×

Прыпеўкі ў лагапедычнай рабоце

05.03.2020 14:24,

У многіх дзяцей, якія наведваюць школьны пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, назіраюцца парушэнні гукавымаўленчага і прасадычнага бакоў мовы, недастатковая сфарміраванасць фанематычных працэсаў. З-за таго, што заняткі ў пункце арганізаваны пасля ўрокаў, даводзіцца сутыкацца з праблемамі, звязанымі з павышанай стамляльнасцю вучняў, нізкай канцэнтрацыяй і ўстойлівасцю іх увагі. Гэта патрабуе ад мяне, настаўніка-дэфектолага, пастаяннай сабранасці і вынаходлівасці, падахвочвае да пошуку такіх прыёмаў работы, якія выклікаюць у малодшых школьнікаў цікавасць і станоўчыя эмоцыі, актывізуюць успрыманне маўленчага матэрыялу. На дапамогу прыходзяць прыпеўкі.

Вопыт паказвае, што самы цяжкі і працяглы этап у фарміраванні маўленчых уменняў і навыкаў — гэта аўтаматызацыя гукаў у сказе, тэксце, самастойнай спантаннай гаворцы. Часам праходзяць месяцы карпатлівых заняткаў, перш чым дзеці прывыкаюць да новых гукаў з правільнай артыкуляцыяй. Шматразовае паўтарэнне аднаго і таго ж маўленчага матэрыялу стамляе вучняў. А ад паўтораў нікуды не дзецца, калі трэба адпрацаваць правільны артыкуляцыйны ўклад, навучыць чуць і пазнаваць гук, правільна яго вымаўляць. Менавіта прыпеўкі дазваляюць зрабіць гэтую работу жывой, цікавай, разнастайнай, займальнай і высокаэфектыўнай, бо толькі станоўчая матывацыя павышае эфектыўнасць працы і прыводзіць да жаданага выніку.

Работу па аўтаматызацыі гукаў з выкарыстаннем прыпевак пачынаю на ўзроўні слоў і чыстагаворак, ужываючы іх спачатку як этап заняткаў. Пасля аўтаматызацыі гукаў на ўзроўні сказаў і тэкстаў праводжу асобныя заняткі, дзе аўтаматызуюцца гукі ў прыпеўках. Іх выкананне праходзіць з ускладненнем у наступнай паслядоўнасці: павольнае паскладовае выкананне ў сярэднім тэмпе з адбіваннем рытму, з выкарыстаннем музычных інструментаў (бубна, кастаньет, лыжак, ксілафона і інш.), у хуткім тэмпе пад фанаграму.

Пры падборы матэрыялу для прыпе­вак даводзіцца сутыкацца з адсутнасцю метадычных дапаможнікаў на беларускай мо­ве, акрамя дапаможніка Л.М.Казлоўскай “Карэкцыя парушэнняў гукавымаўлення ў дзяцей дашкольнага ўзросту ва ўмовах пункта карэкцыйна-педагагічнай дапамогі” (2017) і зборніка чыстагаворак Анатоля Зэкава “Селі хмаркі на вярбу” (2018). Тэксты для прыпевак перакладаю на беларускую мову і перапрацоўваю. Некаторыя прыдумляю і складаю сама ці разам з вучнямі. Часам гэта з’яўляецца творчым дамашнім заданнем. Для прыпевак выкарыстоўваю чыстагаворкі, невялікія вершы, скорагаворкі, пацешкі, загадкі, лічылкі, прымаўкі і небыліцы. Прыпеўкі дазваля­юць задзейнічаць зрокавы, слыхавы, кінестэтычны і рухальны аналізатары, што дапамагае не толькі фарміраваць усе бакі мовы і пазнавальныя працэсы, але і арганізоў­ваць карэкцыйна-педагагічную работу ў займальнай форме.

Работа з дзецьмі ўключае сумесныя спевы (разам з настаўнікам-дэфектолагам, іншым вучнем), заняткі з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і мнематабліц, удзел у пазакласных і агульнашкольных святах і канцэртах. Сумесныя спевы ладзяцца паэтапна. Спачатку дзеці спяваюць найбольш цікавыя для іх прыпеўкі. Потым уводзяцца розныя варыянты выканання прыпевак: гучна, ціха, павольна, хутка і інш. Затым перахо­дзім да самастойнага выканання. Для таго каб вучні лягчэй запаміналі тэксты прыпевак, выкарыстоўваю візуальныя падказкі: cлайды, карцінкі, мнематабліцы.

Паралельна з карэкцыяй гукавымаўлення ўдасканаль­ва­ю фанематычнае ўспрыманне і навыкі гукавога аналізу і сінтэзу, узбагачаю слоўнікавы запас дзяцей, замацоўваю граматычны лад мовы, развіваю ўвагу, памяць, мысленне, прасадычныя кампаненты мовы, агульную і дробную маторыку.

З першых заняткаў імкнуся ўстанавіць даверлівыя адносіны з бацькамі вучняў. Арганізоўваю тэматычныя кансультацыі, творчыя майстэрні, гульні з педагагічным зместам, педагагічныя бібліятэкі. Акрамя тэарэтычных звестак, знаёмлю мам і татаў з канкрэтнымі прыёмамі работы па замацаванні пэўных навыкаў. Бацькі актыўна наведваюць мерапрыемствы, з задавальненнем складаюць тэксты прыпевак, выконваюць іх разам з дзецьмі, удзельнічаюць у конкурсах.

