбным дапаможнікам і ў групах, творчая работа, гульня, заданні спаборніцкага характару і інш.

Актыўна выкарыстоўваю розныя фізкультхвілінкі, якія добра знімаюць стомленасць, павышаюць матывацыю да вучобы, аблягчаюць засваенне моўнага матэрыялу. Сярод іх — музычна-танцавальныя, песенныя, гульнявыя. Пры падборы фізкультхвілінак улічваю ўзроставыя асаблівасці дзяцей і тэматыку заняткаў, у выніку чаго вучні не толькі расслабляюцца, але і лепш засвойваюць лексічны і граматычны матэрыял.

Таццяна ВАКУЛІЧ,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 8 Пінска.