×

Мы розныя і мы разам

21.11.2019 11:08,

"Розныя дзеці — розныя магчымасці" — пад такой назвай у Ляхавіцкім раённым ЦКРНіР прайшла акцыя, прымеркаваная да Міжнароднага дня талерантнасці, які адзначаецца 16 лістапада.

У рамках акцыі былі арганізаваны круглы стол “Асаблівае дзіця — талерантнасць — адукацыйны працэс”, семінар для педагогаў і анкетаванне сярод старшакласнікаў з мэтай вывучэння ўяўленняў пра дзяцей з АПФР і талерантных адносін да іх. Многія вучні прызналіся, што веда­юць пра такіх дзяцей, гатовы дапамагаць ім, не бачаць розніцы паміж імі і здаровымі лю­дзьмі, але ўсё ж такі стараюцца пазбягаць зносін з імі. Па выніках анкетавання спецыялісты цэнтра стварылі фотагалерэю, дзе размясцілі фотаздымкі знакамітых людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія дасягнулі вялікіх поспехаў, вядуць актыўнае жыццё і сталі прыкладам для іншых у пераадоленні стэрэатыпаў.

Педагогі падрыхтавалі інфармацыйны лісток “Фарміраванне талерантнасці ва ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу”, буклет для школ “Розныя дзеці — розныя магчымасці”, правялі анкетаванне сярод баць­коў “Што я ведаю пра талерант­насць?”. Навучэнцы і педагогі ЦКРНіР наведалі аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых грамадзян у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе арганізавалі гадзіну дабрыні “Цярплівым будзеш — павагу здабудзеш”. На наступны дзень пажылыя людзі зрабілі візіт у адказ.

Вельмі цікавымі атрымаліся флэш-моб “Вясёлка талерантнасці”, казкатэрапія “Церамок” і смакатэрапія “Салодкі настрой”. Завяршылася акцыя спартыўным святам “Мы розныя — у гэтым наша багацце. Мы разам — у гэтым наша сіла!”. Госці нашай установы стварылі дрэва талерантнасці, разам з выхаванцамі ясляў-сада № 1 Ляхавіч правялі дзень добрага настрою “Падары радасць сябру”.

Наталля КУДЗЯЛЕВІЧ,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Ляхавіцкага раённага ЦКРНіР.