×

Незабыўная экскурсія ў мінулае

11.11.2019 16:20,

За поспехі ў вучобе, актыўны ўдзел у грамадскім і школьным жыцці, перамогі ў раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах найлепшыя вучні нашай установы адукацыі пабывалі на экскурсіі ў археалагічным музеі пад адкрытым небам у Белавежскай пушчы, ініцыятарам якой выступіла дырэктар школы Т.Б.Страпко. 

За некалькі месяцаў існавання музея ў ім пабывала шмат замежных турыстаў. Нашы школьнікі — актыўныя наведвальнікі нацыянальнага парка, які выхоўвае ў моладзі любоў да прыроды і гісторыі роднага краю. 

Музей уяўляе сабой імправізаванае старажытнае гарадзішча позняга бронзавага — ранняга жалезнага вякоў (І тысячагоддзе да н.э.). Экскурсавод К.У.Кульжык расказала дзецям пра музейны комплекс, размешчаны ў пойме ракі Правая Лясная. На месцы гэтага ўмацаванага паселішча айчынныя археолагі адшукалі мноства слядоў чалавечага жыцця, пачынаючы з каменнага веку і заканчваючы Сярэднявеччам. Адноўленыя жыллёвыя і гаспадарчыя збудаванні даюць дэталёвае ўяўленне пра тагачаснае домабудаўніцтва, прылады працы, ганчарныя і ткацкія вырабы, рамёствы і промыслы, распаўсюджаныя ў Беларусі. 

Школьнікаў вельмі ўразіла жытло мілаградскай культуры, у якім перакрыцці ўтрымліваюцца на двух дубовых слупах, апаленых знізу. Пірамідальны дах накрыты трыснягом. Сцены ўяўляюць сабой пераплецены вакол слупоў уперамешку з сенам і трыснягом каркас. У доме магла жыць адна сям’я з дзецьмі.

Старажытнае гарадзішча — першы музейны комплекс. Плануецца, што іх будзе 8. Сёння вядзецца будаўніцтва старажытнагерманскага падворка і славянскага паселішча II—IV і V—IX стагоддзяў. 

Матэрыялы экскурсіі спатрэбяцца вучням на ўроках гісторыі ў 5 класе (“Гісторыя першабытнага грамадства”) і 6 класе (“Гісторыя Беларусі ў старажытнасці”), а таксама на ўроках беларускай літаратуры ў 9 класе (“Старажытная літаратура”).  
Мы ўдзячны кіраўніцтву нацыянальнага парка “Белавежская пушча” за арганізацыю бясплатных экскурсій у рамках акцыі па папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна і патрыятычным выхаванні моладзі і дырэктару ААТ “Відамлянскае” М.М.Страпко за прадастаўлены транспарт.   


Аксана РОСЛЯК,
настаўніца рускай мовы і літаратуры Відамлянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.