×

“Калейдаскоп гісторый”

04.01.2020 12:12,

для аўтаматызацыі гукаў [ш] і [ж]

З-за ўстойлівага павелічэння колькасці дзяцей з парушэннямі гукавымаўлення праблема карэкцыі маўлення асабліва актуальная. Пры фарміраванні правільнага гукавымаўлення выконваю шэраг агульных патрабаванняў да арганізацыі паслядоўнай лагапедычнай работы. Даволі часта самым цяжкім і працяглым для дзяцей з’яўляецца этап аўтаматызацыі пастаўленых гукаў, паколькі ўяўляе сабой замацаванне ўмоўна-рэфлекторных маўленчарухальных сувязей на маўленчым матэрыяле, а ў дашкольнікаў недастаткова матывацыі для ўсвядомленага выпраўлення парушэнняў гукавымаўлення. Мая задача — усемагчымымі спосабамі аблегчыць дзецям работу па ўвядзенні новага гука ў маўленне.

З мэтай павышэння эфектыўнасці карэкцыйна-педагагічнай работы па аўтаматызацыі гукаў [ш] і [ж] у словах распрацавала альбом “Калейдаскоп гісторый”, які ўяўляе сабой падборку яркіх каляровых сюжэтных карцінак фармату А4 з гульнявымі заданнямі на ліпучках. Да кожнай карцінкі распрацаваны гульнявы сюжэт, падабраны наглядны матэрыял для аўтаматызацыі гукаў [ш] і [ж] у розных фанетычных пазіцыях: у пачатку, сярэдзіне і канцы слова, у словах са збегам зычных. Прапанаваны маўленчы матэрыял згрупаваны ў залежнасці ад пазіцыі гука, які аўтаматызуецца ў слове, прадугледжвае складаную складовую структуру слоў і наяўнасць тых гукаў, якія не выклікаюць цяжкасцей у вымаўленні. У першую чаргу адпрацоўваюцца словы, што складаюцца з двух прамых складоў (шына). Далей колькасць складоў павялічваецца (машына), пасля чаго ўводзяцца словы са збегам зычных. Маўленчы матэрыял прадстаўлены пераважна назоўнікамі ў назоўным склоне адзіночнага ліку, ра­дзей — множнага.

Гульні ўтрымліваюць гульнявыя сітуацыі з пэўным зместам і правіламі паводле сюжэтаў казак і мультфільмаў. Дзякуючы займальнасці дзеянняў, дзеці незаўважна для сябе атрымліваюць пэўныя звесткі і ўменні. Працуючы з дапаможнікам, выкарыстоўваю прыёмы адлюстраванага паўтарэння і самастойнага называння слоў па карцінках. Даволі эфектыўныя гульні-хадзілкі, задача якіх заключаецца ў адгадванні, пошуку і называнні чаго-небудзь, аказанні дапамогі героям падчас руху па слядах-разгадках з выявамі прадметаў з зададзеным гукам. Так, па ўмовах гульні “Маша шукае Мішу” дзеці дапамагаюць Машы знайсці па карцінках-падказках яе сябра Мішу, які, хаваючыся ў спешцы, раскідаў рэчы. У гульні “Сышчыкі Крош і Вожык” дзеці гуляюць у сышчыкаў, якія па карцінках —кропельках мёду шукаюць згубленую бочачку мёду. Задача дзяцей — знайсці неабходны доказ, правільна назваць карцінку, сабраць карцінкі на ліпучках.

Для павышэння цікавасці да маўленчага матэрыялу па аўтаматызацыі гукаў [ш] і [ж] у сярэдзіне і канцы слоў, развіцця ўстойлівай увагі выкарыстоўваю гульнявыя сюжэты з прымяненнем разразных карцінак, накладзеных выяў і інш. Так, у гульні “Віні-Пух ідзе на дзень нараджэння” адзін персанаж нясе другому ў падарунак паветраныя шарыкі. Але іх хтосьці пракалоў. Шарыкі трэба заклеіць. Віні-Пуху неабходна дапамога. Дзеці падбіраюць латку да кожнага шарыка і называюць карцінкі, адлюстраваныя на ёй.

Паводле сюжэту гульні “Прынцэса знікла”, злая чараўніца схавала прынцэсу ў зачараваным замку. Трэба дапамагчы прынцу адчыніць зачараваныя дзверы. Дзеці называюць прадметы на накладзеных выявах.

У гульні “Люстэрка Снежнай каралевы” Снежная каралева разбівае чароўнае люстэрка, з-за чаго Кай з Гердай не могуць вярнуцца дамоў. Ім трэба скласці асколкі люстэрка. Дзеці складваюць разразную карцінку і называюць прадметы, адлюстраваныя там.  

Дашкольнікі выконваюць гэтыя гульнявыя заданні з лёгкасцю і захапленнем. Падчас іх замацоўваецца правільнае вымаўленне, развіваюцца зрокавае ўспрыманне і зрокава-маторная каардынацыя. 

Кожная разгаданая “таямніца” — вялікая перамога для дзяцей. Яны любяць разгад­ваць “таямніцы” самі, а не атрымліваць гатовыя адказы. З гэтай мэтай звяртаюся ў гульнях да сама- і ўзаемакантролю. А станоўчыя эмоцыі і вясёлы характар гульняў дапамагаюць хутчэй дасягнуць неабходнага выніку.

Алена КРАЎЧУК,
настаўнік-дэфектолаг Драгічынскага раённага ЦКРНіР.