×

Развіваем творчую актыўнасць вучняў

08.08.2019 12:33,

Творчыя здольнасці неабходны ў розных сферах чалавечай дзейнасці: навуковай, мастацкай, вытворча-тэхнічнай, гаспадарчай… Творчыя ўменні і навыкі дапамагаюць паспяхова засвойваць новыя веды. Паводле ўласных назіранняў, сярод школьнікаў пераважаюць дзеці з сярэднім узроўнем развіцця творчага мыслення. Як падштурхнуць выхаванцаў да творчасці падчас вучобы і якія метады і прыёмы выбраць для гэтага? Выйсце бачу ў арганізацыі вучобы праз развіццё творчай актыўнасці.

Апрабавала розныя метады і прыёмы сучасных педагагічных тэхналогій на розных этапах урока: напісанне сачыненняў, пераказаў і творчых дыктовак, рэцэнзаванне сачыненняў і вусных выказванняў, гульні, творчыя слоўнікі, рэбусы, шарады, крыжаванкі, анаграмы, дамашнія творчыя заданні і інш. Кожны з іх дазваляе заўважыць і развіць творчыя здольнасці.

Для паспяховай творчай дзейнасці ствараю адпаведныя ўмовы, прадумваю эмацыянальную завязку ўрока. З гэтай мэтай выкарыстоўваю камунікатыўную атаку: прыёмы “падары падарунак сябру”, “павітайся локцямі”, “усміхнёмся адно аднаму”, “ловім удачу”, “сядзьце, хто…” і “прагноз надвор’я”, слоўнік і палоскі настрою (калі вучні паказваюць цёплыя колеры, яны гатовы да супрацоўніцтва, калі халодныя — трэба пачакаць).

Найбольшую актыўнасць дзеці праяўляюць пры вырашэнні праблемных сітуацый, для чаго звяртаюся да мазгавога штурму, прыёмаў “крок за крокам” і “пытальныя словы”, рэбусаў, загадак.

Вопыт паказвае, што вучні дася­гаюць большага, калі могуць самі сфармуля­ваць мэту. Дапамагаюць у гэтым прыёмы “здзіў­ленне”, “што адбудзецца, калі…”, “ці ведаеце вы, што…”. Цікавыя і дзіўныя факты развіваюць пазнавальную цікавасць.

Работа са словам — адзін з асноўных відаў дзейнасці на ўроках рускай мовы, які пашырае і абагачае слоўнікавы запас вучняў. Прапаноўваю ім алгарытм: ахарактарызаваць слова (вызначыць правільнасць напісання, націск, арфаграмы) з дапамогай арфаграфічнага слоўніка, растлумачыць слова, вызначыць яго ўтварэнне і ўжыванне з дапамогай тлумачальнага і этымалагічнага слоўнікаў, слоўніка іншамоўных слоў, вылучыць часткі слова і падабраць роднасныя словы з дапамогай словаўтваральнага слоўніка, падабраць да слова асацыяцыі, рыфмы, вобразы, напісаць міні-тэкст (эцюд, міні-сачыненне, замалёўку).

Планую творчыя работы ў адпаведнасці з вывучаемым граматычным матэрыялам і праграмай па развіцці маўлення па пэўнай сістэме: ад назіранняў над гатовым тэкстам і невялікіх работ творчага характару (мініяцюр) — да сачыненняў на спецыяльных уроках па развіцці маўлення. Шырока выкарыстоўваю апорныя словы, сачыненні-мініяцюры па карціне, сачыненні на зададзеную тэму, па пачатку, прымаўцы, аналогіі з прачытаным і назіраннях вучняў, складанне пісьма сябру. Гэтыя практыкаванні выконваюцца пад кіраўніцтвам настаўніка, але ступень самастойнасці дзяцей паступова павялічваецца.

