×

Павышаем матывацыю з дапамогай драматызацыі

02.11.2019 15:34,

Павышэнне матывацыі школьнікаў да вывучэння нямецкай мовы, фарміраванне ў іх ключавых моўных кампетэнцый, далучэнне да актыўнай пазнавальнай і творчай дзейнасці — важныя напрамкі работы настаўніка замежнай мовы. Развіваючы камунікатыўныя ўменні і навыкі ў вучняў, педагогі рыхтуюць іх да пэўных сацыяльных роляў і мадэлей паводзін у дарослым жыцці. Адным з эфектыўных прыёмаў павышэння матывацыі дзяцей да вывучэння прадмета і іх паспяховай сацыялізацыі з’яўляецца драматызацыя, да якой часта звяртаюся на ўроках і ў пазакласнай рабоце.

Дзякуючы драматызацыі, можна больш эфектыўна выкарыстоўваць розныя формы арганізацыі вучэбнай дзейнасці (франтальную, індывідуаль­ную, групавую) і педагагічныя прыёмы (“Неабвешчаная тэма”, “Так — не”, “Веру — не веру”, “Да — пасля”, “Лаві памылку”, “Тэлеграма”).

Падрыхтоўку вучняў да драматызацыі пачынаю з аналізу ілюстрацый, які ўлічвае выразнасць мімікі і пантамімікі персанажаў на іх. Вучу дзяцей разглядаць сюжэтныя карцінкі з увагай да дэталей і эмацыянальных знакаў. Задаю пытанні: “Wen sehen sie auf dem Bild?”, “Was macht dieser Mensch?”, “Wie ist er?”, “Wie kann man diesen Menschen nennen?”.

Звяртаюся да драматызацыі пры вывучэнні лексікі, адпрацоўцы маналагічнага і дыялагічнага маўлення (тэмы “Здаровы лад жыцця”, “На што скардзіцеся?”).

Пацыент. Guten Tag!

Урач. Guten Tag! Worüber beschweren sie sich?

Пацыент. Ich habe Kopfschmerzen.

Урач. Haben sie Temperatur.

Пацыент. Nein.

Урач. Wie oft gehen sie spazieren?

Пацыент. Nicht oft. Ich habe keine Zeit.

Урач. Mein Rat: Spaziergang 2 Stunden pro Tag.

Пацыент. Danke. Auf Wiedersehen.

Урач. Auf Wiedersehen.

Дзякуючы драматызацыі, развіваюцца інтэлектуальныя здольнасці дзяцей, якім даводзіцца вырашаць розныя праблемныя сітуацыі, напрыклад, рабіць параўнальны аналіз Каляд у Германіі і Беларусі. Задаю праблемнае пытанне “Wodurch unterscheiden sich diese Feste?”. Вучні атрымліваюць карцінкі з рознымі святочнымі атрыбутамі: ёлка, калядны вянок, сняжынкі, каша і інш. Задача школьнікаў — расказац­ь пра свята ад імя пэўнага атрыбута. Слабапаспяховыя вучні атрымліваюць апорныя словы: hart, grün, 4 Wochen, Nuss, weiß, Brei, schön, schmackhaft, Kerze.

Адным з цікавых варыянтаў драматызацыі з’яўляецца пантаміма, калі вучні слухаюць хуткае маўленне настаўніка без падзелу слоў і паказваюць пачутае (nimmdasneuebuch, sitzundschreibeinenbrief, legedenbriefindenbriefumschlag).

Прапаноўваю дзецям выразнае чытанне па ролях галасамі герояў. Так, пры вывучэнні тэмы “Канікулы” школьнікі спачатку чытаюць дыялог самастойна, потым — услых без інтанацыі, а затым — па ролях, з голасам і інтанацыяй пэўнага героя. Прачытаўшы дыялог, вучні мяняюць ролі, каб адчуць сябе іншымі персанажамі.

Пры харавым прагаворванні дзеці паўтараюць за настаўнікам словы, імітуючы горнае рэха. Адна група вучняў паўтарае гучна, другая — цішэй, трэцяя — яшчэ цішэй і г.д. Практыкую харавое прагаворванне пры завучванні спражэння мадальнага дзеяслова mögen ці дзеяслова-звязкі sein.

Праслухоўванне песень, вывучэнне іх тэкстаў, пераклад на рускую мову не толькі паляпшаюць разуменне мовы, але і дазваляюць лепш засвоіць фанетыку нямецкай мовы, навучыцца чуць вывучаныя словы ў песенных тэкстах. А драматызацыя іх сюжэтаў дапамагае ўсвядоміць сэнс твора.

Арганізоўваю ролевыя гульні. Так, пры вывучэнні тэмы “Раім наведаць у Германіі” дзеці дзеляцца на дзве групы — жыхароў Германіі і жыхароў Беларусі. Задача: з дапамогай загадзя падрыхтаваных фота­здымкаў, карцінак і прэзентацый зацікавіць гасцей з Беларусі аповедам пра цікавыя мясціны Германіі. Найлепшы эфект дасягаецца, калі нямецкія жыхары апранаюцца ў адпаведныя касцюмы.

Звяртаюся да імправізацыі — спантаннай драматызацыі сітуацыі, сюжэту прачытанага ці пачутага тэксту. Так, пры вывучэнні тэмы “Канікулы” школьнікі праслухоўваюць верш пра лета, прыдумляюць ролі і прай­граюць іх.

Для замацавання граматычнага матэрыялу выбіраю вядучага, які паказвае пэўнае дзеянне (рэжа, глядзіць, пілуе). Астатнія вучні здагадваюцца пра дзеяслоў, які яно адлюстроўвае, і называюць яго формы (machen — machte — hat gemacht; sehen — sah — hat gesehen).

Пры замацаванні новых лексічных а­дзінак таксама выбіраю вядучага, які задае пэўнае слова. Астатнія вучні называюць яго множны лік (для назоўнікаў) і правільны канчатак (для прыметнікаў), прыдумляюць сказы з гэтым словам. Слабапаспяховыя вучні замест сказаў могуць скласці слова­злучэнні.

Да драматызацыі звяртаюся не толькі на ўроках, але і ў пазакласнай рабоце, прычым не на аснове вывучанага матэ­рыялу. Падчас штогадовых прадметных тыдняў (дэкад) вучні ўдзельнічаюць у конкурсе чытальнікаў. Дзеці не толькі перадаюць голасам і інтанацыяй аўтарскую задуму, але і выконваюць літаратурны пера­клад вершаў. Конкурс скорагаворак дазваляе адпрацаваць хуткасць замежнага маўлення.

Інсцэніроўкі казак паказваюць не толькі ўзровень валодання нямецкай мовай, але і здольнасць перадаваць пачутае на сцэне. У школе дзейнічае тэатральны клуб “Асарці”, удзельнікі якога паспяхова выступаюць у абласным конкурсе тэатральных калектываў на замежнай мове.

Людміла ХМАРУК,
настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 2 Ляхавіч.