×

Геаграфія + матэматыка: цікава, займальна, карысна

29.08.2019 11:28,

— Міжпрадметныя сувязі адыгрываюць важную ролю ў развіцці пазнавальнай цікавасці вучняў, — гаворыць настаўніца геаграфіі Т.В.Астапук з Клейніцкай сярэдняй школы імя Ю.В.Харытончыка Брэсцкага раёна. — Геаграфія настолькі ўніверсальная, што можа інтэгравацца з любым прадметам, у тым ліку з матэматыкай, нягледзячы на тое, што грунтуецца на прыродазнаўчых і гуманітарных навуках.

— Матэматычныя веды дазваляюць рабіць разлікі, вызна­чаць адлегласці паміж аб’ектамі, будаваць графікі, дыяграмы і картасхемы, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай практычнай геаграфіі. Многія геаграфічныя паняцці нельга ўсвядоміць і засвоіць без элементарных ведаў па матэматыцы (вызначыць працягласць дня і ночы (асветленасці) у залежнасці ад шыраты месца, плошчу розных аб’ектаў, сярэднясутачную тэмпературу, азімуты, геаграфічныя каардынаты, працягласць тэрыторыі ў градусах і кіламетрах, вылічыць каэфіцыент увільгатнення). Геаграфія валодае вялікімі магчымасцямі для прыцягнення ўвагі школьнікаў да незвычайных фактаў і працэсаў, фарміравання абагульненых пазнавальных ведаў і ўменняў.

Вывучаць прыроду немагчыма без геаметрыі. Зямля — гэта шар, экватар і паралелі — акружнасці рознага дыяметра. Плошча паверхні планеты — 510 млн км2. Адлегласць ад цэнтра Зямлі да экватара 6378 км, а да полюсаў — 6356 км. Даўжыня планеты па акружнасці — 40 тысяч км. Настаўніца прапаноўвае вучням падлічыць адлегласць ад Паўночнага полюса да Паўднёвага па паверхні Зямлі і вызначыць, наколькі палярны радыус планеты меншы за экватарыяльны.

Пры вывучэнні тэм “Атмасфера” і “Гідрасфера” Т.В.Астапук звяртаецца да разліковых задач міжпрадметнага зместу. Так, дзеці вызначаюць узровень падзення і ўхілу рэк, разглядаюць такія паняцці, як тэмпература, атмасферны ціск, вільготнасць, ападкі, сіла ветру, ствараюць дыяграмы, вылічваюць сярэдняе арыфметычнае, чытаюць графікі. Матэматычныя ўменні неабходны для вызначэння сярэднямесячнай і сярэднегадавой тэмпературы паветра, знаходжання амплітуды тэмператур паветра. Школьнікі вывучаюць графікі залежнасці тэмператур ад пары года, вызначаюць пераважны напрамак ветру па графіку ружы вятроў і інш. Займаючыся гэтай работай, вучні бачаць, як з дапамогай матэматычных метадаў, якімі апрацоўваюцца вынікі назіранняў, навукоўцы выяўляюць заканамернасці, робяць высновы, складаюць прагнозы.

— Матэматычныя веды і ўменні дапамагаюць працаваць з лічбавым матэрыялам, адлюстраваным у выглядзе графікаў, дыяграм, кліматаграм, статыстычных табліц і тэматычных карт, — расказвае Т.В.Астапук. — Так, каб атры­маць інфармацыю пра тэмпературу па месяцах, колькасць ападкаў на працягу года і па месяцах, дзеці вучацца чытаць графікі ходу тэмпературы, слупковыя дыяграмы і кліматычныя карты, на аснове даных якіх вызначаюць тып клімату тэрыторыі, аналізуюць і абагульняюць матэрыял, робяць высновы. 

Школьнікі займаюцца эксперыментальнай, даследчай і пошукавай дзейнасцю, выконваюць розныя вылічэнні, будуюць графікі, дыяграмы і табліцы, звязаныя з вывучэннем міграцыйных працэсаў і дэмаграфічных змен, дынамікі прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці і інш. Так, пры вывучэнні тэмы “Маштаб” дзеці працуюць з геаграфічнай картай Беларусі, вымяраюць па ёй адлегласць ад Мінска да абласных цэнтраў. Вызначаючы адлегласць паміж двума пунктамі, адлюстраванымі на тапаграфічных картах з рознымі маштабамі, вучні вымяраюць даўжыню дугі экватара/мерыдыяна ў 150, 300, 450 на глобусе 1:50000000, даўжыню дугі паралелей у 150, 300, 450 на шыраце 500, 600, 700, плошчу ўчастка ў см2 на карце 1:10000, калі на мясцовасці яна складае 18 га, лінейны маштаб плошчы карты, калі мясцовасць у 360 га займае на ёй 10 см2 карты.

