×

Прыродазнаўчы тыдзень

15.10.2019 11:55,

Прадметны тыдзень — шматгадовая даволі папулярныя форма арганізацыі пазакласнай работы па прыродазнаўчых прадметах у нашым ліцэі, накіраваная на развіццё асобасных якасцей вучняў, актывізацыю іх мысліцельнай дзейнасці, павышэнне цікавасці да хіміі, біялогіі і геаграфіі, фарміраванне разумення каштоўнасці прыродазнаўчых ведаў у штодзённым жыцці.

Паспяховае правядзенне прадметных тыдняў залежыць ад своечасовай якаснай падрыхтоўчай работы. Тэматыка будучага тыдня вызначаецца на пасяджэнні метадычнага аб’яднання настаўнікаў у канцы навучальнага года. Тады ж плануюцца і асноўныя мерапрыемствы, прыдумваюцца іх назвы і формы правядзення. Педагогі распрацоўваюць сцэнарыі канкрэтных мерапрыемстваў, змест якіх абумоўлены тэмай, мэтай і задачай прадметнага тыдня. Інфармацыя павінна быць актуальнай (праблемнай, навуковай, звязанай з рэальным жыццём), даступнай (адпавядаць узроставым асаблівасцям вучняў, іх ведам па прыродазнаўчых прадметах), займальнай і цікавай.

У пачатку навучальнага года вызначаецца дата правядзення тыдня, карэкціруецца і зацвярджаецца яго план. Да падрыхтоўкі мерапрыем­стваў падключаюцца дзеці. Сёлета ў рамках 1000-гадовага юбілею горада над Бугам мы правялі тыдзень прыродазнаўчых навук “Брэст і ваколіцы”, мэта якога заключалася ў выхаванні гордасці за малую радзіму, абуджэнні цікавасці да гістарычнага мінулага і сучаснасці Брэста, усведамленні яго месца і ролі ў эканамічным, сацыяльным і культурным жыцці краіны, прыцягненні ўвагі да праблем горада, прафарыентацыі на запатрабаваныя спецыяльнасці, развіцці пазнавальнай актыўнасці і творчых здольнасцей вучняў, пашырэнні іх кругагляду, фарміраванні інфармацыйнай, сацыяльнай і камунікатыўнай кампетэнцый.

План мерапрыемстваў прадметнага тыдня ўключаў штодзённую работу радыёгазеты, інфармацыйную гадзіну “Хімічныя прадпрыемствы Брэстчыны”, выставу кніг “Старажытны малады Брэст”, фотавыставу-конкурс “Лепшага за Брэст няма месца” (любімыя куткі ў горадзе), конкурс плакатаў “Пад шум лісця” (дрэвы Брэста — лёгкія горада), выставу вырабаў з агародніны і садавіны “Ці ў садзе, ці ў агародзе…”, віктарыну “Мая Радзіма — Брэст”, сустрэчу з намеснікам галоўнага ўрача цэнтральнай гарадской бальніцы А.У.Макровым на тэму “Перспектывы развіцця аховы здароўя ў Брэсце”, майстар-клас па карвінгу “Вясёлка на талерцы”, пасвячэнне ў хімікі-біёлагі “Вы народжаны стаць чараўнікамі!” і выставу фотаздымкаў “Не месца ўпрыгожвае чалавека” (бацькі — паспяховыя прафесіяналы).

На фотавыставе “Лепшага за Брэст няма месца” было прадстаўлена больш за 50 маляўнічых фотаздымкаў. На тэматычных плакатах размяшчалася пазнавальная інфармацыя пра найбольш распаўсюджаныя на тэрыторыі горада дрэвы і кусты. Выстава вырабаў з агародніны і садавіны папаўнялася і абнаўлялася на працягу тыдня. Экспанаты радавалі арыгінальнасцю і прыгажосцю. Шмат цікавага вучні даведаліся на інфармацыйных гадзінах падчас прагляду відэафільмаў. Інтэрактыўная віктарына знаёміла з гістарычным мінулым горада, яго сучаснай архітэктурай, закранала экалагічныя праблемы. Намеснік галоўнага ўрача ЦГБ А.У.Макроў расказаў пра айчынную сістэму аховы здароўя ў параўнанні з замежнай, спецыфіку медыцынскай прафесіі і інш.

Мерапрыемствы прадметнага тыдня атрымаліся яркімі, відовішчнымі і карыс­нымі. Іх лепшыя ўдзельнікі былі ўзнагаро­джаны.

Святлана МЕЛЕХАВЕЦ,
настаўніца хіміі кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста.