×

Маленькія зорачкі Ляхавіччыны

17.03.2020 14:07,

Хтосьці з дашкольнікаў любіць спяваць, камусьці падабаецца маляванне, а некаторыя з задавальненнем чытаюць вершы на ранішніках. Пераканацца ў гэтым можна было падчас І раённага фестывалю дзіцячай творчасці сярод дашкольнікаў “Маленькія зорачкі”, арганізаваным Ляхавіцкім раённым вучэбна-метадычным кабінетам. Месцам правядзення мерапрыемства стала сярэдняя школа № 1 Ляхавіч, актавая зала якой поўнілася дзіцячымі галасамі, гукамі фанфар і бурнымі апладысментамі.

Сваю назву фестываль атрымаў невыпадкова. Многія з нас у дзяцінстве марылі апынуцца на сцэне, адчуць сябе, хаця б на імгненне, спеваком ці музыкантам, танцорам ці акцёрам, стаць сапраўднай зоркай! Мерапрыемства праводзілася з мэтай развіцця дзіцячай мастацкай творчасці, выяўлення і падтрымкі таленавітых выхаванцаў.

Фестываль стаў асаблівай і хвалюючай падзеяй не толькі для юных удзельнікаў і іх педагогаў, але і для бацькоў, якія ўпершыню назіралі выступленні сваіх дзяцей, маленькіх артыстаў, на сцэне. 75 дашкольнікаў ва ўзросце ад 4 да 7 гадоў дэманстравалі здольнасці ў вакальнай, харэаграфічнай і тэатральнай творчасці, выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. У рамках фестывалю працавала выстава “Свет вачыма дзяцей”.

Пры ацэньванні юных артыстаў журы ўлічвала вакальныя даныя, выканальніцкае майстэрства, выразнасць і артыстычнасць выканання кампазіцый, адпаведнасць рэпертуару ўзросту, сцэнічную культуру. Моцныя і звонкія галасы, артыстычнасць і абаяльнасць вакалістаў нікога не пакінулі раўнадушным. Танцавальныя нумары ўражвалі ўдалым падборам касцюмаў і захапляльнымі рытмамі. Захапілі вершы на рускай і беларускай мовах.

Удзел у такіх мерапрыемствах дапамагае дзецям рэалізаваць сябе ў творчасці, праявіць таленты, расказаць пра хобі, падзяліцца сваімі поспехамі. Не менш важнай з’яўляецца і ацэнка іх працы і намаганняў. Журы па заслугах ацаніла кожнае выступленне і кожную творчую работу. Усе ўдзельнікі атрымалі дыпломы і падарункі.

Наталля ПАТАПОВІЧ,
метадыст Ляхавіцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета.