×

Моладзь выбірае

10.03.2020 15:22,

У сучасным грамадстве здаровы лад жыцця з’яўляецца высокай каштоўнасцю. Ён служыць нейкім крытэрыем паспяховага чалавека, паказчыкам яго мэтанакіраванасці.

Здаровы лад жыцця – гэта не толькі правільнае харчаванне і заняткі фізкультурай і спортам, але і комплексны догляд свайго арганізма. На жаль, не кожны чалавек задумваецца аб сваім здароўі. Многія лічаць, што здаровы лад жыцця – толькі адказ ад шкодных звычак, і не звяртаюць увагу на правільны рэжым дня, харчаванне, на псіхалагічнае здароўе.

Каб звярнуць увагу грамадскасці на праблемы здаровага ладу жыцця, у нашай школе прайшла шматпрофільная акцыя “Моладзь выбірае здаровы лад жыцця”. Вучні школы разам са сваімі класнымі кіраўнікамі, педагогам-арганізатарам і настаўнікамі фізічнай культуры правялі акцыі, конкурсы, гутаркі, тэматычныя дыскатэкі, каб паказаць, які ўплыў аказвае здаровы лад жыцця на чалавека, на яго сям’ю, сяброў.

Актыўны ўдзел у акцыі прынялі навучэнцы пачатковых класаў. У час інтэлектуальнага падарожжа “Азбука здароўя” дзеці гаварылі аб складаемых фізічнага здароўя, уплыве эмацыянальнага стану на самаадчуванне чалавека. 

Вучні 9 класа разам са сваім класным кіраўніком Галінай Гардзей сабралі дзяцей ў актавай зале і правялі данс-чэлендж “Рух – жыццё!”. Мерапрыемства захапіла ўсіх дзяцей і ў хуткім часе зала ператварылася ў танцавальную пляцоўку.

Сярод навучэнцаў 9–11 класаў педагог-псіхолаг Таццяна Сайка правяла занятак “Дарога, якая вядзе ўніз”. На ім вучні выказалі свае адносіны да шкодных звычак, разважалі аб наступствах ужывання наркатычных і алкагольных рэчываў. а таксама аб карысці правільнага правядзення вольнага часу, прафілактыцы стамляльнасці, што стварае ўмовы для паспяховай будучыні кожнага падлетка.

Тэтрыс-чэлендж “Моладзь – за ЗЛЖ!” сабраў не толькі старэйшых вучняў, але і вызваў цікавасць у малодшых дзяцей.

Настаўнік фізічнай культуры і здароўя Уладзімір Шахрай сабраў дзяцей і іх бацькоў на спартландыю “Спартыўная сям’я”. Каманды “Дынаміт”, “Храбрацы” спаборнічалі ў конкурсах “Паветраны шар”, “Калона”, “Па парах”, “Вядзенне мяча” і іншых. Сілы каманд былі аднолькавымі, таму па выніках пераможцамі аказаліся абедзве каманды.

Завяршылася шматпрофільная акцыя “Моладзь выбірае здаровы лад жыцця” тэматычнай дыскатэкай, у час якой вучні 7–11 класаў прынялі ўдзел у жартоўных конкурсах і віктарынах.

Ірына ЛАЎРЭНЦЬЕВА,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Дзяніскавіцкага ясляў-сада – сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.