×

На канікулы — у студатрад

02.08.2019 16:10,

Хто з падлеткаў не хоча зарабіць грошы на кішэнныя расходы? Канікулы — найлепшы час для гэтага. Кожнае лета Маларыцкі кансервава-гародніна-сушыльны камбінат прапаноўвае юнакам і дзяўчатам падзарабіць. На працягу 10 дзён на прадпрыемстве працаваў студэнцкі атрад. Дапамогу ў працаўладкаванні маладым людзям аказаў райкам БРСМ.

— У студатрадзе працавалі дзесяцікласнікі з сярэдніх школ №№ 1 і 2 Маларыты, навучэнцы Маларыцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі з розных рэгіёнаў краіны, — расказаў майстар гаспадарчага ўчастка прадпрыемства Сяргей Сацюк. — Сезоннікі выконвалі пасільную для іх узросту работу: прыбіралі тэрыторыю камбіната, збіралі і разбіралі паддоны, пакавалі прадукцыю на складзе паўфабрыкатаў, грузілі макулатуру і поліэтылен…

— Да любой прапанаванай работы мы адносіліся сур’ёзна, — адзначыў камандзір студатрада, студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Аляксей Сацюк. — Усё выконвалі старанна і адказна. Работа ў летнім студатрадзе — гэта своеасаблівая рамантыка. Знаходжанне ў ім дысцыплінуе і адаптуе да жыцця. А яшчэ гэта месца, дзе можна зарабіць на кішэнныя расходы.

— Студатрад — выдатная магчымасць для таго, каб заняць сябе карыснай і патрэбнай справай, — заўважыў навучэнец Маларыцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Ілья Шышко. — Праца для атрада — у радасць. А яшчэ гэта новыя знаёмствы, станоўчыя эмоцыі, першы працоўны вопыт.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.