Творчая дыктоўка — адзін з самых распаўсюджаных і зручных прыёмаў работы, які дазваляе праверыць засваенне матэрыялу, актывізуе творчае мысленне. Гэты від работы асабліва эфектыўны ў 5 класе, калі вывучаецца вялікая коль­касць арфаграм. Выкарыстоўваю творчыя дыктоўкі для паўтарэння і абагульнення матэрыялу.  

Развіваюць творчую актыўнасць загадкі, рэбусы, прыказкі, прымаўкі, жартоўныя і мнеманічныя вершы, прапанаваныя настаўнікам ці складзеныя вучнямі. Яны развіваюць кемлівасць і ўяўленне, абагачаюць маўленне, трэніруюць па­мяць.

Паколькі веды, здабытыя самастойна, маюць большую практычную значнасць, чым завучаныя навыкі і аперацыі, праводжу лінгвістычныя эксперыменты, складаю мадэлі будучых ведаў, асацыятыўныя схемы, кластары, апорныя канспекты ў выглядзе табліц і блок-схем, дзе моўныя з’явы і канструкцыі ўспрымаюцца не асобна, а як частка цэлага. З дапамогай прыёму “свая апора” ствараю ўмовы, пры якіх вучні самі адкрываюць, набываюць і канструююць веды. Найбольш эфектыўнай з’яўляецца групавая ці парная работа.

Кластар як прыём тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення выкарыстоўваю на розных этапах урока. Пры рабоце над кластарамі прапаноўваю выкон­ваць правілы: не баяцца запісваць усё, што прыйдзе ў галаву; даць волю ўяўленню і інтуіцыі; працягваць работу, пакуль не скончыцца час ці не знікнуць ідэі; пастарацца пабудаваць як мага больш сувязей; не рухацца па загадзя вызначаным плане. Тэарэтычныя веды пераводзяцца ў практыку з дапамогай алгарытмаў, складзеных разам з вучнямі.

Важную ролю ў стымуляванні творчай актыўнасці адыгрываюць творчыя работы, якія павышаюць цікавасць да вучобы, развіваюць назіральнасць, вучаць самастойна вырашаць пастаўленыя задачы. У творчых пісьмовых работах праяўляюцца індывідуальныя якасці вучняў, асаблівасці іх мовы і маўленчай культуры ў цэлым.

Спачатку вызначаю ўзровень арфаграфічнай і пунктуацыйнай пісьменнасці, развіцця маўлення. Так, па пераказе імкнуся адсачыць навыкі правільнага пісьма ў патоку свабоднага маўлення, вызначыць рэальныя магчымасці і схільнасці вучняў (акцёрскія здольнасці, творчае ўяўленне, схільнасць да выразнага чытання). На аснове гэтага даю індывідуальныя творчыя заданні, напрыклад, найбольш красамоўнаму і артыстычнаму школьніку — падрыхтаваць вучэбнае лінгвістычнае паведамленне, а аматару малявання — ілюстрацыі да вывучаемых моўных з’яў. Акрамя таго, прапаноўваю складаць загадкі, пісаць вершы па вывучанай тэме, лінгвістычныя казкі, пісьмова адказваць на пытанні, аналізаваць тэкст.  

Вялікую ролю ў вучэбным працэсе адыгрывае рэфлексія, праз якую дзеці ўсведамляюць сферу пазнавальных інтарэсаў, крыніцу цяжкасцей. Арганізоўваю рэфлексію ў выглядзе тэлеграмы, незакончанага сказа, сінквейна, міні-сачынення. Прымяняю тыпавыя пытанні выніковай рэфлексіі: “Якія заданні аказаліся цяжкімі (лёгкімі) і чаму?”, “Што перашкодзіла справіцца з заданнем?”,  “Чаму працавалі ў парах (групах)?”, “Што лічыце неабходным зрабіць дома?”. У выніку рэфлексіўнай дзейнасці вучні вызна­чаюць наступныя крокі ў пазнанні і ставяць перад сабой задачы для індывідуальнай работы дома.

Жанна БЕРАЗОЎСКАЯ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі Іванава.