Завяршальным этапам аўтаматыза­цыі і дыферэнцыяцыі гукаў у прыпеўках з’яўляецца ўдзел дзяцей у канцэртах і святах. Гэтая работа немагчымая без су­працоўніцтва з настаўнікамі пачатковых класаў, настаўнікам музыкі, выхавальнікамі групы прадоўжанага дня. Асабліва падабаюцца вучням і іх бацькам ранішнікі.

Вопыт работы паказвае, што з моманту выкарыстання прыпевак павялічылася колькасць дзяцей, выпушчаных з нормай у развіцці, у якіх, напрыклад,  была дызартрыя: у 2017 годзе — 57%, у 2018-м — 63%, у 2019-м — 85%. Гэта абумоўлена тым, што падчас спеваў дзеці актыўна ўдзельнічаюць у выпраўленні ўласнага гукавымаўлення.

Выкарыстанне прыпевак вырашае ад­ра­зу некалькі задач: павышае пазнавальную актыўнасць і працаздольнасц­ь малодшых школьнікаў, нармалізуе дыханне, вышыню і сілу голасу, развівае фанематычны слых і інш. Дзякуючы прыпеўкам, актывізуецца ўспрыманне маўленчага матэрыялу падчас аўтаматызацыі і дыферэнцыяцыі пастаўленых гукаў, што значна скарачае тэрміны ўвядзення гукаў у самастойную гаворку і паляпшае якасц­ь карэкцыйнай работы з дзецьмі з дызартрыяй, дыслаліяй, нярэзка выяўленым агульным недаразвіццём мовы, фанетыка-фанематычным недаразвіццём мовы і інш. Акрамя таго, прыпеўкі дапамага­юць замацаваць выразную дыкцыю, выкарыстоўваць розныя тэмбральныя гучанні. Прыпеўкі патрабу­юць дакладнай арганізацыі галасавога ходу і лагічнага націску. Вершаваная рыт­міка арганізуе выразнасц­ь мовы, не дазваляе прапускац­ь і мяняць гукі. Прыпеўкі робяць працэс карэкцыі гукаў цікавым і радасным.

Канечне, трэба патраціць шмат часу на тое, каб падабраць і прыдумаць прыпеўкі, скампанаваць іх па групах. Але гэта таго варта. Прыпеўкі не патрабу­юць асаблівых тэхнічных сродкаў, бо спевы су­праваджаюцца адбіваннем рытму на дзі­ця­чых музычных інструментах, рукамі, нагамі і прытанцоўваннем, а мелодыю мож­на ўключыць і на мабільным тэлефо­не пры адсутнасці камп’ютара.

Прывяду прыклады прыпевак для адпрацоўкі гука [р], для якіх часта выкарыстоўваю невялікія вершы айчынных аўта­раў: “Гарбузы вы, гарбузы, // Удзень палью вас тры разы — // Семечкі-гарбузікі // Будуць нібы гузікі! (у-у-ух, ух!)”; “Пад сасной сядзіць вавёрка, // Перад ёю — шышак горка. // Стол гасцінцамі багаты: // Налятай, ваверчаняты! (у-у-ух, ух!)”; “Ара, Ара, папугай, // Хоць адну пярынку дай! // І са мной пагавары. // Пачынай: адзін, два, тры! (э-э-эх, эх!)”.

Звяртаюся таксама да чыстагаворак: “Ра-ра-ра, ра-ра-ра — // Поле крот пераараў. // Ры-ры-ры, ры-ры-ры — // Сам залёг крот у нары (у-у-ух, ух!). // Ру-ру-ру, ру-ру-ру — // Хай хто сунецца ў нару! // Ро-ро-ро, ро-ро-ро — // У нары наш крот герой! (о-о-ох, ох!)”.

Для адпрацоўкі гука [р] можна выкарыстоўваць і пацешкі: “Горкай, горкай, горачкай // Ішоў малы Ягорачка. // Ваўкоў не баяўся, // Страхаў не пужаўся (о-о-ох, ох!). // Выразаў Ягорачка // Дудачку-свісцёлачку. // Горкай, горкай, горачкай // Ішоў малы Ягорачка (у-у-ух, ух!)”.

Для гэтай жа мэты падыходзяць і загадкі: “Шар пастаўлены на шар, // Нос чыр­воны на ўвесь твар, // Рот і вочы — вугалькі. // Адгадайце, хто такі? (у-у-ух, ух!). // З чалавекам ён сябруе, // Ноччу двор яго вартуе, // Служыць шчыра небарака, // Хоць і кажуць: “Злы … (сабака)” (а-а-ах, ах, ах!)”; “Крышталёвыя каралі // Ранкам на траве ляжалі. // Я сабраць хацела ўдзень, // Глянула — няма нідзе! (э-э-эх, эх!)”.

Прымяняю таксама скорагаворкі: “Просіць Лорка Борку // Сказаць скорагаворку, // Сказаць скорагаворку // Просіць Лорка Борку (у-у-ух, ух!)”; “Прыру­чыць сароку — // Адна марока. // А сорак сарок — // Сорак марок (о-о-ох, ох!)”; “Хто пілуе дровы, // Будзе той здаровы. // Гэта справа, братка, — // Добрая зарадка! (э-э-эх, эх!)”.

Наталля ШАРКО,
настаўнік-дэфектолаг Пінкавіцкай сярэдняй школы імя Якуба Коласа Пінскага раёна.