×

Клас для адной

31.05.2019 14:51,

Сёння ў Вялікарыцкай сярэдняй школе імя П.В.Саевіча Маларыцкага раёна веды атрымліваюць 62 вучні.  Найбольшая іх колькасць займаецца ў 4 і 11 класах — па 8 чалавек. Але ёсць класы, дзе іх значна менш. Так, у 2 класе за партамі сядзяць 3 вучні, а ў 8-м — толькі 2.

— З сярэдзіны трэцяй і да канца чацвёртай чвэрці ў 8 класе набывае веды толькі адна вучаніца Лізавета Пукета, — расказвае дырэктар школы Ірына Наркевіч. — Аднакласнік дзяўчынкі знаходзіцца на аздараўленні за межамі раёна. У пачатковай школе ў гэтым класе займаліся 5 вучняў, але паступова па розных прычынах іх колькасць змяншалася. На жаль, на працягу апошніх гадоў колькасць дзяцей у нашай установе адукацыі змяншаецца. 

Ці добра, калі ў класе вучыцца толькі адзін вучань? Пра гэта мы пацікавіліся ў Лізаветы Пукета.

— Адна на ўсіх уроках я толькі трэці месяц, — гаворыць дзяўчынка. — Спачатку было нязвыкла і трошкі сумнавата, але паступова прызвычаілася. Цяпер мне ўтульна і камфортна на кожным уроку. Я прывыкла да цішыні, хаця мой аднакласнік ніколі не парушаў дысцыпліну. На перапынках размаўляю з сяброўкамі з іншых класаў. Штодзень старанна і грунтоўна рыхтуюся да заняткаў, бо ведаю, што давядзецца адказваць за ўвесь клас. Падказваць жа няма каму. У конкурсах і мерапрыемствах удзельнічаю за ўвесь клас, а калі хварэю, то таксама ўсім класам (Усміхаецца.).

— У такой сітуацыі шмат станоўчых бакоў, — лічыць дырэктар. — Гэта вельмі добра для вучняў, бо заняткі для іх ператвараюцца ў індывідуальнае навучанне з усімі яго перавагамі. Так, сярэдні бал за трэцюю чвэрць у Лізаветы — “8”. Дзяўчынка ўдзельнічала ў раённым этапе алімпіяды па біялогіі.

— Хацела яшчэ паўдзельнічаць у алімпіядах па беларускай і рускай мовах, геаграфіі, — прызнаецца Лізавета. — Але трапіць на іх не змагла, бо яны праводзіліся адначасова. Давялося выбіраць. З будучай прафесіяй пакуль не вызначылася, але хацела б дапамагаць людзям.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.