×

Майстры электразваркі

13.03.2020 10:29,

У Маларыцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці рыхтуюць спецыялістаў па 3 спецыяльнасцях. Штогод сярод навучэнцаў праводзіцца конкурс прафесійнага майстэрства, які з’яўляецца важнай часткай вучэбнага-выхаваўчага працэсу. Спаборніцтва дазваляе ліцэістам аб’ектыўна ацаніць свае сілы і магчымасці, скіроўвае да далейшага самаўдасканальвання ў выбранай сферы дзейнасці. Да конкурсу юнакі рыхтуюцца старанна і адказна.

Нядаўна ў ліцэі вызначылі найлепшых па кваліфікацыі “Электразваршчык ручной зваркі” сярод перша- і другакурснікаў. Спаборніцтва праходзіла з мэтай выяўлення ўзроўню іх прафесійнай падрыхтоўкі, павышэння матывацыі да навучання, раскрыцця здольнасцей і творчага патэнцыялу.

У конкурсе ўдзельнічалі 82 навучэнцы. У тэарэтычным туры юнакі адказвалі на пытанні па матэрыялазнаўстве, спецыяльнай тэхналогіі, ахове працы. У практычным — зварвалі стыкавыя, вуглавыя, нахлёстачныя і таўровыя злучэнні ў гарызантальным і вертыкальным становішчы ў адпаведнасці з часавамі нормамі, патрабаваннямі да тэхналагічнага працэсу,  тэхнікі бяспекі і якасці работ.

Найлепшымі электразваршчыкамі сталі Іван Дардзюк і Уладзіслаў Ігнацюк. На 2-м месцы — Ілья Кушнер і Андрэй Мамановіч, на 3-м — Раман Парашчэнка і Аляксей Кулай.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.