×

Пошук. Творчасць. Развіццё

22.06.2019 10:35,

Пастаяннае самаразвіццё, творчы пошук эфектыўных прыёмаў, форм і метадаў работы — важныя складнікі прафесійнай дзейнасці педагогаў. З мэтай удасканалення сістэмы метадычнай падрыхтоўкі кадраў і павышэння іх прафесіяналізму на Драгічыншчыне праводзіцца фестываль педагагічных ідэй сярод педагогаў спецыяльнай адукацыі. Яго дэвіз — “Пошук. Творчасць. Развіццё”. 

Фестываль праходзіць у 2 этапы. Першы ўключае апісанне і падрыхтоўку матэрыялаў эфектыўнай педагагічнай практыкі ў розных намінацыях, другі — прэзентацыю творчых работ. Адбор, аналіз і абагульненне перадавога вопыту ажыццяўляюць спецыялісты Драгічынскага раённага ЦКРНіР.


На першым фестывалі, прысвечаны выкарыстанню сучасных адукацыйных тэхналогій у спецыяльнай адукацыі, былі прадстаўлены 19 работ, якія ўяўлялі сабой вопыт прымянення гульнявых, здароўезберагальных і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій з дашкольнікамі і вучнямі з інтэлектуальнай недастатковасцю. Пераможцамі фестывалю сталі аўтарскі калектыў дзіцячага ясляў-сада № 1 Драгічына (праект расказваў пра сістэму работы з сем’ямі па развіцці пазнавальных і маўленчых здольнасцей выхаванцаў з цяжкімі парушэннямі маўлення праз мастацка-творчую дзейнасць) і педагогі Драгічынскага раённага ЦКРНіР (“Выкарыстанне тэхнік арт-тэрапіі ў рабоце з дзецьмі з цяжкімі множнымі парушэннямі”).


У другім фестывалі ўдзельнічала ўжо 28 работ. З’явіліся новыя намінацыі: “Дыдактычныя дапаможнікі, гульні”, “Мой лепшы ўрок, заняткі” і “Фарміраванне талерантных адносін да дзяцей з АПФР”. Настаўнікі-дэфектолагі і выхавальнікі груп інтэграванага навучання прэзентавалі матэрыялы эфектыўнай педагагічнай практыкі па выкарыстанні нетрадыцыйных тэхнік, методык і прыёмаў карэкцыйнай работы з рознымі катэгорыямі дзяцей з АПФР. Даволі цікавымі аказаліся напрацоўкі педагогаў Антопальскай дапаможнай школы-інтэрната па прафарыентацыі выпускнікоў. Педагогі Антопальскага дзіцячага ясляў-сада падрыхтавалі праект, прысвечаны фарміраванню талерантных адносін да асоб з АПФР.


Трэці фестываль быў накіраваны на выяўленне і распаўсюджванне лепшага вопыту работы па стварэнні спецыяльных умоў і адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя для асаблівых дзяцей. На чацвёртым фестывалі педагогі прэзентавалі практыка-арыентаваныя і сацыяльна значныя праекты, якія тычыліся сацыялізацыі дзяцей з АПФР. Пяты фестываль стаў міжрэгіянальным дзякуючы спецыялістам з Пінскага, Бярозаўскага і Ганцавіцкага раёнаў. З’явілася намінацыя “Навучу за 5 мінут”, у рамках якой настаўнікі-дэфектолагі з ясляў-сада № 7 Ганцавіч падзяліліся вопытам па выкарыстанні метаду інтэлектуальных карт у развіцці звязнага маўлення дашкольнікаў. Былі прадстаўлены шматлікія аўтарскія дапаможнікі па развіцці звязнага маўлення і дробнай маторыкі, замацаванні гукавымаўлення.


Сёлетні, шосты, фестываль праходзіў у фармаце аўкцыёну педагагічных ідэй, на які ў якасці лотаў выстаўлялася метадычная прадукцыя. Педагогі расказвалі пра выкарыстанне лагарытмічных гульняў і практыкаванняў на комплексных карэкцыйна-развіццёвых занятках з дзецьмі ранняга ўзросту, канструктараў LEGO Education на карэкцыйных занятках па развіцці пазнавальнай дзейнасці вучняў з інтэлектуальнай недастатковасцю, электронных інфармацыйных рэсурсаў і інш. Пераможцамі фестывалю сталі настаўнікі-дэфектолагі А.І.Падароўская з дзіцячага ясляў-сада № 3 Драгічына (“Выкарыстанне лэпбука для развіцця звязнага маўлення выхаванцаў спецыяльнай групы”), Н.М.Ёх з Ганцавіцкай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза А.П.Брынскага (“Выкарыстанне ІКТ ва ўмовах пункта карэкцыйна-педагагічнай дапамогі”), Л.М.Ільючык з Драгічынскага раённага ЦКРНіР (аўтарскі дапаможнік “Кругляшкі-драўляшкі” па фарміраванні пасіўнага і актыўнага слоўніка ў дзяцей ранняга ўзросту), Т.М.Салавейка з сярэдняй школы № 2 Драгічына (аўтарскі дапаможнік “Бізіборд” па развіцці маторыкі, аўтаматызацыі і дыферэнцыяцыі гукаў у малодшых школьнікаў).


За гады існавання фестываль стаў не толькі добрай традыцыяй, але і пляцоўкай для трансляцыі эфектыўнага педагагічнага вопыту, школай удасканалення прафесійнага майстэрства і ўзаеманавучання. У рамках фестываляў абагульнены вопыт 22 педагогаў. Назапашаныя напрацоўкі выкарыстоўваюцца падчас розных мерапрыемстваў, прэзентуюцца на абласным і рэспубліканскім узроўні. Так, выхавальніца Драгічынскага раённага ЦКРНіР аўтар дапаможніка “Полісенсорныя штампы” для дзяцей з цяжкімі множнымі парушэннямі Л.В.Равінец — фіналіст абласнога этапу VI Рэспубліканскага конкурсу “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”, а сацыяльны педагог Драгічынскага раённага ЦКРНіР С.С.Шальпук — удзельніца V Міжнароднай канферэнцыі педагогаў спецыяльнай адукацыі ў Брэсце, дзе прэзентавала вопыт па стварэнні інклюзіўнай інфармацыйнай прасторы ў рамках праекта “Вучымся жыць разам”.


Па выніках фестываляў папаўняецца электронны банк эфектыўнага педагагічнага вопыту, пашыраецца пералік дыдактычных дапаможнікаў, выпускаюцца тэматычныя метадычныя веснікі і інш. Кожны фестываль — гэта імпульс для далейшага прафесійнага пошуку, творчасці і развіцця.


Валянціна СЯРГЕЙЧЫК,
дырэктар Драгічынскага раённага ЦКРНіР.