×

На арт-подыуме

28.12.2019 14:47,

Свята творчасці, прыгажосці і грацыі падарылі гледачам фіналісты IV адкрытага раённага фестывалю-конкурсу “Арт-подыум”, які прайшоў у перапоўненай зале Ганцавіцкага гарадскога дома культуры. За гады правядзення мерапрыемства заваявала любоў не толькі глядацкай аўдыторыі, але і канкурсантаў. Штораз юныя мадэльеры знаходзяць новыя рашэнні для дзіцячай і маладзёжнай моды, таму іх паслядоўнікам даводзіцца добра папрацаваць, каб здзівіць журы чымсьці новым. 

Тэма сёлетняга конкурсу прысвячалася навагоднім святам, што адразу настройвала ўдзельнікаў на атмасферу чараўніцтва і таямнічасці. Матывы зімовых узораў, дзіцячых казак і нават касмічных падарожжаў былі прадстаўлены ў конкурсных паказах. Трэба адзначыць, што ўдзельнікі не толькі дасканала прадумалі вобразы і касцюмы, але прыклалі шмат намаганняў для падрыхтоўкі дэфіле, кожнае з якіх стала сапраўдным шоу з агнямі, дымам, казачнымі героямі і цудамі.

Пераможцамі ў намінацыі “Лепшая калекцыя — 2019” прызнаны “Феі лялек” (яслі-сад № 5 Ганцавіч), “Матрошкі” (Палац дзіцячай творчасці Баранавіч) і “Аліса ў Краіне цудаў” (сярэдняя школа № 3 Ганцавіч).

Прафесіяналізм і неадынар­насць светабачання паказалі і юныя фатографы, падрыхтаваўшы серыю здымкаў “Чараўніцтва зімовага горада”, дзе былі адлюстраваны фрагменты казачных сюжэтаў, утульная атмасфера навагодніх свят, творчы азарт дзяцей і дарослых. У намінацыі “Фота” перамаглі “Авангард-groupe” з сярэдняй школы № 3 Ганцавіч, Алеся Літвіновіч з Малькавіцкай сярэдняй школы і Ганна Клявец з Ганцавіцкай сярэдняй школы імя А.П.Брынскага.

Аксана РЫЛКА,
галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Ганцавіцкага райвыканкама.