×

Прадукты з прышкольнага ўчастка

28.02.2019 15:18,

У нашай школе вялікая ўвага ўдзяляецца арганізацыі здаровага дзіцячага харчавання. Інакш і быць не можа, таму што за гэтым пільна сочаць і Міністэрства адукацыі, і раённая санэпідэмстанцыя.

Школа наша вясковая, і мы маем прышкольны ўчастак. Тут дзеці разам з настаўнікамі падчас летняй практыкі атрымліваюць неблагія ўраджаі агародніны і бульбы. Скажу адразу, што прадукцыя гэта экалагічна чыстая, бо выкарыстоўваем толькі арганічныя ўгнаенні. Таму ніякай гаворкі пра павышаны ўзровень нітратаў і пестыцыдаў ісці не можа.

Безумоўна, у адпаведнасці з патрабаваннямі ўся прадукцыя прайшла праверку і прызнана годнай для выкарыстання ў нашай сталовай. Такія крокі прывялі да зніжэння кошту харчавання, і за гэтыя сродкі школа можа набыць больш садавіны ці прысмакаў — гэта яшчэ адзін плюс, акрамя таго, што дзеці вучацца догляду за гародніннымі культурамі, бачаць вынікі сваёй працы на стале падчас абеду і пачынаюць ужо ў гэтым ўзросце паважліва ставіцца да працы ў сельскай гаспадарцы.

Каб зрабіць школьнае меню больш разнастайным, у школе праводзяцца анкетаванні для навучэнцаў і бацькоў. Дзеці дзеляцца інфармацыяй аб тым, што любяць, якія стравы з’ядаюць з задавальненнем, чаму аддаюць перавагу. Класныя кіраўнікі пры правядзенні анкетавання для бацькоў знаёмяць іх з асаблівасцямі арганізацыі правільнага школьнага харчавання, тлумачаць, напрыклад, што прысмакі, якія дзеці атрымліваюць у школьнай сталовай, могуць быць толькі карысныя: мармелад, зефір (багатыя пекцінам), пернікі, садавіна. А бацькі характарызуюць харчовыя перавагі сваіх дзяцей (хто ж можа гэта зрабіць лепей за маму?) Такая зваротная сувязь дае магчымасць карэкціраваць школьнае меню, рабіць яго болей разнастайным, а стравы жаданымі.

У сталовай могуць атрымаць гарачае харчаванне і настаўнікі. І маладыя спецыялісты, накіраваныя да нас па размеркаванні, з задавальненнем гэтым карыстаюцца, асабліва хлопцы. Мяркуйце самі: педагогі маладыя, вопыт работы невялікі, шмат часу адымае падрыхтоўка да ўрокаў, напісанне планаў, а ў некаторых яшчэ класнае кіраўніцтва. Часу на прыгатаванне ежы амаль не застаецца, а ў сталоўцы смачна і танна.

Хочацца сказаць некалькі добрых слоў у адрас тых, хто гэтым усім займаецца. Ужо шмат  гадоў наш усімі любімы кухар Людміла Мікалаеўна Пашкевіч смачна корміць навучэнцаў. Нягледзячы на цяжкасці, якіх нямала ў гэтай рабоце, яна заўсёды ветліва ўсміхаецца. І дзецям становіцца прыемна і ўтульна пад добразычлівым позіркам гэтай працавітай жанчыны, якая  з добрай усмешкай сочыць, ці ўсё з’елі. Дапамагае ёй у гэтай нялёгкай рабоце памочнік кухара Таццяна Мікалаеўна Казека. Накрываць сталы перад абедам дапамагаюць і самі дзеці. У абавязкі дзяжурных уваходзіць сервіроўка стала, яны сочаць за парадкам падчас абедзеннага перапынку. І гэта спрыяе павышэнню адказнасці дзяцей за ўзровень свайго жыцця, павышэнню культуры харчавання.

Валянціна ПАШКЕВІЧ,
настаўніца Спораўскай сярэдняй школы.