×

Іх подзвіг мы ў сэрцы захаваем

27.01.2020 15:40,

Мінулае ніколі не праходзіць бясследна, асабліва калі звязана з вайной, няхай і не перажытай самім, а зведанай, на шчасце, з кніг, кінафільмаў і ўспамінаў родных і ветэранаў.

Вялікая Айчынная вайна — гэта балючыя доўгія 1418 дзён, страты і ахвяры, гераічная барацьба, цяжкія дарогі выпрабаванняў, якія нельга забыць. Каб глыбей адчуць шчасце заваяванага міру, бабрыкоўскія школьнікі прынялі ўдзел у конкурсе “Іх подзвіг мы ў сэрцы захаваем”, які прайшоў у рамках фестывалю талентаў. Конкурс праводзіўся ў 5 намінацыях: “Ваша слава стане абеліскам”, “Дарогамі вайны”, “Рэдкія фотаздымкі перыяду Вялікай Айчыннай вайны”, “Ліст пераможцу” і “Дарогамі Афганістана”. Конкурсныя работы вучняў 5, 7—11 класаў былі прадстаўлены ў форме мобіфільма. 

Вельмі цікавай атрымалася работа “Вайна. Перамога. Памяць”, выкананая пяцікласнікамі пад кіраўніцтвам класнага кіраўніка А.В.Карпучык. Вучні расказалі пра помнікі і абеліскі на тэрыторыі Бабрыкоўскага сельвыканкама.

Вялікая ўвага ўдзялялася вайне ў Афганістане. Сямікласнікі пад кіраўніцтвам класнага кіраўніка С.М.Завадскай запісалі ўспаміны ўдзельніка вайны і праз тэатралізацыю паказалі ўрывак баявых дзеянняў.

Памяць павінна быць актыўнай. Тады яна не пакіне чалавека абыякавым і бяздзейным. Наша мерапрыемства стала данінай павагі і ўдзячнасці героям вайны, тым, хто абараніў мір. Будзьма прадаўжальнікамі іх слаўных спраў, захаваем памяць пра іх подзвіг дзеля жыцця на зямлі!

Галіна ЗАВАДСКАЯ,
педагог-арганізатар Бабрыкоўскай сярэдняй школы Пінскага раёна.