×

На старце працоўнага жыцця  

04.07.2019 11:55,

Для 114 юнакоў Маларыцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці гэты дзень стаў памятны і незабыўны. Пасля паспяховай здачы выпускных экзаменаў навучэнцы атрымалі дыпломы аб заканчэнні ўстановы адукацыі. З гэтай нагоды ў актавай зале ўстановы прайшло ўрачыстае мерапрыемства, дзе сабраліся ўчарашнія навучэнцы, іх бацькі, выкладчыкі, майстры вытворчага навучання, госці.

Дырэктар ліцэя Алена Талашка ўручыла дыпломы. Найлепшыя выпускнікі атрымалі граматы за поспехі ў вучобе, актыўны ўдзел у спартыўным і грамадскім жыцці. Сярод узнагароджаных — Ілья Когут, Аляксандр Мірчук і Дзмітрый Навумчык.

Старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Віктар Марушаў уручыў Дзмітрыю Навумчыку і Дзмітрыю Садоўскаму імянныя стыпендыі Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу за актыўны ўдзел у прафсаюзным і грамадскім жыцці ўстановы адукацыі.

Зусім хутка ў выпускнікоў ліцэя пачнецца самастойнае працоўнае жыццё. Яны запатрабаваны на рынку працы. Усе сёлетнія выпускнікі, як, дарэчы, і папярэднія, атрымалі накіраванні на першае месца работы ў сельгаспрадпрыемствы Маларыцкага, Брэсцкага, Жабінкаўскага, Камянецкага і Кобрынскага раёнаў, а таксама ў Брэст. У ліцэі рыхтуюць трактарыстаў-машыністаў сельскагаспадарчай вытворчасці, слесараў па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, электразваршчыкаў ручной зваркі, вадзіцелей аўтамабіляў.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.