Настаўніца выкарыстоўвае міжпрадметныя сувязі з мэтай  вывучэння, замацавання і абагульнення матэрыялу па пэўнай тэме, чаргуе розныя віды дзейнасці з прымяненнем тэхнічных сродкаў, уключае ў кожны ўрок элементы займальнасці для зніжэння эмацыянальнай нагрузкі, лепшага засваення новых тэрмінаў і паняццяў.

— Для павышэння цікавасці вучняў і лепшага запамінання аб’ёмнага матэрыялу звяртаюся да тэхнікі запамінання лічбавага матэрыялу, напрыклад, звязаць усё з адной з лічбаў 1, 2, 3… — гаворыць Т.В.Астапук. — У пачатку ўрока ці для праверкі дамашняга задання выкарыстоўваю прыём лічбавай дыктоўкі, які за некалькі хвілін выяўляе праблемы, звязаныя з засваеннем пэўнага матэрыялу ці пэўнай тэмы. Прапаноўваю вучням набор сцвярджэнняў (правільных і не), складзены на матэрыяле тэмы, якая вывучаецца. Так, калі праводжу апытанне ў вуснай форме, дзеці сігналізу­юць аб сваёй згодзе ці нязгодзе з дапамогай спецыяльных сігнальных картак “1” і “0”, калі ў пісьмовай — вучні выпісваюць нумары правільных сцвярджэнняў. У адказе атрымліваецца ланцужок з лічбаў. Напрыклад: 1. Да ўнутраных вод адносяцца моры, рэкі, азёры, леднікі, балоты і штучныя вадаёмы. 2. Размеркаванне рачной сеткі залежыць ад рэльефу і кліматычных умоў. 3. Большасц­ь рэк Афрыкі адносіцца да басейна Індыйскага акіяна. 4. Самая паўнаводная рака Афрыкі — Замбезі. 5. Вадаспад Вікторыя на рацэ Замбезі быў адкрыты англійскім падарожнікам Лівінгстонам. 6. Другая рака Афрыкі — Нігер — паўнаводная круглы год і двойчы перасякае экватар. Адказы: 0, 1, 0, 0, 1, 0.

Лічбавая дыктоўка выкарыстоўваецца пры абагульненні вывучанага матэрыялу для трэніроўкі навыкаў ліку. Заданні складаюцца з 5—7 этапаў, кожны з якіх — прыклад на арыфметычнае дзеянне, што адлюстроўвае паняційны апарат матэрыялу, які вывучаецца. Вучні запісваюць толькі лічбы і дзеянні з імі. Напрыклад: 1. Да ліку ўсіх акіянаў дадайце колькасць усіх мацерыкоў Зямлі (4+6). 2. Колькасц­ь мацерыкоў, якія перасякаюцца экватарам, падзяліце на колькасць мацерыкоў, якія абмываюцца адразу ўсімі акіянамі (2:1). 3. Ад колькасці літар у слове, якое абазначае гіганцкую глыбу лёду ў акіяне, адніміце колькасць мацерыкоў, назвы якіх пачынаюцца на літару “а” (7-3).

Для вызначэння і аднаўлення лінейнай лагічнай сувязі паміж пералічанымі словамі/дзеяннямі настаўніца прымяняе прыём “адрамантуй ланцужок”. Так, пры вывучэнні тэмы “Паўднёвая Амерыка” педагог прапаноўвае размясціць факты ў лагічнай паслядоўнасці: 1. Цёплыя цячэнні ўзмацняюць вільготнасць паветра. 2. Мацярык Паўднёвая Амерыка добра награваецца. 3. Анды садзейнічаюць выпадзенню вільгаці з паветраных мас, якія прыносяцца з акіяна. 4. Ціск на мацерыку ніжэйшы, чым над акіянам, з якога вятры прыносяць шмат вільгаці. Адказы: 2 — 4 — 1 — 3.

