×

Ранішняя гімнастыка з лялькай Нюшай

29.10.2019 10:26,

Дзень здароўя прайшоў у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 Астраўца. Удзел у ім прынялі выхаванцы і іх бацькі, работнікі цэнтра.

Дзень пачаўся з вымярэння артэрыяльнага ціску ў работнікаў установы. Педагог-псіхолаг Дзіяна Іванаўна Багдановіч падрыхтавала памяткі пра шкоду алкаголю і курэння, якія былі прапанаваны работнікам установы і бацькам.

Але акцэнт быў зроблены на нашых выхаванцах. Самым цікавым, запамінальным мерапрыемствам для іх сталі спартыўныя спаборніцтвы “Каб бадзёрым быць, трэба спорт любіць”, у якіх прынялі ўдзел самыя хуткія, спрытныя і смелыя выхаванцы старшых груп. З якім задавальненнем і азартам дзеці ўдзельнічалі ў спартыўных заданнях “Самы хуткі”, “Самы спрытны”, “Вялікае мыццё” і іншых.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі кіраўнік фізічнага выхавання Таццяна Іванаўна Вайцяховіч і лялька Нюша.

Надвор’е спрыяла таму, што на стадыёне прайшоў флэшмоб “Мы за здаровы лад жыцця!”.

Не абышлося і без удзелу спецыялістаў раённай бальніцы. У гэты дзень нашы работнікі і выхаванцы змаглі зрабіць прышчэпкі ад грыпу.

На працягу дня гучала музыка і песні пра здаровы лад жыцця “Загартоўвайся, калі хочаш быць здаровым”, “Баязлівец не гуляе ў хакей”, “Каманда маладосці нашай”, “Ранішняя гімнастыка” і іншыя.

У канцы дня кіраўніком фізічнага выхавання Таццянай Іванаўнай Вайцяховіч была падрыхтавана паласа перашкоды для бацькоў. Было вельмі прыемна бачыць сярод удзельнікаў таксама дзядуль і бабуль нашых выхаванцаў.

Спадзяёмся, што мерапрыемствы, праведзеныя ў гэты дзень, паслужаць штуршком да штодзённых заняткаў спортам для ўсёй сям’і і ўмацуюць здароўе дзяцей.


Алена ВАСІЛЬЧЫК,
загадчык Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Астраўца.