×

Геаграфія і біялогія па-беларуску

25.02.2020 16:12,

Штогод у Міжнародны дзень роднай мовы ў нашай установе адукацыі праводзяцца асветніцкія мерапрыемствы: лекцыі, выставы, прэзентацыі, тэматычныя ўрокі і класныя гадзіны, конкурсы… Сёлета педагогі нашай школы падышлі да святкавання гэтага дня не зусім традыцыйна. Да настаўнікаў-філолагаў далучыліся настаўнікі прыродазнаўчых прадметаў, якія вырашылі паказаць вучням, як прыгожа гучаць па-беларуску геаграфія і біялогія.

Напярэдадні былі аформлены інфармацыйныя веснікі, развешаныя на дзвярах кабінетаў, са спецыяльнай лексікай на роднай мове. Кожны мог пераканацца, што беларускамоўныя тэрміны зусім не горшыя за рускамоўныя.

На працягу дня праходзілі інтэрактыўныя перапынкі, падчас якіх дзеці разгадвалі загадкі і рэбусы па геаграфіі і біялогіі, чыталі прыказкі і прымаўкі, называлі часткі цела чалавека па-беларуску, гулялі ў розныя гульні…

Самыя эрудзіраваныя і актыўныя з ліку вучняў 6—8 класаўузнагароджаны тэматычнымі закладкамі з тэрмінамі па біялогіі і геаграфіі на беларускай і рускай мовах і салодкіміпачастункамі.

Школьнікі прыйшлі да высновы, што неабходна старанна вывучаць і часцей карыстацца роднай мовай для захавання нацыянальнай ідэнтычнасці.

Святлана БАНДАРУК,
настаўніца геаграфіі і біялогіі сярэдняй школы № 8 Кобрына.