×

Падорым паперы другое жыццё!

01.11.2019 16:04,

Школьнікі актыўна збіралі макулатуру ў савецкі час і гэтак жа актыўна — сёння. З-за росту вытворчасці паперы і вырабаў з яе прадпрыемствы маюць патрэбу ў большай колькасці драўніны. Перапрацоўка другаснай сыравіны дазваляе вытворцам часткова адмовіцца ад выкарыстання драўніны, а значыць, зберагчы лес.

Дзякуючы сумеснай рабоце настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў, наша школа заняла 2-е месца ў раённым конкурсе па зборы макулатуры, якому папярэднічала акцыя “Беражы прыроду, развівай у сабе культуру — збірай макулатуру!”.

На першым паверсе школы быў размешчаны экран здачы макулатуры, што садзейнічала спаборніцкаму духу. Кожны хацеў стаць першым. Вялікую работу правялі актывісты БРПА і БРСМ, валанцёрскі атрад “Добрыя сэрцы”. Школьнікі не толькі агітавалі равеснікаў і дарослых, збіралі макулатуру, але і ўзважвалі яе, складвалі і загружалі ў транспарт. У гэтай рабоце былі задзейнічаны ўсе. Настаўнікі ўласным прыкладам паказвалі важнасць акцыі.

1-е месца ў школьным конкурсе па здачы макулатуры заняў чацвёртакласнік Кірыл Бязносік (125 кг), 2-е месца — сямікласнік Максім Васілеўскі (92 кг). На 3-м месцы — сямікласніца Ганна Шылавец (91 кг). Актыўнымі ўдзельнікамі акцыі сталі першакласнікі Андрэй Манькоўскі і Яўген Шпарловіч, другакласнік Іван Славінскі, трэцякласнік Кірыл Каладзей, чацвёртакласніцы Ганна Манькоўская і Таццяна Хвесік, пяцікласнікі Кіра Дзмітрук і Ягор Славінскі, шасцікласнікі Дзмітрый Смалюк і Кацярына Хвесік, сямікласнікі Марына Асапрылка і Арцём Шпарловіч, дзевяцікласнік Яўген Абламскі, дзесяцікласнікі Станіслаў Ваўчок і Вікторыя Макарава. Васьмікласніца Ульяна і трэцякласніца Паліна Антончык штогод актыўна ўдзельнічаюць у конкурсе. Сёлета яны здалі макулатуру ў ліку першых — кожная па 40 кг.

— Перамагчы ў конкурсе дапамагла мая дружная сям’я: мама, тата, бабуля і дзядуля, — расказаў Кірыл Бязносік. — Збіраў макулатуру з вясны да восені, пачынаючы ад пачак з-пад чаю і заканчваючы вялікімі каробкамі. Ведаю, што 100 кілаграмаў макулатуры могуць замяніць адно дрэва. Вельмі рады, што разам з сям’ёй выратаваў адно дрэва.

 План па здачы макулатуры наша школа перавыканала на 120 кг. Але вучні не спыняюцца на дасягнутым. Акцыя працягваецца.

Аксана РОСЛЯК,
настаўніца рускай мовы і літаратуры Відамлянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.