×

Каштоўнасць праблемнага навучання

27.07.2019 12:14,

У пачатку педагагічнай дзейнасці цяжка было зразумець, чаму пры добрым тлумачэнні новага матэрыялу, падрабязным разглядзе задач на дошцы вучні з цяжкасцю адказвалі вусна, дрэнна рашалі задачы. Гэта падштурхнула да пошуку іншых падыходаў у рабоце.

Вопыт паказаў, што высокія вынікі навучання немагчымы без актыўнай пазнавальнай дзейнасці школьнікаў, іх жадання пазнаваць невядомае. Каб вучні пачалі актыўна мысліць, перад імі трэба ставіць пазнавальныя задачы, трэба стымуляваць іх на самастойную пошукавую дзейнасць. На гэта накіравана праблемнае навучанне, дзякуючы якому дзеці пад кіраўніцтвам настаўніка актыўна засвойваюць новыя веды. Галоўнае, каб праблема цікавіла вучняў і яе вырашэнне было пасільным.

Перад тым як укараніць праблемны падыход у адукацыйны працэс, давялося ўважліва вывучыць асаблівасці праблемнага навучання ў дыдактычнай тэорыі і педагагічнай практыцы, прааналізаваць магчымасці для фарміравання вучэбных праблем і стварэння праблемных сітуацый, распрацаваць адпаведныя матэрыялы і правесці іх псіхолага-педагагічны аналіз. Такі падыход у навучанні ўкараняўся ў сістэме “ўрок — факультатыў — стымулюючыя заняткі”.

Для паспяховага ўзнікнення і вырашэння праблемных сітуацый на ўроках неабходна, каб вучні валодалі пэўным мінімумам зыходных ведаў для пачатку пошуку і пэўным вопытам актыўнай пазнавальнай дзейнасці. Задача настаўніка — стварыць на занятках максімальна камфортную эмацыянальную атмасферу.

Для стварэння праблемных сітуацый выкарыстоўваю шэраг спосабаў: праводжу праблемны эксперымент, прымяняю разліковыя і якасныя задачы з нестандартным зместам, абыгрываю сітуацыі, дзе вучні сутыкаюцца з хіміяй на практыцы, складаю гіпотэзы на аснове вядомых тэорый і арганізоўваю іх праверку.

Формы работы з вучнямі: групавая і парная. Яны вучаць дзяцей наладжваць канструктыўны дыялог, працаваць у камандзе.

У сваёй дзейнасці звяртаюся да пэўных метадычных прыёмаў, якія дазваляюць паспяхова вырашаць розныя праблемныя сітуацыя: “мазгавы штурм”, “мысліцельны эксперымент”, “эўрыстычная гутарка”.

Пры праблемным навучанні школьнікаў трэба далучаць да пошуку паступова, арыентаваць іх не столькі на вынік, колькі на аналіз яго дасягнення. Дзеці павінны ўголас аналізаваць уласную мысліцельную дзейнасць, расказваць пра шляхі пошуку рашэння, фармуляваць ход разважанняў. 

Калі вучні ўжо валодаюць пэўным мінімумам ведаў, неабходным для актыўнага ўдзелу ў вырашэнні вучэбнай праблемы, можна арганізаваць эўрыстычную гутарку, дыспут, дыскусію. Падчас іх школьнікі, абапіраючыся на вядомы матэрыял, пад кіраўніцтвам настаўніка шукаюць і самастойна знаходзяць адказы на пастаўленыя праблемныя пытанні. Пры гэтым вучні самі акрэсліваюць этапы пошуку, выказваюць розныя меркаванні, вызна­чаюць варыянты вырашэння праблемы.

Важнае месца ў вывучэнні хіміі займае эксперымент. Арыгінальны і нечаканы па выніках, якія назіраюцца, ён заўсёды стварае праблемную сітуацыю. Схема правядзення эксперымента складаецца з вызначэння праблемнага поля для стварэння праблемнай сітуацыі, усведамлення праблемы, вылучэння гіпотэзы, яе тэарэтычнага абгрунтавання, серыі эксперыментальных доследаў па пацвярджэнні ці абвяржэнні вылучанай гіпотэзы, фармулёўкі высновы і  праверачнага эксперымента для пацвярджэння правільнасці сфармуляванай высновы.

Пры праблемным навучанні істотна мяняецца роля настаўніка ў адукацыйным працэсе, якая заключаецца ў творчым супрацоўніцтве з вучнямі пры выкананні вучэбных задач, сумесным абмеркаванні розных падыходаў да іх рашэння і інш. Пры гэтым мяняецца і методыка вядзення ўрока. Структура праблемных заняткаў вызначаецца логікай пазнавальнага працэсу, яна нешаблонная і варыятыўная.  

Праблемнае навучанне дазваляе вучням актыўна прымяняць набытыя раней веды і ўменні, павышае якасць ведаў, паляпшае разуменне хімічных з’яў, актывізуе мысліцельную дзейнасць. У выніку вывучэнне хіміі становіцца больш эфектыўным.

Ала ТАБОЛІНА,
настаўніца хіміі гімназіі Іванава.