×

Прафарыентацыя па-сучаснаму

08.08.2019 11:52,

Прафарыентацыя ў нашай школе арганізавана праз адукацыйны працэс, пазаўрочную і пазашкольную работу з вучнямі. Паколькі прафесію выбіраюць не імгненна, а на працягу доўгага часу, прафарыентацыя вядзецца пастаянна. Яе выніковасць залежыць ад удзелу ў гэтай рабоце ўсяго калектыву і сучасных падыходаў да прафарыентацыйнай дзейнасці.

У школе створаны прафарыентацыйны кабінет, дзе можна азнаёміцца з інфармацыяй пра розныя прафесіі, установы адукацыі, прадпрыемствы і арганізацыі раёна. У кабінеце, аснашчаным неабходным абсталяваннем, право­дзяцца прафарыентацыйныя заняткі, масавыя мерапрыемствы, конкурсы па прафесійным самавызначэнні, прафесійныя спробы, прэзентацыі спецыяльнасцей, сустрэчы з бацькамі.

У кабінеце назапашаны прафесіяграмы і апісанні прафесій, даведачная, навукова-папулярная і іншая літаратура пра іх, звесткі пра ПТНУ і ССНУ, галіны народнай гаспадаркі і людзей працы, вучэбныя і інфармацыйныя фільмы (відэапрэзентацыі) пра ўстановы прафесійнай адукацыі і вытворчыя прадпрыемствы, прыкладная тэматыка і метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі прафарыентацыйных мерапрыем­стваў для вучняў і іх бацькоў, сцэнарыі прафарыентацыйных мерапрыемстваў, гульняў і клубных заняткаў, метадычныя распрацоўкі ўрокаў па розных прадметах з рэкамендацыямі па іх прафарыентаванасці, матэрыялы з вопыту работы, тэсты, анкеты, апытальнікі і інш. 

З’яўляюся класным кіраўніком 9 класа, выкладаю факультатыўныя курсы “Уводзіны ў педагагічныя прафесіі” ў 10—11 класах і “Мая прафесійная будучыня” ў 9 класе. Сённяшнія дзеці больш актыўныя і дасведчаныя ў розных сферах жыцця, смелыя і самаўпэўненыя. Яны не ўяўляюць жыццё без інтэрнэту, смартфонаў і сацыяльных сетак. Сучасная адукацыя павінна ўлічваць гэта і шукаць новыя падыходы да прафарыентацыі.

Для павышэння яе эфектыўнасці выкарыстоўваю розныя метады і тэхналогіі пры падрыхтоўцы да класных гадзін і факультатыўных заняткаў. Сярод іх — гейміфікацыя, якая далучае да дзейнасці праз гульню і дазваляе мадэля­ваць сваю будучыню. Гэты метад зразумелы і даступны пакаленню Z. На дапамогу прыходзяць таксама ІКТ, анлайн-сэрвісы, вучэбна-гульнявыя імітацыі.

Гейміфікаваны адукацыйны рэсурс — гэта не камп’ютарная гульня, нягледзячы на пэўнае падабен­ства. Падчас курса вучні выконваюць адукацыйныя і гульнявыя задачы. Першыя — у прыярытэце, другія накіраваны на матывацыю да ажыццяўлення першых.

Існуе шмат сімулятараў прафесій, дзякуючы якім вучні мо­гуць паспрабаваць сябе ў ролі пілота самалёта, верталёта і планера, машыніста цягніка, фермера, вадзіцеля аўтобуса, пажарнага-ратавальніка, работніка дарожнай службы.

Даволі часта падлеткі пры прыняцці рашэнняў абапіраюцца на парады бацькоў і сяброў, рэкламу. Задача педагогаў — навучыць пры­маць рашэнні самастойна, быць лідарамі ў жыцці, не баяцца адказнасці. Для выяўлення лідарскіх якасцей у вучняў распрацаваны тэсты ў дыстанцыйнай праграме moodle.boiro.by. Кожны школьнік, зарэгістраваны ў ёй, можа прайсці тэст і атрымаць пасля яго адказы на пастаўленыя пытанні.

З дапамогай фарсайт-тэхналогіі праектуецца вобраз будучыні і вызначаюцца канкрэтныя дзеянні па яе дасягненні. На факультатыўныя заняткі, арганізаваныя па гэтай тэхналогіі, запрашаюцца эксперты ў пэўнай галіне, якія ведаюць пра яе развіццё ў будучыні. Формы работы — сімуляцыі, дзелавыя гульні, квесты, рашэнне сітуацый і інш. Перавага такіх заняткаў — у актыўным абмеркаванні інфармацыі.

Пры падрыхтоўцы заняткаў звяртаюся да афіцыйных сайтаў дзяржаўных ведамстваў і ўстаноў. У рабоце абапіраюся на “Атлас новых прафесій”.

Вікторыя ТАРКАЙЛА,
настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 2 Ляхавіч,каардынатар клуба будучых педагогаў “Лідар”.