×

Прырода ў кадры

12.03.2020 11:53,
Відэафрагменты на ўроку біялогіі

Работа з відэафрагментамі на ўроках біялогіі дапамагае не толькі азнаёміцца з біяразнастайнасцю свету і зразумець біялагічныя працэсы на розных узроўнях арганізацыі жывой матэрыі, але і сфарміраваць важныя навыкі для развіцця матываванай асобы, здольнай да самаадукацыі.

Аднойчы спытала ў шасцікласнікаў, ці могуць з яек, набытых у магазіне, вылупіцца кураняты. У адказ пачула адназначнае “не”. Калі спытала “чаму?”, пачула шмат розных версій. Вучні гаварылі пра тэмпературныя ўмовы захоўвання яек, іх спецыяльную апрацоўку, асаблівыя пароды курэй і інш. Пацікавілася ў вучняў, а ці могуць з яек вясковых курэй вылупіцца кураняты. У адказ пачула адназначнае “так”. Але дзеці зноў не змаглі дакладна растлумачыць прычыну. У той жа час вучні добра ведаюць, што сярод курэй ёсць самкі-курачкі, якія нясуць яйкі, і самцы-пеўнікі. 

Гэтая сітуацыя выявіла праблему: дзеці маюць доступ да вялікай колькасці гатовай інфармацыі, але не заўсёды ўмеюць яе прымяняць у вырашэнні пэўных задач, аналізаваць і параўноўваць. Прычынай таго, што вучні не могуць атрымліваць інфармацыю на аснове ўласных назіранняў і асабістага вопыту з жывой прыроды, з’яўляецца пражыванне ў гарадах (без магчымасці выездаў на дачу і ў сельскую мясцовасць), адсутнасць культуры адпачынку на прыродзе і розных форм турызму ў сям’і, адсутнасць зацікаўленасці ў агратурызме, боязь жывой прыроды (насякомых, змей і інш.).

Вучэбныя відэа на ўроках біялогіі знаёмяць вучняў з разнастайнасцю жыцця на планеце, стымулююць пазнавальныя інтарэсы, вучаць шукаць адказы на пастаўленыя пытанні шляхам назіранняў. Відэафрагменты, як і іншыя элементы ўрока, павінны быць дарэчнымі і рэгламентаванымі па часе, вырашаць пэўную вучэбную задачу.

Паспяховае выкарыстанне відэа­кантэнту залежыць ад выканання некалькіх простых правіл. Так, ролік можа быць узяты з любой крыніцы, але інфармацыя ў ім павінна быць біялагічна праўдзівай і не ўтрымліваць памылак. Для гэтага можна выкарыстоўваць рэпартажы навін, урыўкі з фільмаў ВВС ці топавыя ролікі блогераў. Можна прапанаваць вучням самім знайсці відэаматэрыялы з біялагічнымі памылкамі, каб развіваць у дзяцей крытычнае мысленне, здоль­насць фільтраваць інфармацыю з інтэрнэту.

Лепш за ўсё, калі адзін відэафрагмент асвятляе адно пытанне ў даступнай для ўзросту вучняў форме. Дапушчальна выкарыстоўваць некалькі ролікаў за ўрок, але кожны з іх павінен быць адразу прапрацаваны пасля прагляду, зыходзячы з пастаўленых перад дзецьмі задач. Аптымальная працягласць відэафрагменту — 1—3 хвіліны. Ролік павінен мець якасны відэарад, добры гук і карэктную задачу. Пры гэтым педагог не павінен перакладваць сваю ролю на відэанастаўніка. Яго задача — каменціраваць, акцэнтаваць увагу, задаваць пытанні і накіроўваць разважанні.

Ёсць некалькі педагагічных прыёмаў для выкарыстання відэафрагментаў.

“Што мы бачым?”. Неабходна растлумачыць працэсы ці механізмы, уласцівасці, якія вучні бачаць на экране, выкарыстоўваючы набытыя раней веды. Можна прымяняць для праверкі дамашняга задання ці замацавання матэрыялу.

“Відэаадказ”. Вучні шукаюць адказы на праблемныя пытанні, настаўнік падтрымлівае ход разважанняў, але не паказвае на правіль­насць пэўнай высновы. Школьнікі вызначаюць правільнасць сваіх разважанняў пасля прагляду відэароліка.

“Пошук ісціны”. Дэманструюцца 2 відэафрагменты з супярэчлівымі звесткамі. Вучням прапаноўваецца даказаць ці абвергнуць іх справядлі­васць. Падыходзіць для групавых форм работы, вывучэння новага матэрыялу і яго замацавання.

“Акцэнт на дэталях”. Пасля прагляду вучэбнага відэа вучням задаюцца пытанні, якія выяўляюць цікавасць да біялагічных дэталей, развіваюць назіральнасць, здольнасць апісваць з’явы і працэсы. Напрыклад: “Назавіце колькасць шчупальцаў у гідры”, “Колькі галонаў нафты вылілася пры крушэнні танкера “Прэстыж” у 2002 годзе?”, “Апішыце характар руху хларапластаў у клетках эладэі”.

“Інтрыга”. Інтрыгуючае відэа прыцягвае ўвагу вучняў да пэўнай праблемы. Дзеці з вялікай цікавасцю чытаюць строгі тэкст, знаходзячы ў ім пытанні, якія ­ўзніклі пры паказе такога відэа.

Вучэбнай праграмай па біялогіі прадугледжана пэўная колькасць экскурсій, лабараторных і практычных работ. На жаль, далёка не ўсе ўстановы адукацыі валодаюць добрай матэрыяльна-тэхнічнай базай (абсталяваннем і матэрыяламі) для практычных заняткаў. Мікраскопы, наборы мікрапрэпаратаў, калекцыі заалагічных і батанічных аб’ектаў, гербарыі, табліцы… Што рабіць, калі ў кабінеце біялогіі адсутнічае неабходная нагляднасць, а для паказу воднай экасістэмы да найбліжэйшага вадаёма трэба ехаць некалькі гадзін? У такіх сітуацыях на дапамогу прыходзяць відэаролікі, якія вырашаюць не толькі адукацыйныя, але і выхаваўчыя задачы, дазваляюць утрымаць увагу вучняў, матываваць іх на актыўную пазнавальную дзейнасць.

Настасся ШАЎЧУК,
настаўніца біялогіі гімназіі Іванава.