Пры вывучэнні тэмы “Егіпет” Т.В.Астапук прапаноўвае вучням знайсці сэнсавыя пары/тройкі: Чырвонае мора — Міжземнае мора; пустыня — аазіс; піраміды — ГЭС. Вывучаючы тэму “Афрыка”, дзеці рашаюць/складаюць сэнсавыя прапорцыі: “Мадагаскар — востраў, Афрыка — … (мацярык)”, “Еўразія абмываецца 4 акіянамі, Афрыка — …”; “Еўразія — першы па плошчы мацярык, Афрыка — …”, “Еўразія — мыс Піяй (паўднёвы), Афрыка — …”, “Беларусь — рубель, Егіпет — …”, “Вярблюд — пустыня, зебра — …”, “Мелкае — Чад, глыбокае — …”.

Для рашэння/складання сэнсавых ураўненняў з двума невядомымі настаўніца прапаноўвае заданні: “ … на Зямлі 6, а акіянаў на Зямлі … ”; “ … вымяраецца анемометрам, а глыбіня мора …”.

Вучні разглядаюць табліцы, суадносяць літары і лічбы, каб аднавіць сцвярджэнне, пагадзіцца з ім ці абвергнуць яго.

 

а

г

 

р

о

я

р

з

ф

к

и

а

т

г

ы

к

е

и

а

 

2

10

 

3

12

6

14

7

16

1

17

15

4

13

8

9

11

18

5

Адказ: “Карта — язык географии”.

Прыём “аднаві сэнс лічбаў” дапамагае “алічбаваць” геаграфічны працэс, аб’ект, з’яву: 6 — колькасць мацерыкоў на Зямлі; 1606 — год адкрыцця Аўстраліі; 40 000 — даўжыня экватара.

— Навучыць школьнікаў карыстацца геаграфічнай картай ці планам мясцовасці без элементарных матэматычных ведаў і навыкаў немагчыма, — адзначае Т.В.Астапук. — Сувязь матэматыкі і геаграфіі праўляецца ў геаграфічных задачах на вызначэнне адлегласцей па карце і маштабе, вылічэнне вышыні гары па тэмпературных градыентах ці градыентах ціску, разлікі па дэмаграфічных паказчыках і інш. Напрыклад, вучні вызначаюць азёры па каардынатах з дапамогай карты: а) 0о ш., 33о у.д.; б) 47о паўн.ш., 90о з.д. Школьнікі рашаюць задачы з геаграфічным зместам на аснове вывучаных алгарытмаў: “Даследчыкі ўзняліся ў паветра на паветраным шары на вышыню 1,5 км. Тэрмометр паказаў 0о. Якая tо на Зямлі?”; “Вызначыць колькасц­ь насельніцтва ў краіне на канец года, калі на яго пачатак яна складала 10 480 чалавек. Вядома, што за год у краіне нарадзіліся 112 тысяч чалавек, а смяротнасць склала 9,1 праміле (адказ — 10 497)”.

Па словах Т.В.Астапук, міжпрадметныя сувязі дазваляюць вырашыць шэраг педагагічных задач па развіцці пазнавальнай цікавасці і важных кампетэнцый. Геаграфія і матэматыка дапамагаюць адна адной. Так, вучні ўме­юць чытаць план мясцовасці (вызначаць азімуты, абсалютныя і адносныя велічыні, адлегласці), вызначаць маштаб, пераводзіць яго з аднаго віду ў іншы, праца­ваць з компасам і планам мясцовасці пры чытанні картаграфічнай інфармацыі, вызначаць адлегласці па картах і глобусе, геа­графічныя каардынаты, наносіць геаграфічныя аб’екты па зада­дзеных каардынатах на контурную карту, складаць графікі ходу тэмпературы, ружы вятроў, вылічваць сярэднія тэмпературы і амплітуды тэмператур, апісваць кліматычныя паясы па кліматаграмах, вызна­чаць па карце глыбіні і працягласці акіянаў з поўначы на поўдзень і з захаду на ўсход, выкарыстоўваць розныя крыніцы інфармацыі для параўнання колькасных паказчыкаў розных дзяржаў і тэрыторый, рашаць задачы на вызначэнне змен колькасці насельніцтва з улікам нараджальнасці, смяротнасці і міграцыі, будаваць структурныя дыяграмы па статыстычных даных і інш. Дзякуючы міжпрадметным сувязям, павысілася якасць ведаў школьнікаў. Вучні актыўна ўдзельнічаюць у конкурсах, алімпіядах, даследчай дзейнасці, экалагічным руху.

Сёння Т.В.Астапук працуе над рэалізацыяй міжпрадметных сувязей геаграфіі і інфарматыкі.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.