×

Летнік для… лідараў-чараўнікоў

17.09.2019 15:51,

Гульнявыя квесты, нестандартныя заданні, шматлікія творчыя конкурсы і спартыўныя мерапрыемствы — усё гэта было прапанавана школьным актывістам у раённым профільным лагеры “Лідар”, што дзейнічаў на Ганцавіччыне.

Летнік стаў своеасаблівай візітоўкай аздараўленчай кампаніі ў раёне і нязменна карыстаецца папулярнасцю сярод падлеткаў, якія запісваюцца ў яго ўжо ў лютым. Важнымі ўмовамі для атрымання пуцёўкі ў лагер з’яўляюцца станоўчая характарыстыка з установы адукацыі і актыўны ўдзел у рэалізацыі сацыяльных і культурна-адпачынкавых праектаў на працягу навучальнага года. Другі год запар у рамках міжнароднага супрацоўніцтва ў летніку адпачываюць хлопчыкі і дзяўчынкі з Ляёўскага раёна Малдовы.

Сёлета ў лагеры працягнулася рэалізацыя сацыяльна-педагагічнага праекта “Лідар-Хогвартс, ці Пасланне Альбуса Дамблдора”, які атрымаў станоўчыя водгукі па выніках мінулагодняй змены. Гульнявая сітуацыя прадугледжвала далучэнне выхаванцаў да магічных падзей для дасягнення галоўнай мэты — недапушчэння цёмных сіл у школу чараўніцтва “Лідар-Хогвартс”. Сучасныя інтэрактыўныя формы работы з дзецьмі дапамагалі выявіць і прасунуць іх ініцыятывы, арганізаваць прадукцыйную дзейнасць вучнёўскага самакіравання. У летніку выходзіла штодзённая газета “Хогвартс-Time”, ажыццяўляўся дабрачынны праект “Новае жыццё ў абмен на накрыўкі”, праводзіліся заняткі ў хобі-цэнтрах па прынцыпе “роўны навучае роўнага”.Традыцыйныя мерапрыемствы напаўняліся новым зместам.

Па выніках змены былі вызначаны 6 магістраў магіі, якія атрымалі права першачарговага запісу на будучую змену. А найлепшымі факультэтамі сталі “Грыфіндор” і “Захавальнікі філасофскага каменя”.

Аксана РЫЛКА,
галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Ганцавіцкага райвыканкама.