×

Равеснік — равесніку

11.11.2019 16:11,

Падлеткі імкнуцца да новых адчуванняў, больш даведацца пра людзей і навакольны свет, неяк праявіць сябе, паказаць лідарскія якасці. Усё гэта добра, але бывае, што, рэалізоўваючы свае жаданні і патрэбы, яны трапляюць у рызыкоўныя сітуацыі, звязаныя з рознымі канфліктамі, ужываннем псіхаактыўных рэчываў і інш. Такія сітуацыі трэба прадухіляць праз своечасовае інфармаванне, фарміраванне правільнага стаўлення і навыкаў супрацьстаяння. 

Прафілактычныя мерапрыемствы найбольш эфектыўныя тады, калі арганізоўваюцца па прынцыпе “роўны навучае роўнага”. Гэты прынцып актыўна ўкараняецца ў выхаваўчую работу многіх устаноў адукацыі. У яго аснове — перадача ведаў падрыхтаванымі валанцёрамі сваім равеснікам, фарміраванне ў іх пэўных навыкаў праз даверлівыя зносіны на навучальных занятках, акцыях, кансультацыях і гутарках.

У рамках акцыі “Карысныя канікулы” прайшло чарговае пасяджэнне клуба “Новае пакаленне”. На базе Аснежыцкай сярэдняй школы Пінскага раёна валанцёры-інструктары правялі заняткі з элементамі трэнінгу з вучнямі, якія стаяць на розных відах прафілактычнага ўліку і з якімі арганізавана індывідуальная прафілактычная работа. Падлеткі сустрэліся з прадстаўнікамі ІСН і КСН, якія расказалі ім пра адміністрацыйную і крымінальную адказнасць за розныя проціпраўныя ўчынкі, нагадалі аб правілах паводзін у грамадскіх месцах і г. д.

Нязмушаныя атмасфера зносін дазволіла школьнікам быць шчырымі і адкрытымі. Яны выказвалі ўласныя меркаванні, задавалі пытанні, абмяркоўвалі актуальныя праблемы, абменьваліся вопытам, выпрацоўвалі і апрабоўвалі новыя мадэлі зносін. Завяршылася мерапрыемства флэшмобам пад музыку 90-х гадоў мінулага стагоддзя.


Настасся ШУКАЛА, 
метадыст Пінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета.