×

Пагуляем у бяспеку

05.10.2019 15:37,

Даволі часта прычынай пажараў з’яўляюцца дзіцячыя свавольствы. Многія бацькі несур’ёзна адносяцца да гэтай праблемы: пакідаюць дзяцей без нагляду, дазваляюць ім гуляць з вогненебяспечнымі прадметамі. Для некаторых дзяцей запальнічка — звыклая цацка. Такое становішча недапушчальнае.

— Выхоўваць навыкі і культуру пажарабяспечных паво­дзін неабходна з дашкольнага ўзросту сумеснымі намаганнямі бацькоў і педагогаў, — лі­чыць выхавальніца Т.С.Астапук з Радастаўскага дзіцячага ясляў-сада Драгічынскага раёна. — Сярод эфектыўных сродкаў — сюжэтна-ролевая гульня, якая дазваляе ўбачыць прафесійную дзейнасць дарослых і змадэляваць рэальныя жыццёвыя сітуацыі, дзе неабходна абавязкова прытрымлівацца пэўных правіл. Такія гульні развіваюць творчыя здольнасці дзяцей, фантазію і артыстызм, вучаць у гульнявой форме розным сацыяльным ролям, фарміруюць важныя асобасныя якасці, мадэлі станоўчых узаемаадносін.

Педагогі дашкольнай установы стварылі сюжэтна-ролевую гульню “Юны пажарны”. Яе мэта — пазнаёміць выхаванцаў з работай ратавальнікаў, спецыяльнай тэхнікай, адзеннем і абсталяваннем, якія прымяняюцца пры тушэнні пажараў, паказаць прычыны ўзнік­нення пажараў і сфарміра­ваць уяўленне аб правілах пажарнай бяспекі. Для гэтага выкарыстоўваюцца не толькі наглядныя вучэбныя дапаможнікі, але і экскурсіі ў пажарную часць, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі знаёмяцца са спецтэхнікай для барацьбы з агнём, дзейнасцю ратавальнікаў.

Падчас заняткаў дашкольнікі вучаць адзіны нумар пажарнай службы 112, набіраюць яго на цацачным тэлефоне, паведамляюць адрас, па якім здарыўся пажар. Увага дзяцей засяроджваецца на тым, што па нумарах экстранных службаў нельга тэлефанаваць без неабходнасці.

Педагогі вырабілі макет палаючага дома, мадэль пажарнага аўтамабіля, амуніцыю ратавальнікаў і іншыя тэматычныя прадметы, якія паспяхова выкарыстоўваюцца не толькі ў сюжэтна-ролевых гульнях, але і падчас іншых выхаваўчых мерапрыемстваў.

— Вопыт праведзенай работы паказаў, што ў дзяцей істотна палепшыліся ўяўленні пра элементарныя ўменні па выкананні правіл пажарнай бяспекі, змяніліся адносіны да бяспечных паводзін, з’явілася жаданне выконваць правілы бяспекі, — адзначае Т.С.Астапук. — Але самае галоўнае — выхаванцы навучыліся арыентавацца ў складаных сітуацыях, набіраць нумар пажарнай службы, кіраваць сваімі паводзінамі.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.