×

Павышаем вучэбную матывацыю на ўроках англійскай мовы

17.09.2019 14:30,

Фарміраванне вучэбнай матывацыі — адна з галоўных задач настаўніка, вырашыць якую дапамагаюць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі і тэхналогія развіцця крытычнага мыслення.

Тэхналогія развіцця крытычнага мыслення адыгрывае важную ролю не толькі ў выкладанні замежнай мовы, але і ў здароўезберажэнні. Сярод шматлікіх прыёмаў гэтай тэхналогіі вылучаю “Тонкія і тоўстыя пытанні”, сінквейн, інсерт-табліцу, кластары і інш. ІКТ дазваляюць праца­ваць з інтэр­актыўнымі праграмамі (Smart Notebook), стварац­ь уласныя метадычныя распрацоўкі з дапамогай розных інтэр­нэт-платформ (pizap.com). Актыўна звяртаюся да гэтых тэхналогій у розных класах, напрыклад, у пятым пры вывучэнні тэмы “Краіны і кантыненты”. Так, для актуалізацыі лексічных адзінак школьнікі складаюць кластар Continents and oceans, пасля чаго правяраюць адно аднаго ў парах з дапамогай слайда прэзентацыі.

З дапамогай платформы pizap.com ствараю цікавыя тэматычныя ілюстрацыі, напрыклад, пры вывучэнні тэмы Travelling.

Пяцікласнікі з цікавасцю адказваюць на “тонкія” (Do you travel much? Did you get to know anything new?) і “тоўстыя” (Why do we study the topic “Travelling”?) пытанні. З мэтай развіцця навыкаў аналізу і сінтэзу вучні з дапамогай магнітаў злучаюць ілюстрацыі з англамоўнымі краінамі і іх сімваламі.

Працуючы з інтэрактыўнымі прэзентацыямі ў праграме Smart Notebook, дзеці ў нязмушанай форме актывізуюць лексічныя і граматычныя навыкі. Акрамя таго, выкарыстанне інтэрактыўных прэзентацый стварае сітуацыю поспеху.

У рабоце з васьмікласнікамі можна выкарыстоўваць больш складаныя метады і прыёмы, напрыклад, прапанаваць на выбар 3 тэмы ўрока (The role of cinema in our life, My favorite actor, My favorite film). Акрамя кластараў для актуалізацыі лексічных навыкаў, дзеці складаюць граматычныя кластары на аснове гатовага прыкладу на дошцы. З дапамогай друкаваных ілюстрацый, размешчаных на дошцы, вучні могуць спалучыць фота акцёраў і іх ролі ў кіно (Cinema).

У гульнявой форме паказваю відэаўрыўкі з фільмаў, пасля прагляду якіх школьнікі называюць жанр фільма, прозвішчы вядомых акцёраў і іх ролі ў кіно.

У арсенале сучаснага настаўніка — шмат цікавых педагагічных метадаў і прыёмаў работы. Галоўнае — правільна і эфектыўна выкарыстоўваць іх.

Святлана СЁМІНА,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 10 Брэста.