×

Паклікала “Арляня”

23.05.2019 15:04,

У гарадскім парку Маларыты адбылася раённая спартыўная ваенна-патрыятычная гульня “Арляня”, прымеркаваная да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Арганізатарамі мерапрыемства, дзе прысутнічалі намеснік старшыні Маларыцкага райвыканкама Станіслаў Ляшчук і ваенны камісар раённага ваеннага камісарыята Аляксандр Праўдзін, выступілі раённыя аддзелы па адукацыі, ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі, райкам БРСМ, Кобрынска-Маларыцкая арганізацыйная структура ДТСААФ і СДЮСШ алімпійскага рэзерву Маларыцкага раёна.

На старт выйшлі 9 каманд устаноў адукацыі Маларытчыны. Удзельнікі спаборнічалі ў аглядзе строю, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі з палажэння седзячы з адлегласці 10 метраў, ваенна-спартыўнай эстафеце, разборцы і зборцы аўтамата, медыка-санітарнай падрыхтоўцы і творчым конкурсе.

У выніковай турнірнай табліцы на першую прыступку ўзнялася дружная і згуртаваная каманда “Тандэм” з Маларыцкай раённай гімназіі ў складзе Аляксандра Пішчыка, Дзмітрыя Краснажона, Арцёма Каралюка, Андрэя Антановіча, Ганны Пархаць, Хрысціны Машчук, Паліны Пяшко, Настассі Шыян, Марыны Алесік і Дзмітрыя Бурды (кіраўнікі — настаўнікі фізічнай культуры і здароўя Уладзімір Яромкін і Ірына Ярац). На 2-м месцы —  каманда юнаармейцаў з сярэдняй школы № 2 Маларыты, на 3-м месцы — прадстаўнікі Вялікарыцкай сярэдняй школы. У індывідуальным заліку ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі найлепшым аказаўся Арцём Каралюк з Маларыцкай раённай гімназіі. На 2-м месцы — Марыя Шкальнюк з Олтушскай сярэдняй школы, на 3-м — Андрэй Самасюк з Чарнянскай сярэдняй школы. У разборцы і зборцы аўтамата не было роўных Уладзіславу Галавію з Олтушскай сярэдняй школы.

— “Арляня” — гульня з даўняй гісторыяй і добрымі традыцыямі, — адзначыла першы сакратар райкама БРСМ Ганна Панкратава. — З’яўляючыся адной з форм ваенна-патрыятычнага выхавання падлеткаў, гульня фарміруе важныя маральна-валявыя якасці, любоў да Айчыны, дае неабходныя ваенна-прыкладныя і тэхнічныя веды і ўменні, прапагандуе баявыя традыцыі Узброеных Сіл Беларусі, рыхтуе да службы ў арміі.

У рамках гульні школьнікі паглядзелі паказальнае выступленне пагранічнікаў-кінолагаў і службовых сабак, пакаштавалі салдацкай кашы ад пагранічнай камендатуры “Маларыта”.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.