×

Кулінарнае шоу юнакоў

06.11.2019 14:50,

Чым заняцца ў вольны час пасля заняткаў? Такога пытання не ўзнікае ў навучэнцаў Маларыцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, якія пражываюць у яго інтэрнаце. Для іх пастаянна праводзяцца розныя цікавыя мерапрыемствы. Такое прайшло нядаўна.

Выхавальніца Ірына Сікорская падрыхтавала для 40 першакурснікаў конкурс кулінарнага майстэрства “Крошка-картошка”. Спачатку педагог расказала пра некаторыя стравы, якія можна прыгатаваць з бульбы, пасля чаго навучэнцы паглядзелі ўрыўкі з кулінарных тэлепраграм. Юнакі з нецярпеннем чакалі практычнага этапу спаборніцтва. Неабходна было прыгатаваць страву з бульбы за пэўны прамежак часу.

Падрыхтаваныя бульбяныя работы прыемна здзівілі журы. Чаго тут толькі не было! Бабка, дранікі са шкваркамі, запяканка, бульбяны салат і аладкі, смажаная, тушаная і запечаная бульба, каша бульбяная і інш. Канкурсанты цікава прэзентавалі свае работы. Ацэньваючы іх, журы ўлічвала не толькі смакавыя якасці страў, але і арыгінальнасць задумы, эстэтычнае афармленне.

Найлепшымі кулінарамі сталі Віталь Чамайла і Антон Аўдзееў. Пераможцы атрымалі торт, астатнія ўдзельнікі — салодкія прызы.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.