×

Падарожжа па краінах і кантынентах

07.06.2019 11:19,

Тыдні замежных моў не толькі павышаюць цікавасць вучняў да вывучэння замежных моў і замацоўваюць веды па прадмеце, але і дапамагаюць удасканаліць прафесійнае майстэрства педагогаў праз падрыхтоўку, арганізацыю і правядзенне адкрытых заняткаў і пазакласных мерапрыемстваў.

Сёлетні тыдзень у нашай гімназіі праводзіўся на тэму “Па краінах і кантынентах” пад дэвізам “Іншая мова — гэта іншае бачанне жыцця” (Ф.Феліні). План мерапрыемстваў быў складзены з улікам інтарэсаў і ўзроставых асаблівасцей вучняў. Конкурсы прысвячаліся пэўным тэмам, садзейнічалі трываламу засваенню праграмнага матэрыялу, замацоўвалі навыкі іншамоўнага маўлення. Вучні ў гульнявой форме паўтаралі пройдзены матэрыял, даведваліся шмат цікавага пра розныя краіны.

У рамках тыдня прымяняліся нетрадыцыйныя формы ўрокаў. У мерапрыемствах удзельнічалі вучні ўсіх класаў незалежна ад узроўню ведаў. Так, у брэйн-рынгу “How well do you know Belarusian and British celebrations?” шасцікласнікі паказалі, што выдатна ведаюць святы Беларусі і Вялікабрытаніі. У інтэрактыўнай віктарыне “Do you know well Great Britain?” старшакласнікі прадэманстравалі добрае валоданне краязнаўчым матэрыялам. На ўроку-спаборніцтве “Are you an expert in English?” пяцікласнікі ў гульнявой форме паўтарылі вывучаны матэрыял па прадмеце. На шоу-прэзентацыі “Беларусь на міжнароднай арэне” адзінаццацікласнікі па-англійску расказвалі пра найбольш значныя падзеі ў Беларусі. З вялікім задавальненнем вучні 5—6 класаў спявалі па-нямецку пад караоке.

На ўроку-віктарыне “Знаўцы англійскай мовы” і ўроку-турніры “Do you know English well?” трэцякласнікі і чацвёртакласнікі паўтарылі лексічны і граматычны матэрыял. У краязнаўчым батле, які праходзіў на англійскай і нямецкай мовах, спаборнічалі вучні 7—8 класаў. Інтэрактыўная віктарына “What? When? Where?” таксама была двухмоўная. Больш чым 100 гімназістаў прыняла ўдзел у конкурсе “Лінгвісцяня”. Вучні 3—7 класаў прадставілі тэатральную пастаноўку паводле “Кнігі джунгляў” Р.Кіплінга.

Цэнтральнай падзеяй тыдня стаў канцэрт “Talents Show”, дзе гучалі вершы і песні на нямецкай і англійскай мовах, а вучні танцавалі.

У рамках тыдня прайшлі конкурсы малюнкаў “Любімыя героі англійскіх і нямецкіх мультфільмаў” сярод вучняў 3—5 класаў і “Спроба пяра” сярод вучняў 5—6 класаў. На перапынках дзеці з задавальненнем глядзелі мультфільмы і казкі на замежных мовах.

На выстаўцы “Шэкспіру — 455 гадоў” вучні азнаёміліся з біяграфіяй, творчасцю і вядомымі выказваннямі англійскага драматурга. На выстаўцы “Students Projects” гімназісты з цікавасцю разглядалі найлепшыя творчыя работы аднакласнікаў.

Тыя, хто хацеў павысіць адзнаку па нямецкай ці англійскай мове, разгадвалі крыжаванкі, удзельнічалі ў віктарынах.

Пераможцы конкурсаў былі ўзнагароджаны граматамі, дыпломамі і прызамі.

Таццяна АСОС,
кіраўнік вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў замежных моў гімназіі Ляхавіч.