×

Падарунак роднай вёсцы

16.07.2019 12:01,

Дзякуючы дырэктару Мельніцкай базавай школы Маларыцкага раёна Івану Шышуку і яго вучням, у вёскі Мельнікі з’явіўся свой герб. Гэта выдатны падарунак малой радзіме ад яе жыхароў.

— Слова “герб” у перакладзе азначае “спадчына”, — гаворыць Іван Шышук.  — Гэта своеасаблівая візітоўка населенага пункта, яго апазнавальны знак. Ідэя стварэння герба вёскі ўзнікла даўно. Практычным крокам да яе рэалізацыі стала цікавасць шасцікласнікаў да мінуўшчыны роднага краю. Многія вучні пыталіся на ўроках гісторыі, чаму адны населеныя пункты маюць гербы, а іншыя — не, чаму ў вёскі Мельнікі дагэтуль няма свайго герба. Давялося знаёміць дзяцей з геральдыкай і яе спецыфікай. Яўгенія Мірчук, Аляксандра Смаль, Уладзіслава Максімук і Дар’я Саўчук захацелі стварыць герб роднай вёскі.


Іван Шышук і Эдуард Засухін.

Так у школе стартаваў краязнаўчы праект, кіраўніком якога стаў дырэктар Іван Шышук. Да праекта ахвотна далучыўся настаўнік тэхнічнай працы Эдуард Засухін. Ён па-мастацку ўвасобіў сабраны вучнямі матэрыял. Шасцікласнікі падрабязна вывучылі навуковую літаратуру, азнаёміліся з заканадаўчымі дакументамі, пасля чаго дружна і з энтузіязмам узяліся за справу.

— Нам было вельмі цікава працаваць пад кіраўніцтвам Івана Барысавіча Шышука, — расказвае Яўгенія Мірчук. — Падчас пошукавай работы мы даведаліся шмат новага пра мінулае Мельнікаў. Гісторыя нашага населенага пункта багатая і разнастайная. Былі ў ёй не толькі светлыя старонкі, але і трагічныя.

У пісьмовых крыніцах вёска ўпершыню згадваецца ў 1564 годзе ў “Апісанні меж Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай”. У 1566 годзе Мельнікі ўпамінаюцца ў акце рэвізіі: “На рацэ Рыта паміж Хаціславам і Ляхаўцамі ёсць вадзяны млын”. Пра гэта гаворыць і паданне, якое бытуе сярод мясцовых старажылаў. Яно расказвае, што ў аколіцах сучаснай вёскі жылі калісьці сяляне Марук і Саўчук, якія пабудавалі на лясной рэчцы Кубанцы, прытоку Рыты, ва­дзяны млын, асушылі ўчасткі прылеглага балота, узвя­лі хаты і перавезлі сюды сем’і. Неўзабаве сяляне з іншых вёсак і хутароў пачалі прывозіць да Марука і Саўчука зерне для малацьбы. З цягам часу тут сталі сяліцца і іншыя сем’і. Людзі пачалі гаварыць пра гэты хутар з вадзяным млынам “Паехалі да мельнікаў…”. Верагодна, адсюль і паходзіць назва вёскі.

Герб вёскі памерам 35х48 см цалкам адаптаваны да законаў, правіл і традыцый геральдыкі. Кожная дэталь мае сваё значэнне і гісторыка-геральдычнае абгрунтаванне. Герб уяўляе сабой варажскі шчыт. У цэнтры на блакітным полі размешчаны ва­дзяны млын з вадзяным колам жоўтага колеру. Згодна з народнай традыцыяй, вадзяны млын з’яўляецца сімвалам упартасці, стараннасці і працавітасці мясцовых жыхароў. Мельнікі (млынары) карысталіся павагай сярод мясцовага насельніцтва, якое імкнулася ім заўсёды дагадзіць. Пад млынам — выява ракі Рыты бела-серабрыстага колеру. Ніжэй адлюстраваны зялёны луг. Блакітны колер увасабляе прыга­жосць, веліч і водныя рэсурсы вясковых аколіц. Зялёны колер сімвалізуе пладавітасць, радасць, дастатак і маладосць. Акрамя таго, гэта яшчэ і знак надзеі, вясны і адраджэння. Белы колер — гэта мір і чысціня думак. Нягледзячы на строгасць і лаканічнасць, сімволіка герба валодае шматзначным і глыбокім сэнсам.

Герб вёскі Мельнікі пакуль не афіцыйны. Яго павінен адобрыць Маларыцкі раённы Савет дэпутатаў. А афіцыйным ён стане пасля рэгістрацыі ў Геральдычным савеце пры Прэзідэнце Беларусі.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.