×

Літаратурныя акорды Маларытчыны

26.02.2019 16:54,

Да Міжнароднага дня роднай мовы ў Маларыцкай раённай гімназіі адбылося шмат розных мерапрыемстваў, але самым яркім і запамінальным з іх стала творчая сустрэча “Літаратурныя акорды Маларытчыны”, падрыхтаваная разам з раённай бібліятэкай. У госці да вучняў 8—10 класаў і педагогаў завіталі вядомыя мясцовыя паэты Мікалай Пацяюк, Генадзь Мішчук і Уладзімір Данілюк.

Вядучая сустрэчы настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Асіпук расказала пра гісторыю Міжнароднага дня роднай мовы, адзначыла важнасць захавання роднай мовы для кожнага народа і прадставіла гасцей. Паэты падзяліліся сакрэтамі творчых лабараторый і планамі на будучыню.

Вучні з цікавасцю слухалі вершы ў выкананні іх аўтараў, якія гучалі асабліва шчыра і ўзнёсла. Гэта вельмі кранула дзяцей і педагогаў. Падчас сустрэчы гучалі беларускія песні, выкананыя вучнямі. Напрыканцы мерапрыемства паэты адказалі на пытанні, далі аўтографы.

Да сустрэчы была падрыхтавана кніжная выстаўка “Родная мова — тое, што нас яднае”, якая складалася са зборнікаў мясцовых аўтараў.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.