×

Настаўніца з душой музыканта

24.09.2019 11:51,

Настаўніца рускай мовы і літаратуры Ірына Аляксееўна Сезік з Маларыцкай раённай гімназіі ў педагогіцы ўжо 30 гадоў, за якія шмат зрабіла і дасягнула. Ірына Аляксееўна адчувае сябе па-сапраўднаму шчаслівай, бо раніцай з задавальненнем ідзе на работу, а пасля ўрокаў з радасцю спяшаецца дадому.

У сям’і І.А.Сезік заўсёды панавала атмасфера творчасці, узнёслага стаўлення да музыкі. Бацькі, дзядулі і бабулі добра спявалі, ігралі на музычных інструментах. Да чароўнага свету музыкі ў маленстве далучылася і Ірына. Яна з адзнакай скончыла Маларыцкую дзіцячую школу мастацтваў па класе фартэпіяна. Будучае жыццё планавала звязаць толькі з музыкай. Хацела іграць у прафесійным калектыве, ездзіць на гастролі. Але стала педагогам. І ўжо не ўяўляе сябе ў іншай прафесіі.

— Пасля заканчэння музычнай школы працягвала займацца музыкай у старшых класах, — расказвае Ірына Аляксееўна. — Але часта задумвалася пра настаўніцкую прафесію, чаму спрыялі ўрокі любімых педагогаў, асабліва настаўніка рускай мовы і літаратуры Міхаіла Галенкі. Яго заняткі заўсё­ды праходзілі на адным дыханні — цікава і незаўважна. Міхаіл Савіч умеў заўважыць кожнага вучня, сказаць у любой сітуацыі шчырае і пранікнёнае слова, паспачуваць, дапамагчы, раскрыць здольнасці, знайсці ключык да сэрца. Педагог да ўсіх ставіўся далікатна, тактоўна, з любоўю. Вельмі хацелася быць падобнай да яго.

Школьныя гады І.А.Сезік успамінае як самыя цудоўныя, цікавыя і незабыўныя. І пра сваіх настаўнікаў гаворыць з вялікай павагай і любоўю.

У выпускным класе дзяўчына, старанная вучаніца і актывістка, вагалася, не магла канчаткова вызначыцца, куды паступаць далей. Па-ранейшаму актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці. Сцэна вабіла і зачароўвала Ірыну. Але яна бачыла сябе і ля дошкі з крэйдай і ўказкай у руках.

Набліжаўся час выпускных экзаменаў. Часу для далейшага роздуму амаль не было. Затое шмат было тых, хто раіў, куды скіраваць свой жыццёвы шлях. У кожнага знаходзіліся свае аргументы за і су­праць. Не раз Ірына чула ад іх, што музыкант — не тая прафесія для жыцця, якой можна зарабляць на хлеб. Гэта выклікала ў душы пратэст. Але Ірына ў рэшце рэшт прыслухалася да слоў маці, якая разважліва і далікатна сказала: “Ты, дачушка, набыўшы спецыяльнасць школьнага настаўніка, можаш быць яшчэ і музыкантам. Але, стаўшы прафесійным музыкантам, у школе, на жаль, працаваць не зможаш”. Гэтыя словы і сталі самым важкім аргументам для прыняцця канчатковага рашэння.

Пасля заканчэння школы дзяўчына лёгка паступіла на філалагічны факультэт тагачаснага Брэсцкага дзяржаўнага інстытута імя А.С.Пушкіна.  Падчас вучобы часу хапала на ўсё. Ірына добра здавала экзамены, усюды паспявала, актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці інстытута. Педагагічная практыка ў школе пераканала, што дзяўчына не памылілася з выбарам жыццёвай сцежкі. Студэнтка жыла тым часам, калі атрымае дыплом, пераступіць парог школы і пойдзе ў клас на ўрок.

На першае месца работы маладога спецыя­ліста накіравалі ў сярэднюю школу № 2 Маларыты, дзе адразу прызначылі класным кіраўніком для 28 вучняў.

— Безумоўна, вельмі хвалявалася, — гаворыць Ірына Аляксееўна. — Былі веды, але не было педагагічнага вопыту. Шмат узнікала пытанняў: “Ці хопіць уменняў?”,“Ці будуць слухац­ца вучні?”, “Якой буду настаў­ніцай?”,“Як выхаваць здольнага, улюбёнага ў мой прадмет вучня?”. Пошукі адказаў на іх падштурхнулі да таго, каб не сядзець склаўшы рукі, а шукаць свае педагагічныя падыходы да дзяцей. Таму заўсёды імкнулася ісці не ў нагу з часам, а быць на крок наперадзе. Настаўнік не павінен цурацца традыцыйнасці, але і грэбаваць наватарствам таксама не варта.

З першага дня І.А.Сезік са стараннасцю выдатніцы, пачуццём вялікай адказнасці ўзялася за работу. Да ўсяго імкнулася дайсці сама. Калі адказу не знаходзіла, звярталася па дапамогу да вопытных калег. Бывалі, вядома, і няўдачы, і дробныя непаразуменні. Але былі і поспехі, перамогі, якія акрылялі, надавалі сіл працаваць яшчэ лепш, больш вынікова. У таленавітага настаўніка з музычнымі здольнасцямі атрымлівалася вучняў і заахвоціць, і прывабіць.

— Быць настаўнікам — гэта пастаянная праца над сабой, — адзначае Ірына Аляксееўна. — Педагагічнае майстэрства прый­шло з цягам часу. Гэта цяпер магу правільна ацаніць любую сітуацыю і хутка знайсці выйсце, а раней па-ўсякаму было. Але рукі ніколі не апускала.

Калі ў Маларыце адкрылася сярэдняя школа № 3, І.А.Сезік перайшла працаваць туды. Маладога стараннага педагога заўважылі і прапанавалі пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце. Але, па сямейных прычынах, доўга на ёй не затрымалася. Працавала настаўніцай. Сёння шчыруе ў гімназіі.

Прафесіяналізм, эрудыцыя, прынцыповасць, шчырасць, строгасць, адкрытасць, справядлівасць — асноўныя якасці, за якія паважаюць Ірыну Аляксееўну калегі, вучні, іх бацькі. Урокам педагога ўласцівы лагічная завершанасць, разнастайнасць форм і метадаў, высокі навукова-тэарэтычны ўзро­вень. Настаўніца падыходзіць да работы творча, з тым агеньчыкам, які дазваляе заўсёды быць цікавай дзецям.

— Сучасны настаўнік павінен быць мабільным, харызматычным, ініцыятыўным, у любых жыццёвых сітуацыях заставацца чалавекам, здольным выслухаць вучня, дапамагчы яму, параіць. Педагагічная прафесія не менш творчая, чым прафесія мастака ці пісьменніка. Акрамя таго, неабходна любіць дзяцей і сваю справу, пастаянна самаўдасканальвацца, быць цікавым вучням і спрабаваць жыць іх жыццём, — лічыць Ірына Аляксееўна.

З музыкай І.А.Сезік не развіталася. Яна з ёй да гэтага часу ідзе побач па жыцці.

— Бывае, прыходжу пасля ўрокаў дадому, сядаю за фартэпіяна і іграю любімыя мелодыі. Гэта супакойвае, суцяшае, надае раўнавагі. Але нядаўна аддала інструмент дачцэ, якая далучае ўжо сваіх дзяцей да чароўнага свету музыкі, — гаворыць Ірына Аляксееўна.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.