×

Маларыцкі “Каламбур”

24.03.2020 11:22,

Калі спытаць у людзей, што такое каламбур, многія адкажуць прыкладна так: “Гэта жарт, заснаваны на камічным выкарыстанні блізкіх па гучанні, але розных па значэнні слоў, гульня слоў”. Але на Маларытчыне ўдакладняць: “Каламбур” — гэта ўзорны тэатральны калектыў, які дзейнічае пры Маларыцкім раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з 2000 года”. Яго заснавальнікам і нязменным кіраўніком з’яўляецца педагог дадатковай адукацыі Валянціна Уладзіміраўна Самуйлік, якая ўкладвае ў работу шмат сіл, творчай энергіі і энтузіязму. Пад кіраўніцтвам няўрымслівага педагога калектыў ужо 7 разоў пацвярджаў званне ўзорнага.

Кожная пастаноўка “Каламбура” яркая і надоўга застаецца ў памяці гледачоў. А гэтых пастановак за 20 гадоў было шмат. Многія адзначаны дыпломамі рознага ўзроўню. Так, у сёлетнім XIV Міжнародным фестывалі дзіцячай і юнацкай творчасці “Мы разам”, які праходзіў у ­Брэсце, на суд журы быў прадстаўлены спектакль “Жыў-быў чамаданчык”. За яго калектыў атрымаў гран-пры ў намінацыі “Тэатральная творчасць. Змешаны склад”. У скарбонцы мінулагодніх дасягненняў “Каламбура” — два дыпломы ІІ ступені Міжнароднага фестывалю дзіцячай і юнацкай творчасці “Новыя вяршыні” і дыплом ІІ ступені Міжнароднага фестывалю дзіцячай і юнацкай творчасці BY FEST.

Запамінальнымі для гледачоў сталі многія спектаклі калектыву: “Новыя прыгоды Нязнайкі і яго сяброў”, “Чараўніцтва старога люстэрка”, “Крылцы для Дзюймовачкі” і інш. У тэатральных пастаноўках арганічна спалучаюцца танцы, песні, акрабатычныя нумары, выступленні лялек, мыльныя шоу…

В.У.Самуйлік ганарыцца юнымі артыстамі: Арынай Алесіюк, Алінай Саўчук, Дар’яй Кузьміч, Ксеніяй Алексіюк, Настассяй Меляшчук… Гэтыя дзяўчаты спасцігаюць тэатральнае мастацтва ўжо больш за 7 гадоў. Дзякуючы ім, кожнае сцэнічнае выступленне атрымліваецца відовішчным, запамінальным і цікавым, здзіўляе арыгінальнымі касцюмамі, музычным суправаджэннем, захапляючым сюжэтам.

— Творчая праца нялёгкая, бо патрабуе вялікіх псіхалагічных і фізічных намаганняў, адказнасці, вытрымкі і згуртаванасці, — гаворыць педагог. — Ад дзяўчат старшай групы імкнуцца не адставаць удзельніцы малодшай групы: Параскева і Софія Цюпяшук, Аляксандра Панасюк, Лізавета Кухарчык, Марыя Амельянчук, Кацярына Ігнацюк, Ангеліна Аляксейчык і Яўгенія Ківачук.

Ніводная творчая вышыня не была б пакорана, каб не дапамога бацькоў юных артыстаў, асабліва Надзеі і Івана Цюпяшук, настаўніцы сярэдняй школы № 2 Маларыты Таццяны Давыдоўскай і інш.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.