×

Гаспадыня чароўнага царства

20.03.2020 12:15,

Калі вы будзеце ў Пружанах, абавязкова пабывайце у гасцях у цудоўнага чалавека – Марыі Мікалаеўны Кулецкай.

У гэтай выдатнай творчай жанчыны ёсць чаму павучыцца. Марыя Кулецкая – сёння адзіная ў раёне ўладальніца ганаровага звання “Народны майстар Рэспублікі Беларусь”. Рукі майстрыхі не ведаюць суму, і ўсё, да чаго яны датыкаюцца, ператвараецца ў сапраўдны цуд: папера, саломка, тканіна ці шкло.

Здаецца, няма матэрыялу, з якім не працавала б гэтая майстрыха. І як выдатна, што свае веды і ўменні яна перадае дзецям. Пад пільным кіраўніцтвам Марыі Мікалаеўны ў гарадскім палацы культуры сёння працуе ўзорная студыя “Шклянка-маляванка”. Яе выхаванцы засвойваюць такія тэхнікі, як арыгамі (складаюць фігуркі з паперы) і квілінг (са скручаных у спіраль папяровых палосак складаюць цэлыя кампазіцыі), плятуць з саломкі і папяровай лазы кветкі, капелюшы і “павучкоў”, вышываюць шаўковымі стужкамі карціны, шыюць і ўпрыгожваюць экаторбы, са шматкоў ільняной тканіны вырабляюць традыцыйныя лялькі-матанкі і ткуць паясы. А яшчэ захапляюцца выцінанкай (мастацкім выразаннем з паперы) і роспісам па тканіне, палатне, дрэве і нават па шкле.

Дарэчы, роспісу па шкле ў студыі надаецца асаблівая ўвага. Гэты некалі папулярны ў беларусаў від народнай творчасці доўгі час лічыўся страчаным. Але дзякуючы карпатлівай працы такіх майстроў, як Марыя Кулецкая, мы зноў можам убачыць на выставах бліскучыя маляванкі. Работы пружанскай майстрыхі вядомы далёка за межамі нашай краіны. Архітэктурныя жамчужыны Пружаншчыны, мілыя сэрцу мастачкі куткі прыроды, захаваныя на шкле, захапляюць замежнікаў сваёй непаўторнасцю і арыгінальнасцю выканання.

Марыя Мікалаеўна адкрыта для зносін і, нягледзячы на занятасць, заўсёды гатова правесці для ўсіх жадаючых майстар-класы па любой тэхніцы. У Год малой радзімы, згадзіцеся, гэта асабліва актуальна. Таму, даведаўшыся, што яе студыя адзначыла ў гэтым годзе наваселле, мы з дзецьмі накіраваліся да жанчыны ў госці.

У новым, больш прасторным і светлым памяшканні палаца культуры куды ні зірні – казка: мастацкія работы, выкананыя ў розных тэхніках, упрыгожваюць сцены, стэлажы і паліцы. Тут жа стаяць загатоўкі для будучых работ.

Гаспадыня гэтага чароўнага царства сустрэла нас каля дзвярэй, пасадзіла за вялікі стол і правяла для сваіх гасцей майстар-клас па выцінанцы. З вялікім задавальненнем пад яе кіраўніцтвам мы выразалі папяровых анёлаў. А для таго, каб праца ішла больш жвава, кожны атрымаў у падарунак салодкую “дапамагайку”. Натхніў на творчасць і цікавы аповед Марыі Мікалаеўны пра свае захапленні і творчыя планы.

За размовай час праляцеў хутка. Стараліся ўсе, і анёлкі атрымаліся выдатныя. На жаль, настала пара развітвацца. Дамовіўшыся з Марыяй Мікалаеўнай аб новай сустрэчы, мы сыходзілі ў добрым настроі і з “татушкамі” на шчочках, якія нам на развітанне намалявала майстрыха.

Аксана КЛІМАВА,
настаўнік пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 г. Пружаны імя ЧБВА Брэсцкай вобласці.