×

Каштоўнасць інтэрактыўнай дошкі

20.08.2019 12:21,

З’яўляючыся мультымедыйным інструментам, інтэрактыўная дошка дазваляе дэманстраваць і ствараць розныя прэзентацыі і практыкаванні, працаваць з электроннымі сродкамі навучання, трэнажорамі, апрацоўваць інфармацыю непасрэдна падчас паказу (наносіць паметкі, каменціраваць, уносіць праўкі, рэдагаваць, групаваць матэрыял па неабходных крытэрыях), захоўваць матэрыял з магчымасцю вярнуцца да яго пры неабходнасці.

Часцей за ўсё выкарыстоўваю інтэрактыўную дошку для паказу прэзентацый. Яны дазваля­юць эканоміць час, інтэнсіфікаваць і аптымізаваць матэрыял урока. Прэзентацыя на інтэрактыўнай дошцы — гэта не проста дэманстрацыя вучэбнага матэрыялу, а пляцоўка для ўзаемадзеяння ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу, іх праблемна-пошукавай і творчай работы. Змена слайдаў дазваляе хутка (без папярэдняй падрыхтоўкі дошкі) змяняць від дзейнасці вучняў.

На адной старонцы (слайдзе) дошкі можна размясціць розны матэрыял, дыферэнцыраваны па ўзроўні складанасці. Так, пры падагульненні вывучанага па тэме “Назоўнік” звяртаюся да відэасюжэта — фрагмента мультфільма “Трям! Здравствуйте!” з музыкай, але без слоў. Вучні агучваюць яго, выкарыстоўваючы назоўнікі розных скланенняў.

Пры вывучэнні тэмы “Колькасныя лічэбнікі два, дзве, тры, чатыры, іх ужыванне” прапаноўваю шасцікласнікам, перайшоўшы па спасылцы на старонку “Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў” І.Я.Лепешава, назваць фразеалагізмы з лічэбнікамі і растлумачыць іх значэнне. З гэтага задання “вырасла” даследчая работа Дар’і Масяйчук “Фразеалагізмы з лічэбнікамі”, адзначаная дыпломам І ступені на раённай навукова-практычнай канферэнцыі і пахвальным водзывам на абласной канферэнцыі.

Адным з галоўных інтэрактыўных інструментаў з’яўляецца маркер, які дазваляе працаваць з тэкстам, практыкаваннямі, схемамі, табліцамі, крыжаванкамі (выдзеліць колерам самае важнае, абазначыць сувязі паміж словамі, зрабіць запісы або паметкі зверху напісанага, уставіць літары, расставіць знакі прыпынку, націскі, падкрэсліць члены сказа, скласці схемы сказа, выканаць марфемны разбор, абвесці або выкрасліць лішняе (гульня “Чац­вёртае лішняе”), выдзеліць галоўнае, выправіць памылкі (гульня “Карэктар”). Так, пры вывучэнні тэмы “Лічэбнік як часціна мовы” прапаноўваю вучням закрэсліць словы, якія не з’яўляюцца лічэбнікамі, і патлумачыць свой выбар: два, двойчы, другая, двойка, двайны, падвоіць, дваццаць другі, двухпавярховы, дзве тысячы, двухтысячны. Пры вывучэнні тэмы “Род назоўнікаў” вучні шукаюць і выпраўляюць памылкі ў словазлучэннях (новая шынель, злая сабака, чырвоны гваздзік, моцная боль, бярозавы гай, горкая палын, чырвоны яблык, акуратная запіс, прыгожы зал), пасля чаго тлумачаць іх.

Правяраючы дамашнюю работу, прапаноўваю знайсці чацвёртае (трэцяе) лішняе, уставіўшы прапушчаныя літары (раскрыўшы дужкі, выправіўшы памылкі). Калі дзеці не могуць здагадацца, пытаюся, якое слова будзе лішнім з пункту гледжання яго будовы, разраду, тыпу асновы, правапісу і г.д.

Да вызначэння мэт і задач дзейнасці стараюся падвесці так, каб вучні змаглі іх самастойна сфармуляваць. Для гэтага практыкую праблемныя сітуацыі. Так, пры вывучэнні тэмы “Утварэнне, скланенне і правапіс прыналежных прыметнікаў” прапаноўваю ад назоўнікаў, размешчаных на слайдзе інтэрактыўнай дошкі (кніга Аленкі, сшытак Васі, сябры Пеці), утварыць прыналежныя прыметнікі. Усе варыянты запісваю маркерам у адпаведную калонку. Пытаюся, чаму ёсць разыходжанні ў напісанні, якіх ведаў не хапае для выканання гэтага задання. Вучні з маёй дапамогай фармулююць тэму і вызначаюць задачы на ўрок: даведацца пра спосаб утварэння прыналежных прыметнікаў, навучыцца правільна пісаць іх суфіксы, ужываць ва ўласным маўленні. Напрыканцы ўрока вяртаемся да гэтага слайда і тлумачым усе памылкі.

