×

Метад мадэлявання для рашэння тэкставых задач

03.08.2019 11:58,

Рашэнне тэкставых задач заўсёды выклікае ў малодшых школьнікаў пэўныя цяжкасці. Многія дзеці не любяць матэматыку менавіта з-за гэтых задач, прычым не з-за колькасці дзеянняў у іх, а з-за неабходнасці разважаць над імі.

Прааналізавала метадычную літаратуру, азнаёмілася з напрацоўкамі калег па гэтай праблеме і, абапіраючыся на ўласны вопыт, прыйшла да высновы, што рашэнне вялікай колькасці аднатыповых задач не развівае аналітычныя ўменні ў дзяцей. Незаменным памочнікам у рабоце над тэкставай задачай з’яўляецца метад мадэлявання.

У шырокім сэнсе слова мадэляванне — гэта замена дзеянняў з рэальнымі прадметамі дзеяннямі з іх зменшанымі ўзорамі, муляжамі, мадэлямі, макетамі ці графічнымі замяняльнікамі (малюнкамі, чарцяжамі, схемамі). Пры гэтым малюнкі могуць адлюстроўваць рэальныя аб’екты (людзей, жывёл, расліны, машыны) ці паказваць іх умоўна, у выглядзе розных фігур (кружкоў, квадратаў, прамавугольнікаў).

Прадметнае і графічнае мадэляванне матэматычных сітуацый пры рашэнні тэкставых задач даўно прымяняецца ў школьнай практыцы, але бессістэмна і непаслядоўна з-за няправільнага разумення ролі нагляднасці ў навучанні і развіцці школьнікаў. Многія настаўнікі лічаць, што з развіццём абстрактнага мыслення ў дзяцей нагляднасць не мае сэнсу. Аднак малюнкі, схемы і чарцяжы не толькі дапамагаюць вучням ва ўсвядомленым выяўленні схаваных заканамернасцей паміж велічынямі, але і пабуджаюць актыўна мысліць, шу­каць найбольш рацыянальныя шляхі рашэння задач, вучыцца прымяняць набытыя веды. Эфектыўнасць метаду мадэлявання ў тым, што да аднаго тыпу задач можна падабраць розныя мадэлі рашэння, выбраўшы найбольш рацыянальныя. 

Асаблівую ўвагу пры рашэнні тэкставых задач удзяляю пабудове схематычных і сімвалічных мадэлей. Вучу дзяцей з дапамогай умоўных абазначэнняў мадэляваць задачу, вызначаць алгарытм рашэння і пошуку адказу.

Спачатку вучні выконваюць дзеянні з рэальнымі прадметамі, што дазваляе ў далейшым зразумець знакава-сімвалічную форму (роўнасць, формула і інш.). Перад тым як паказаць задачу ў выглядзе мадэлі, вучу школьнікаў уважліва чытаць задачу, знаёмлю з яе зместам з дапамогай шэрага пытанняў. Пераводжу тэкст задачы на матэматычную мову, разам з вучнямі вылучаю велічыні і адносіны паміж імі, умоўныя абазначэнні. Асаблівую ўвагу ўдзяляю рабоце з пытаннем задачы.

На наступным этапе дзеці складаюць і выбіра­юць мадэлі да пэўнага тыпу задачы. Да гэтага этапу пераходжу пасля дэталёвага вывучэння яе зместу.

На этапе замацавання навыкаў мадэлявання тэкставых задач звяртаюся да практыкаванняў творчага характару, якія ўяўляюць сабой работу з незакончанымі мадэлямі, выпраўленне памылак у іх, складанне ўмоў задач па пэўнай мадэлі. Кожны вучань, не параўноўваючы сябе з іншымі, выбірае ўласны шлях разважання, мадэлявання і рашэння задач.

Лічу мэтазгоднай методыку англійскага псіхолага Тоні Б’юзена “Навучыце сябе думаць”, заснаваную на стварэнні ментальных карт (інтэлект-карт). Гэта тэхніка ўяўлення любога працэсу, падзеі, думкі ў візуальнай графічнай сістэме. Пасля вывучэння шматлікіх тыпаў тэкставых задач методыка дазваляе сістэматызаваць веды па іх рашэнні. З дапамогай гэтай методыкі былі створаны ментальныя карты “Рашыць тэкставую задачу” (https://coggle.it/diagram/Wlew-8tHwgABkNYl/t/решить-текстовую-задачу) і “Задачы на рух” (https://coggle.it/diagram/WmSsSr4ImwABdq7i/t/задачи-на-движение).

Параўнальны аналіз вынікаў кантрольных работ з тэкставымі задачамі паказаў, што павялічылася колькасць вучняў, якія рашылі іх правільна, і зменшылася колькасць тых, хто адчувае цяжкасці ў іх рашэнні. Дзякуючы рабоце з матэматычнымі мадэлямі, якас ць ведаў трэцякласнікаў і чацвёртакласнікаў па прадмеце палепшылася. Больш за палову вучняў наведвалі факультатыўныя заняткі па рашэнні тэкставых задач, якія дапамаглі эфектыўна асвоіць метад мадэлявання. 

Улічваючы цікавасць вучняў да рашэння тэкставых задач не толькі на ўроках, але і дома, стварыла шэраг інтэрактыўных практыкаванняў у вэб-сэрвісе Learning.Apps.org па выкарыстанні метаду мадэлявання: “Задачы першакласнікам” (https://learningapps.org/4363796), “Задачы другакласнікам” (https://learningapps.org/4364058), “Рух у задачах” (https://learningapps.org/4357195), “Сустрэчны рух для 4 класа” (https://learningapps.org/4353792). Для праверкі заданняў па рашэнні задач і карэкціроўкі ведаў школьнікаў адкрыла на гэтым вэб-сэрвісе віртуальны клас “Мой класны куток” (https://learningapps.org/myapps.php?displayfolder=703622), дзе яны могуць у вольны час рашаць тэкставыя задачы, выкарыстоўваючы матэматычныя мадэлі анлайн.

У рамках інтэрнэт-праекта Umaigra (UI) на платформе Umapalata.com (http://www.umapalata.com/uschool/us.asp?chi=Tch&LANG=RU) стварыла дыдактычныя гульні “Чэмпіянат параўнання”, “Футбол” (задачы на рознаснае і кратнае параўнанне для 3 класа), “Сядзь на цягнік” (задачы на сумесную дзейнасць для 4 класа), “Майстрылка”, “Планета Умаус” (задачы на знаходжанне перыметра і плошчы прамавугольніка для 4 класа).

У складзе раённай творчай групы настаўнікаў пачатковых класаў стварыла інтэрактыўныя трэнажоры па рашэнні тэкставых задач для 2 класа “Сшытак-трэнажор” і “Матэматыкі з Сонечнага горада” (https://drive.google.com/drive/folders/0B5GG-x-101nbWTMxNzBSOFVUXzQ).

З практыкаваннямі можна азнаёміцца ў маім адукацыйным блогу (https://shopiklarisa.blogspot.com).

Мадэляванне — эфектыўны сродак навучання малодшых школьнікаў рашэнню тэкставых задач, дзякуючы якому павышаецца мысліцельная актыўнасць вучняў. Мадэляванне дапамагае зразумець задачу, усвядоміць выбар дзеяння, самастойна знайсці рацыянальны шлях рашэння, выбраць неабходны спосаб праверкі, вызначыць умовы, пры якіх задача мае рашэнне ці не.

Ларыса ШОПІК,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 5 Пружан.