×

Прадаўжальнікі кадэцкіх традыцый

28.12.2019 12:57,

15 гадоў назад у сярэдняй школе № 28 Брэста адкрыліся першыя кадэцкія класы, з якіх пачалося адраджэнне кадэцкага руху на Брэстчыне. З нагоды юбілейнай даты ў Брэсцкім абласным палацы культуры ФПБ адбылося святочнае мерапрыемства “Мы — кадэты МУС!” з віншаваннямі, узнагародамі, песнямі і ўрачыстай цырымоніяй пасвячэння новых вучняў у кадэты.

—Словы “жыццё — Радзіме, гонар — нікому!”, што сталі дэвізам кадэтаў, важныя для кожнага чалавека, які шчыра любіць сваю краіну, — адзначыў начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста В.К.Шчэрба. — Гісторыя кадэцкага руху налічвае шмат слаўных старонак. Адным з заснавальнікаў кадэцкіх традыцый у Беларусі з’яўляўся Аляксандраўскі Брэсцкі кадэцкі корпус, створаны ў 1842 годзе на тэрыторыі Брэст-Літоўскай крэпасці. Прадаўжальніцай гэтых традыцый стала сярэдняя школа № 28 Брэста, паміж ёй і Акадэміяй МУС Беларусі 15 гадоў назад была заключана доўгатэрміновая дамова аб супрацоўніцтве. Так у вобласці з’явіўся першы прававы кадэцкі клас. Сёння такімі класамі ўжо нікога не здзівіш. Кадэцкі рух вельмі папулярны ва ўстановах адукацыі горада. Яго роля ў патрыятычным выхаванні моладзі неацэнная. Краіне неабходны адукаваныя, сумленныя і законапаслухмяныя грамадзяне. Менавіта іх выхоўваюць у кадэцкіх класах, выпускнікі якіх становяцца студэнтамі юрыдычных факультэтаў універсітэтаў, курсантамі Акадэміі МУС і  Ваеннай акадэміі Беларусі, а потым паспяхова працуюць у сілавых структурах краіны.

— Пачынаць было цяжка, бо школа 15 гадоў назад з’яўлялася, без перабольшання, лідарам сярод устаноў адукацыі вобласці па колькасці правапарушэнняў і злачынстваў, здзейсненых непаўналетнімі, — расказаў дырэктар сярэдняй школы № 28 Брэста А.А.Лазарук. — Дзякуючы сістэмнай рабоце педагогаў, сітуацыю ўдалося кардынальна змяніць. Пра правапарушэнні вучняў педагогі ўжо амаль забылі. Сённяшняй школе ёсць кім і чым ганарыцца. Нашы выхаванцы — неаднаразовыя пераможцы страявых аглядаў, спартыўных спаборніцтваў, творчых конкурсаў і прадметных алімпіяд рознага ўзроўню. Вучні кадэцкіх класаў — сапраўдныя патрыёты. Іх дэвіз: “Доблесць, веды, талент — роднаму Брэсту!” За час існавання кадэцкіх класаў 111 іх выпускнікоў паступілі ў Акадэмію МУС Беларусі. Многія з іх ужо працуюць у праваахоўных органах краіны.

У адрас педагогаў, вучняў і іх бацькоў прагучалі віншаванні і пажаданні ад шматлікіх гасцей: гарадскога кіраўніцтва, прадстаўнікоў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, Акадэміі МУС Беларусі, УУС Брэсц­кага аблвыканкама, абласнога ваенкамата, Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі па Брэсцкай вобласці і выпускнікоў школы, сённяшніх супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Пяцікласнікі далі ўрачыстую клятву, пасля чаго ганаровыя госці ўручылі ім кадэцкія пасведчанні, а кіраўніцтву і педагогам установы адукацыі — граматы і іншыя ўзнагароды за паспяховую прафарыентацыйную работу з моладдзю.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота Яўгена АДАЕВА.