Інтэрактыўная дошка дапамагае арганіза­ваць сама- і ўзаемаправерку практычных і самастойных работ праз паказ правільнага варыянта на наступным слайдзе. На гэтым этапе часта прымяняю прыём “чароўны квадрацік”, які дазваляе даволі хутка праверыць веды вучняў падчас праверкі дамашняга задання, замацавання і кантролю. Так, на першым слайдзе даю заданне, якое патрабуе кароткага адказу (1—2 літары). Дзеці выконваюць заданне на сваіх квадраціках, потым правяраюць з дапамогай другога слайда.

Зваротны займеннік сябе

Замест пропускаў устаўце а або я, каб займеннік сябе ўжываўся ў атрэбнай форме. 

  1) паглядзі на с_бе;

  2) трэба паважаць с_бе;

  3) не хвалі с_бе;

  4) пакінуць с_бе на памяць;

  5) раскажы пра с_бе;

  6) прыйсці ў с_бе;

  7) даў с_бе слова;

  8) клапаціўся пра с_бе;

  9) не пабяжыш ад с_бе;

10) сам па с_бе;

11) не памятаць с_бе;

12) прыйсці ў с_бе;

13) дараваць с_бе;

14) выбраў для с_бе;

15) шкадаваць с_бе;

16) браць праз с_бе.

 я

 я

 я

 а

 я

 я

 а

 я

 я

10 а

11 я

12 я

13 а

14 я

15 я

16  я

 Варты ўвагі інтэрактыўны інструмент “Шторка”. Вучэбны матэрыял (напрыклад, табліца ці схема) можа хавацца напалову ці на нейкую частку. Перасоўваючы шторку ў любым кірунку (злева направа або справа налева, зверху ўніз або знізу ўверх), кірую ўвагай і пазнавальнай дзейнасцю вучняў, пры якой веды падаюцца не ў гатовым выгля­дзе, а становяцца вынікам самастойнага адкрыцця. Гэты прыём незаменны на этапах замацавання і праверкі. Правільны адказ схаваны за шторкай. Вучні выконваюць заданне самастойна, потым шторка адкрываецца і выконваецца сама- або ўзаемаправерка задання. Часта выкарыстоўваю інструмент “Шторка” для праверкі лінгвістычных дыктовак.

Падчас праверкі дамашняга задання, замацавання новага матэрыялу і кантролю засваення выкарыстоўваю гатовыя інтэрактыўныя тэсты і трэнажоры, створаныя калегамі. Звяртаюся да электронных адукацыйных рэсурсаў Нацыянальнага адукацыйнага партала (http://e-vedy.adu.by), матэрыялаў блога “Інтэрактыўныя гульні па беларускай мове і літаратуры (http://intgulni.blogspot.com.by), інтэрактыўных практыкаванняў сайта https://learningapps.org і інш. Некаторыя інтэрактыўныя заданні і гульні па марфалогіі для 6 класа стварыла сама з дапамогай гатовых шаблонаў для анлайн-практыкаванняў Learning Apps (http://learningapps.org/user/mila_sheika).

Дзякуючы інтэрактыўным заданням, адразу бачны ўзровень засваення тэмы. Параўноўваючы свае дасягненні з вынікамі аднакласнікаў, вучні не мо­гуць заставацца не зацікаўленымі ў паспяховай вучэбнай дзейнасці. Да таго ж яны могуць працаваць з гульнямі і трэнажорамі дома, карыстаючыся прапанаванымі спасылкамі. Дзеці прывыкаюць шукаць не гатовы адказ (які часта прапаноўвае інтэрнэт), а самастойны, вучацца на сваіх памылках.

Нельга сказаць, што дзякуючы інтэрактыўнай дошцы палепшыліся вынікі навучання ва ўсіх школьнікаў, але яны сталі больш зацікаўленымі і матываванымі да пазнавальнай дзейнасці. Падрыхтоўка да ўрокаў з выкарыстаннем інтэрактыўнай дошкі па­трабуе значнага часу і работы настаўніка. Варта спалучаць розныя тэхналогіі, метады і прыёмы навучання на ўроку.

Людміла ШЭЙКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Жабінкі.