×

Павышаем пазнавальную актыўнасць вучняў

10.09.2019 12:21,

Геаграфія сінтэзуе веды ў галіне прыродазнаўчых і грамадскіх навук, выконвае важную ролю ў фарміраванні ў вучняў уяўленняў пра разнастайнасць і адзінства свету. Каб павысіць самастойнасць школьнікаў пры выкананні вучэбных заданняў і цікавасць да прадмета, выкарыстоўваю прыёмы гульнявой тэхналогіі, якія дазваляюць далучыць дзяцей да актыўнай пазнавальнай дзейнасці, развіць пэўныя ўменні і навыкі.

Звяртаюся да гульнявых прыёмаў і гульняў пры вывучэнні новага матэрыялу. Сярод іх — прыём “Аднавіце словы”. На ўроку, прысвечаным прыродным зонам, прапаноўваю ўважліва паглядзець на словы, у якіх пераблытаны месцамі літары, аднавіць словы і даць правільны адказ: акаал (каала), енкуруг (кенгуру), дахяін (яхідна) і інш.

Прыём “Знайдзі памылкі”. Вучні працуюць з тэкстам падручніка індывідуальна ці па групах. Прапаноўваю ўважліва вывучыць змест тэксту па тэме на працягу пэўнага часу, дазваляючы пры гэтым рабіць запісы ў сшытку. Затым дзеці закрываюць падручнікі, атрымліваюць аркушы з падобным тэкстам, але з памылкамі, якія трэба знайсці. Перамагае той, хто знайшоў найбольшую колькасць памылак. 

Гульня “Падарожжа па карце”. Пры вывучэнні прыродных зон Афрыкі вучні распрацоўваюць маршрут падарожжа такім чынам, каб ён праходзіў праз усе прыродныя зоны мацерыка і адлюстроўваў характэрныя рысы яго прыроды.

Выкарыстоўваю гульнявыя прыёмы і гульні пры замацаванні, паўтарэнні і абагульненні геаграфічных ведаў. Сярод іх — гульня “Трэці лішні”. Прапаноўваю вучням карткі са спісам аб’ектаў, з’яў і тэрмінаў, аб’яднаных пэўнай агульнай прыметай. Задача — знайсці лішні. Так, вывучаючы гідрасферу, шасцікласнікі павінны знайсці, чым адрозніваюцца Аравійскае, Чорнае і Міжземнае моры (Аравійскае — ускраіннае, Чорнае і Міжземнае — унутраныя). Пры вывучэнні атмасферы прапаноўваю шасцікласнікам спіс вятроў: пасаты, мусоны, заходнія. Вучні павінны ўбачыць пастаянныя вятры і выдаліць з пераліку мусоны. 

Гульня “Нямая карта”. Прапаноўваю дзецям фрагменты контурных карт, дзе адзначаны лічбамі асобныя аб’екты. Задача — вызначыць аб’ект, тэрыторыю. Вучні выконваюць заданні па варыянтах і ажыццяўляюць узаемакантроль.

Прыём “Лаві памылку” выкарыстоўваю ў якасці размінкі ў пачатку ўрока. Зачытваю спіс геаграфічных назваў, дзе наўмысна дапушчаны памылкі, і прапаноўваю выправіць іх.

Прыём “Здагадайся, што за сілуэт” развівае па­мяць і ўважлівасць, вучыць працаваць з картаграфічным матэрыялам. Вырабляю сілуэты мацерыкоў, астравоў, паўастравоў, мораў і інш. Школьнікі вызначаюць па іх геаграфічныя аб’екты.

Падчас гульні “Дзе яно знаходзіцца” вучні знахо­дзяць па геаграфічных каардынатах геаграфічны аб’ект.

Шасцікласнікі і сямікласнікі з задавальненнем працуюць з рэбусамі і крыжаванкамі, якія выкарыстоўваю для праверкі ведаў вучняў як адну з форм дамашняга задання ці для работы на ўроках у групах.

Гульнявая тэхналогія павышае пазнавальны інтарэс школьнікаў, паляпшае засваенне новага матэрыялу, аблягчае замацаванне ведаў. Падчас калектыўнай дзейнасці вучням лягчэй атрымаць добрую адзнаку, што значна павышае далейшую матывацыю да вучобы. Дзеці імкнуцца захаваць добрыя адзнакі і падчас звычайных урокаў. Чаргаванне розных метадаў гульнявой тэхналогіі дазваляе пазбегнуць манатоннасці, якая хутка стамляе вучняў, стварыць сітуацыю поспеху. На “гульнявых” уроках рэдка бываюць нізкія вынікі, а значыць, знімаецца нервознасць. А гэта вельмі важна для здароўезберажэння.

Марыя РАКУЦЬ,
настаўніца геаграфіі сярэдняй школы № 2 Ляхавіч.