×

Графічны метад: цікава і эфектыўна

10.09.2019 12:26,

Фізіка займае асаблівае месца сярод школьных дысцыплін, якія фарміруюць уяўленне пра навуковую карціну свету. Паспяховае вывучэнне гэтага прадмета магчыма толькі тады, калі педагог выкарыстоўвае формы работы, здольныя зацікавіць дзяцей, стымуляваць іх пазнавальную цікавасць.

Настаўніца фізікі і астраноміі Алена Сямёнаўна Скібіцкая з брэсцкай сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава асаблівую ўвагу ўдзяляе графічнаму метаду пры рашэнні задач.

— Графічны метад — неабходная ўмова для асэнсаванага засваення вучнямі фізічных асноў, — гаворыць Алена Сямёнаўна. — Адзін з заснавальнікаў савецкай методыкі выкладання фізікі ў школе аўтар шматлікіх фундаментальных прац у гэтым кірунку Пётр Аляксеевіч Знаменскі пісаў: “Графічны метад ахоплівае розныя графічныя выявы, пачынаючы ад дыяграм і графікаў фізічных законаў у прамавугольнай сістэме каардынат і заканчваючы манаграфіяй, а таксама геаметрычныя пабудовы, якія прымяняюцца ў механіцы (графастатыцы), тэрмадынаміцы, вучэнні аб палях, оптыцы, будове атама”. Сёння графічнае ўяўленне інфармацыі набывае асаблівае значэнне. Чалавек, які валодае графічнай мовай, пры чытанні малюнка, чарцяжа, графіка, аформленых у выглядзе графічных сімвалаў, можа атрымаць даволі вялікія звесткі аб прадмеце.

А.С.Скібіцкая лічыць, што выкарыстанне графікаў дазваляе ўсвядомлена засвойваць вучэбны матэрыял, больш дакладна разумець фізічныя законы. Графічнае ўяўленне фізічнага працэсу робіць яго больш наглядным і тым самым аблягчае разгляд пэўнай з’явы, развівае абстрактнае мысленне, інтуіцыю, уменні аналізаваць і параўноўваць, знаходзіць рацыянальны спосаб рашэння задач. 

На сваіх уроках Алена Сямёнаўна актыўна працуе з графікамі. Пад кіраўніцтвам педагога вучні будуюць іх, рашаюць задачы графічным спосабам, адлюстроўваюць вынікі вымярэнняў пры выкананні лабараторных і практычных работ у графічнай форме.

— Тэма “Цеплавыя з’явы”, якая выкладаецца ў 8 класе, вельмі важная ў школьным курсе фізікі, бо дапамагае зразумець многія яе законы, — адзначае настаўніца. — Цеплавыя з’явы — гэта з’явы, пры якіх целы награваюцца ці астываюць (мяняецца іх тэмпература), пераходзяць з аднаго агрэгатнага стану ў іншы. Пры рашэнні задач, звязаных з такімі з’явамі, графікі даюць вялікае нагляднае ўяўленне: бачны тэмпературы цел, колькасць неабходных формул, агрэгатны стан рэчыва і інш. Пабудова адпаведных графікаў аблягчае засваенне атрыманай інфармацыі, а паэтапны аналіз графічных выяў вучыць чытаць і будаваць графікі, фарміруе фізічныя паняцці. Графічны спосаб адлюстравання вынікаў мадэлявання дазваляе засвоіць вялікі аб’ём інфармацыі.

Спачатку педагог рашае з вучнямі нескладаныя задачы, дзе ў цеплаабмене ўдзельнічаюць два целы і ніводнае з іх не плавіцца. Далей задачы ўскладняюцца: у цеплаабмене ўдзельнічаюць некалькі цел, некаторыя з якіх плавяцца, выпараюцца. З дапамогай графікаў школьнікі ўяўляюць пастаўленую фізічную задачу наглядна. Пасля работы з графічнай выявай фізічных працэсаў вучні рашаюць задачы высокага ўзроўню, у тым ліку з каэфіцыентам карыснага дзеяння.

— Графічны метад дазваляе дасягнуць добрых вынікаў пры праходжанні розных тэм на этапе вывучэння, замацавання, сістэматызацыі і абагульнення матэрыялу, — гаворыць Алена Сямёнаўна. — Праверачныя работы паказваюць, што да гэтага метаду актыўна звяртаюцца дзеці, якія вучацца на 6—10 балаў. Школьнікі эфектыўна прымяняюць атрыманыя веды для тлумачэння прыродных з’яў і працэсаў пры рашэнні практыка-арыентаваных задач. Даволі паспяхова школьнікі ўдзель­нічаюць у алімпіядным руху.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.