×

На роўных

30.11.2019 14:31,

Колькасць дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя павялічваецца ва ўсім свеце. Грамадства стварае ім неабходныя ўмовы для атрымання адукацыі. Так, інтэграванае навучанне і выхаванне дазваляе дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця адчуць уласную вартасць і роўнасць з іншымі, пазнаць і зразумець асабісты патэнцыял, павысіць самастойнасць і сацыяльную мабільнасць, выпрацаваць адэкватную самаацэнку і прыняць адпаведны ўзровень рэальных магчымасцей. У сваю чаргу здаровыя равеснікі падчас сумеснай дзейнасці з дзецьмі з АПФР вучацца цярпімасці, спачуванню і дабрыні, пачынаюць больш адказна  ставіцца да ўласнага здароўя і здароўя родных.

Больш за 20 гадоў у нашай школе дзейнічаюць інтэграваныя класы (2 класы поўнай і 8 класаў няпоўнай напаўняльнасці), у якіх займаюцца дзеці з цяжкімі парушэннямі маўлення, слыху, зроку, апорна­рухальнага апарату, інтэлекту і затрымкай псіхічнага развіцця. Гэтыя вучні — паўнацэнныя ўдзельнікі адукацыйнага працэсу. Педагогі робяць усё магчымае, каб яны разам са здаровымі равеснікамі адчувалі сябе паспяховымі.

Дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню адміністрацыі школы, сацыяльна­псіхалагічнай службы, настаўнікаў­прадметнікаў, настаўнікаў­дэфектолагаў і бацькоў, дасягнуты аптымальныя вынікі ў арганізацыі навучання і сацыяльнай адаптацыі дзяцей з АПФР, іх псіхолага­педагагічным суправаджэнні. Наша школа з’яўляецца базавай установай адукацыі ў Ленінскім раёне Брэста па інтэграваным навучанні і выхаванні. На яе базе праводзяцца раённыя і абласныя семінары­практыкумы для настаўнікаў­дэфектолагаў і настаўнікаў­прадметнікаў, што працуюць у інтэграваных класах. Школа цесна супрацоўнічае з ЦКРНіР “Стымул”, спецыялісты якога праводзяць кансультацыі для педагогаў, аказваюць ім інфармацыйна­метадычную падтрымку па пытаннях навучання і выхавання вучняў з АПФР. Настаўнікі дзеляцца эфектыўным педагагічным вопытам на адкрытых занятках і пазакласных мерапрыемствах, падчас сустрэч са слухачамі курсаў павышэння кваліфікацыі ў Брэс­цкім абласным ІРА.

Як класны кіраўнік і настаўнік­прадметнік, які выкладае ў інтэграваных класах, сваю галоўную задачу бачу ў тым, каб зрабіць вучобу для асаблівых дзяцей жаданай, а жыццё ў класным калектыве — цікавым і насычаным. За шматгадовую работу ў школе зразумела, што зрабіць гэта цалкам магчыма.

Вучэбныя заняткі для дзяцей з АПФР арганізоўваю асобна і разам з класам. Падчас сумесных заняткаў асаблівыя вучні актыўна працуюць і ўзаемадзейнічаюць з равеснікамі. У залежнасці ад цяжкасці фізічных і псіхічных парушэнняў дапамагаю кожнаму, каб дзеці адчувалі сябе камфортна і былі ўпэўнены, што іх заўсёды падтрыма­юць і што яны не горшыя за іншых. Для ўрокаў адбіраю матэрыял, які можа спатрэбіцца асаблівым вучням у жыцці і які кожны з іх здольны засвоіць з улікам рэальных фізіялагічных магчымасцей. Працую з дзецьмі надзвычай карэктна, каб не пакрыўдзіць. Кожны з іх павінен паверыць у свае сілы і адчуць сябе здольным працаваць на роўных з усімі.

На ўроках выяўляюцца цяжкасці, якія патрабуюць далейшай карэкцыі на карэкцыйных занятках з іншымі настаўнікамі і настаўнікам­дэфектолагам. Заўсёды ўлічваю любыя дасягненні вучняў, ствараючы сітуацыю поспеху на кожным уроку. Галоўная задача — гэта паспяховая сацыялізацыя і адаптацыя асаблівых дзяцей без акцэнтавання ўвагі на іх недахопах.

Узаемаадносіны ў класе, дзе атрымліваюць веды асаблівыя вучні, надзвычай добразычлівыя. Здаровыя равеснікі разумеюць і прымаюць іх, дапамагаюць, праяўляюць цярпімасць. На ўроках літаратуры і класных гадзінах часта гучаць імёны вядомых людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія выклікаюць павагу і захапленне. Сярод іх — нямецкі кампазітар Бетховен, фізік С.Хокінг, ірландскі мастак і пісьменнік К.Браўн, амерыканскі музыкант Р.Чарльз. Вучні пераасэнсоўваюць такія паняцці, як міласэрнасць, спачуванне, узаемаразуменне, дабрыня, любоў.

Безумоўна, працаваць з асаблівымі дзецьмі даволі цяжка. Яны пераважна спакойныя, сентыментальныя і ўражлівыя, але на фоне частых змен настрою бываюць замкнёныя, маўклівыя, малакантактныя. Вельмі часта такія дзеці надзвычай крыўдлівыя і адчувальныя да нязначных заўваг. Выклікаць у іх давер да настаўніка, дапамагчы пераадолець страх і няўпэўненасць, адчуць радасць і задавальненне ад выканання агульнай справы — вялікае майстэрства.

Вучні з АПФР удзельнічаюць у сумесных прафарыентацыйных мерапрыемствах, прафесійных дыягностыках і кансультацыях па выбары будучай прафесіі. Школа цалкам суправаджае асаблівых дзяцей у падрыхтоўцы да прафесійнага самавызначэння, будучым працаўладкаванні і агульнай адаптацыі да дарослага жыцця пасля заканчэння вучобы. Многія дзевяцікласнікі працягваюць навучанне ў ПТНУ.

Шматгадовая работа ў інтэграваных класах дапамагла зразумець, што дзяцей з фізічнымі і псіхічнымі асаблівасцямі трэба прымаць такімі, якія яны ёсць, часцей хваліць, разам радавацца іх поспехам, давяраць ім. У такіх дзяцей можна многаму навучыцца, у тым ліку шчырасці, дабрыні, непасрэднасці.

Жыхары нашага мікрараёна часта назіраюць на школьным стадыёне ўсмешлівага хлопчыка на веласіпедзе. У Данілы парушэнні апорна­рухальнага апарату. Ён з мамай не здаецца, змагаецца з хваробай і спадзяецца на тое, што ўсё ў яго будзе добра. Усмешка сына для бацькоў — найвялікшая ўзнагарода ў жыцці, нягледзячы на тое, што Даніла вучыцца на “васьмёркі”, “дзявяткі” і “дзясяткі”.

Задача дарослых — дапамагчы асаблівым дзецям ­стаць калі не здаровымі, то хаця б шчаслівымі, бо шчасце дае ім радасць, а любоў натхняе і ўзвышае нашы душы.

Алена ПРАКАПЮК,
класны кіраўнік інтэграванага класа, настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 27 Брэста.