×

Калейдаскоп школьнага жыцця

14.11.2019 12:15,

Падрыхтоўка сацыяльна актыўнай і інфармацыйна дасведчанай асобы — адна з актуальных задач сучаснай школы ў лічбавую эпоху. Фарміраваць неабходныя кампетэнцыі ў вучняў дапамагаюць школьныя сродкі масавай інфармацыі, якія не толькі адлюстроўваюць важныя падзеі з бягучага жыцця ўстаноў адукацыі, але і захоўваюць памяць пра любімых настаўнікаў, цікавыя гісторыі і яркія дзіцячыя ўражанні.

На працягу 15 гадоў у сярэдняй школе № 3 Івацэвіч выхо­дзіць газета “Перапынак”, стваральнікам і кіраўніком якой з’яўляецца настаўніца інфарматыкі Людміла Мікалаеўна Бахур. На штотыднёвых сходах рэдкалегіі вызначаецца тэматыка будучых нумароў, уводзяцца новыя і замацоўваюцца асноўныя рубрыкі за пэўнымі журналістамі, размяркоўваюцца заданні для юнкараў і мастакоў, зацвярджаюцца пытанні для статыстычных апытанняў і інш. Вучні з цікавасцю сочаць за кожным выпускам газеты.

5 гадоў у школе пад кіраўніцтвам настаўніцы інфарматыкі Вікторыі Сяргееўны Шатавай дзейнічае тэлекампанія “Стоп-кадр”, якая рыхтуе штомесячныя выпускі навін. У іх адлюстроўваюцца яркія моманты школьнага жыцця: святы, сустрэчы, вечарыны, акцыі, канцэрты, конкурсы, інтэрв’ю з педагогамі і вучнямі і інш.

— У аснове работы тэлекампаніі — праектная дзейнасць школьнікаў, якая дазваляе фарміраваць іх актыўную, самастойную і ініцыя­тыўную пазіцыю па розных пытаннях, важныя ўменні і кампетэнцыі, развіваць пазнавальныя інтарэсы, — расказвае В.С.Ша­тава. — Усю работу над падрыхтоўкай тэлематэрыя­лаў ажыццяўляюць вучні. Педагогі выконваюць ролю куратараў і памочнікаў. 

Кожны навучальны год у скла­дзе  школь­най тэлекампаніі працу­юць 12 чалавек з ліку вучняў 7—10 класаў: вядучыя, карэспандэнты, дыктары, аператары і мантажоры. Працуючы над рэальным тэлевізійным прадуктам, дзеці адначасова авалодваюць пэўнымі прафесійнымі навыкамі. Калектыўныя работа з часавымі абмежаваннямі накладвае на вучняў вялікую адказнасць за выкананне ўзятых абавязацельстваў. Але дзеці паспяхова з імі спраўляюцца.

У бягучым навучальным годзе змяніліся праграма і падыходы да выпускаў школьных навін, да якіх далучыліся новыя вучні. Школьнае тэлебачанне ў пастаянным пошуку новага і цікавага.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.