×

Новыя гарызонты супрацоўніцтва

28.12.2019 14:44,

У рамках пагаднення аб супрацоўніцтве паміж аддзелам па адукацыі Ганцавіцкага райвыканкама і аддзелам адукацыі Ляёўскага райвыканкама (Малдова), падпісанага летась, Ганцавіччыну наведала дэлегацыя Ляёўскага раённага аддзела адукацыі на чале з намеснікам яго старшыні Аленай Брычаг.

Госці прынялі ўдзел у культурна-адукацыйнай праграме “Беларусь — Малдова: новыя гарызонты супрацоўніцтва”, у рамках якой пабывалі ва ўстановах адукацыі Ганцавіччыны, азнаёміліся з культурна-гістарычнымі і памятнымі мясцінамі Брэстчыны. Педагогі раёна падзяліліся з калегамі цікавымі напрацоўкамі, акрэслілі перспектывы развіцця адукацыйнай галіны.

Галоўнай часткай праграмы стала ІІ Міжнародная канферэнцыя “Сучасныя падыходы ў навучанні і выхаванні: ад тэорыі да практыкі”. Госці з Малдовы расказалі пра асаблівасці сваёй сістэмы адукацыі, прэзентавалі аўтарскія праекты “Клас будучыні”, “Дзень вучня” і “Партнёрства паміж школай і эканамічнымі агентамі”. Вопытныя педагогі Ганцавіччыны правялі інтэрактыўныя майстар-класы, прысвечаныя захаванню нацыянальнай культуры, прафілактыцы школьнага булінгу, маральнаму выхаванню на аснове хрысціянскіх традыцый, спецыяльнай адукацыі, сучасным сродкам навучання і выхавання, даследчай дзейнасці вучняў і інш.

Незабыўныя ўражанні засталіся ў гасцей ад наведвання мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” і Нацыяльнага парку “Белавежская пушча”. Удзельнікі дэлегацыі высока ацанілі дасягненні сістэмы адукацыі Ганцавіччыны. 

Аксана РЫЛКА,
галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Ганцавіцкага райвыканкама.