×

Кампетэнцыі — для вырашэння актуальных праблем

25.02.2020 14:40,

Англійская мова валодае вялікім патэнцыялам у фарміраванні ключавых кампетэнцый, паколькі мова з’яўляецца адным з важных сродкаў пазнання навакольнага свету. Ад педагогаў патрабуецца арганізацыя кампетэнтнаснага падыходу да навучання, які ляжыць у аснове любой прафесійнай дзейнасці.

Вучэбна-пазнавальная кампетэнцыя ўключае элементы лагічнай, метадалагічнай і агульнавучэбнай дзейнасці. Рэалізацыя гэтай кампетэнцыі пераклікаецца з тэхналогіяй развіццёвага навучання, фарміраваннем навыкаў вучэбнай дзейнасці. Метад поўнага фізічнага рэагавання (TPR — Тotal Physical Response) — адзін з эфектыўных метадаў рэалізацыі вучэбна-пазнавальнай кампетэнцыі ў пачатку навучання. Ён не толькі дапамагае данесці неабходную інфармацыю дзецям, але і спрыяе засваенню яе праз асноўныя каналы ўспрымання: зрокавы, слыхавы, кінестэтычны. На занятках, дзе выкарыстоўваецца метад TPR, вучні не проста слухаюць маўленне педагога, а непасрэдна ўдзельніча­юць у ім. Гэтаму дапамагаюць песні з рухамі, вершы з мімікай і жэстамі, інсцэніроўкі кароткіх гісторый, флэш-карткі (Point to…!, Mime the flashcard, What’s missing?, Magic eye, Guess the flashcard), гульні з выявамі слоў і жэстамі, фізкульт­хвілінкі.

Інфармацыйная кампетэнцыя прадугледжвае гатоўнасць да работы з інфармацыяй і ўключае яе збор, інтэрпрэтацыю, сістэматызацыю, ацэнку і аналіз з пазіцыі задачы, якая вырашаецца, здольнасць структураваць гэтую інфармацыю і прэзентаваць у розных формах. Інфармацыйная кампетэнцыя фарміруецца з дапамогай заданняў, накіраваных на пошук інфармацыі ў даведачнай літаратуры і інтэрнэце, падчас апытанняў і работы з першакрыніцамі, выкананне заданняў з празмернай інфармацыяй, заданняў, звязаных з яе ўпарадкаваннем (выбудоўваннем лагічных, прычынна-выніковых сувязей, храналогіі), інтэрпрэтацыяй, аналізам і абагульненнем. Дзеці складаюць планы, пытанні, дыяграмы, схемы, графікі і табліцы да тэкстаў, рыхтуюць даклады і паведамленні па розных тэмах, плакаты, прэзентацыі, вучэбныя дапаможнікі, стэнды, насценгазеты. 

Камунікатыўная кампетэнцыя — гэта гатоўнасць да зносін з іншымі людзьмі з улікам этычных правіл і норм, уменне аргументавана выказваць у культурнай форме ўласныя меркаванні, нала­джваць эфектыўныя маўленчыя зносіны і інш. Гэтую кампетэнцыю фарміру­юць розныя формы вучэбнага дыялогу, ролевыя гульні, вучэбныя даследаванні, праекты, апытанні, гутаркі, пісьмы і сачыненні, абмеркаванні і дыскусіі, выступленні пры абароне рэфератаў і ў якасці вядучых на мерапрыемствах, нататкі і артыкулы на інтэрнэт-форумах. Вучні з задавальненнем вызнача­юць сацыяльныя ролі і вядуць дыялогі па розных тэмах: “За сталом” (госць — гаспадар), “У магазіне” (прадавец — пакупнік), “На вуліцах горада” (мясцовы жыхар — прыезджы) і інш. Такія заданні добра развіваюць вуснае маўленне ў цэлым і маўленчыя клішэ сацыякультурнага характару ў прыватнасці, крэатыў­насць, вучаць знаходзіць выйсце са становішча ва ўмовах дэфіцыту моўных сродкаў пры атрыманні / перадачы інфармацыі.

Пра сфарміраваную камунікатыўную кампетэнцыю ў пісьмовым маўленні можна гаварыць тады, калі вучні здольны запоўніць анкету ці напісаць пісьмо. У старшых класах заданні ўскладняюцца. Цяпер вучні павінны ўмець не толькі паведаміць пра сябе, але і падабраць цікавыя звесткі, неабходныя суразмоўніку. Так, дзесяцікласнікі вучацца складаць рэзюмэ.

Сацыякультурная кампетэнцыя — гэта ўменне будаваць маўленчыя паводзіны ў адпаведнасці з нацыянальна-культурнымі, прыродна-кліматычнымі, эканамічнымі і грамадска-палітычнымі асаблівасцямі іншай краіны, спецыфікай маўленчых паводзін носьбітаў мовы, правіламі маўленчых і немаўленчых паводзін у тыповых сітуацыях зносін, нацыянальнай псіхалогіяй і інш. Для гэтага імітуюцца замежныя традыцыі (святы, касцюмы, віншавальныя паштоўкі) і сітуацыі зносін (дыялог з замежным равеснікам), дэманструюцца тэматычныя ілюстрацыі, развучваюцца вершы і песні, праводзяцца ролевыя (“У магазіне”, “У гасцях”, “У чужым горадзе”, “Школа”) і лексічныя (напрыклад, для трэніроўкі па ўжыванні назоўнікаў, лічэбнікаў і прыметнікаў) гульні, арганізоўваецца праектная дзейнасць, выкарыстоўваюцца аўдыя- і відэаматэрыялы, ла­дзяцца краіназнаўчыя хвілінкі. 

Гэтыя кампетэнцыі дапамагаюць вучням самастойна дзейнічаць у сітуацыях нявызначанасці пры вырашэнні актуальных праблем. Дзякуючы кампетэнтнаснаму падыходу ў навучанні, павышаецца матывацыя да авалодання новымі ведамі, забяспечваецца адзін­ства вучэбнага і выхаваўчага працэсу. 

Ірына КНЯЗСКАЯ,
настаўніца англійскай мовы гімназіі Ганцавіч.