×

Развіваем звязнае маўленне дашкольнікаў з дапамогай лэпбука

10.08.2019 15:33,

Развіццё звязнага маўлення ў дзяцей — адна з найважнейшых задач дашкольнай адукацыі, паколькі менавіта ў ім рэалізоўваецца асноўная, камунікатыўная, функцыя мовы і маўлення. Звязнае маўленне вызначае ўзровень агульнага маўленчага і разумовага развіцця. Улічваючы гэта, многія спецыялісты бачаць неабходнасць у спецыяльным маўленчым выхаванні. Пры яго арганізацыі варта звяртаць увагу на шэраг фактараў, якія ўплываюць на паспяховае развіццё маўлення, — маўленчае асяроддзе, сямейны дабрабыт, індывідуальныя асаблівасці асобы, пазнавальную актыўнасць дзяцей і інш.

Паводле ўласных назіранняў, першай мовай для большасці дашкольнікаў, якую яны чуюць ад бацькоў і на якой вучацца размаўляць змалку, з’яўляецца дыялектная. З-за таго, што дзеці не выкарыстоўваюць на практыцы беларускую мову, у многіх з іх існуюць праблемы са звязным беларускамоўным маўленнем: бедны слоўнікавы запас, слабая лагічная паслядоўнасць і змястоўнасць маўлення, яго невыразнасць і няправільнасць.

У такой сітуацыі лічу правільнай і неабходнай работу па раннім далучэнні дзяцей да беларускай мовы і азнаямленні іх з правільным беларускім маўленнем, якое не толькі ўзбагачае мову, але і развівае пазнавальныя і інтэлектуальныя магчымасці дашкольнікаў, пашырае веды пра беларускую гісторыю і культуру. Адным з цікавых і эфектыўных сродкаў па далучэнні дзяцей рознаўзроставай групы да беларускай мовы і фарміраванні звязнага маўлення з’яўляецца лэпбук, які ўяўляе сабой яркую самаробную інтэрактыўную папку з кішэнямі, дзверцамі, акенцамі і рухомымі дэталямі. Лэпбукі прыцягваюць увагу малышоў і павышаюць цікавасць да моўнай дзейнасці.

Лэпбук, змест якога падбіраецца з улікам тэматычнага планавання, праграмных задач і ўзроставых асаблівасцей дзяцей, складаецца з прадметных (дазваляюць пералічваць і апісваць якасці і асаблівасці пэўнага прадмета) і сюжэтных (дазваляюць апісваць сітуацыю на малюнку, ствараць папярэднія і наступныя падзеі) малюнкаў, іх серыі (дазваляюць паслядоўна будаваць аповед і казку, лагічна звязваць адну падзею з другой, авалодваць структурай апавядання), фігурак настольнага і пальчыкавага тэатраў (знімаюць эмацыянальнае напружанне, развіваюць выразнасць і эмацыянальнасць мовы), фальклорных твораў (загадкі дапамагаюць усталёўваць сувязі і залежнасці паміж з’явамі, аналізаваць іх, параўноўваць і абагуль­няць; скорагаворкі выпрацоўваюць дыкцыю, сілу голасу, тэмп маўлення; прыказкі і прымаўкі вучаць будаваць складана­залежныя сказы, разважаць), картатэкі моўных гульняў па развіцці звязнага маўлення (дазваляюць засвоіць матэрыял у цікавай форме), картатэкі пальчыкавых гульняў (развіваюць дробную мускулатуру, маўленне), артыкуляцыйных і дыхальных практыкаванняў (фарміруюць фанетычнае маўленне, выпрацоўваюць яго тэмп).

Нагрузка на дзяцей ва ўмовах рознаўзроставай групы дыферэнцыруецца і патрабуе правільнага падбору нагляднасці, вершаў, гульняў, фальклорных твораў. Работа па развіцці маўлення з дапамогай лэпбука ажыццяўляецца як у спецыяльна арганізаванай, так і ў нерэгламентаванай дзейнасці ў 3 асноўных формах: праз дыялог (дазваляе ўсталёўваць сувязь з іншымі людзьмі і абменьвацца выказваннямі, развівае сацыяльныя адносіны), маналог (дазваляе свабодна выказваць думкі і даносіць іх да слухачоў, даваць ацэнку падзеям, стымулюе лагічнае мысленне) і інтанацыйную выразнасць маўлення (дазваляе ўбачыць ролю інтанацыі ў перадачы сэнсу сказанага і адлюстраванні сваіх пачуццяў).

Работа па развіцці дыялагічнага маўлення накіравана на фарміраванне ўменняў, неабходных для зносін (пачынаць іх, падтрымліваць і завяршаць, гаварыць выразна, выконваць правілы моўнага этыкету, узаемадзейнічаць у пары і калектыве). Для гэтага арганізоўваюцца размовы з дзецьмі на розныя тэмы і рознага зместу, якія ўлічваюць іх узроставыя асаблівасці; даюцца слоўныя даручэнні (“Саша, калі ласка, падыдзі да Святланы Міхайлаўны і скажы: “Святлана Міхайлаўна, калі вам не цяжка, замяніце нам ваду ў тазе, мы мыем цацкі”); ажыццяўляецца сумесная дзейнасць (выраб кніжак-малышак, лэпбука, атрыбутаў для сюжэтна-ролевых гульняў); выкарыстоўваюцца дыдактычныя гульні, якія развіваюць дыялагічную мову (“Ладушкі”, “Хто дзе жыве?”, “Чые дзеткі?”, “Раскажы пра пару года”); праводзяцца рухавыя гульні (“Гусі-гусі”, “Каноплі”, “Фарбы”); ствараюцца моўныя сітуацыі.

Падчас гутарак дзеці вучацца лагічна мысліць і разважаць, развіваюць маўленне і культуру маўленчых зносін. Змест гутарак вызначаецца канкрэтнымі задачамі і залежыць ад тэмы і ўзроставых асаблівасцей дзяцей. Вельмі важнай з’яўляецца правільная пастаноўка пытанняў: для малодшых дашкольнікаў яны рэпрадуктыўныя (“Хто гэта?”, “Што ўмее рабіць зайчаня?”, “Якога яно колеру?”), для сярэдніх і старэйшых — пошукавыя (“Чаму заяц аказаўся на вуліцы?”, “Чаму ліса яго выгнала?”, “Навошта ліса прыкрыквала на звяроў?”). Да пытанняў дадаюцца тлумачэнні, указанні, наглядны матэрыял. Трэба дабівацца, каб у гутарцы ўдзельнічалі ўсе дзеці,  заахвочваць поўныя адказы, вучыць слухаць адно аднаго, не перапыняць суразмоўніка, не павышаць голас, ужываць ветлівыя словы, практыкаваць  старэйшых дзяцей у задаванні пытанняў.

Работа па развіцці маналагічнага маўлення накіравана на развіццё неабходных уменняў (разумець і асэнсоўваць тэму, вызначаць межы, адбіраць неабходны матэрыял, размяшчац­ь яго ў пэўнай паслядоўнасці, будаваць маўленне адвольна) і ажыццяўляецца ў спецыяльна арганізаванай дзейнасці. Павысіць цікавасць да заняткаў дапамагаюць казачныя ці выдуманыя персанажы, якія дасылаюць заданні, просяць дапамогі, падарожнічаюць разам з дзецьмі, расказваюць, дапамагаюць засвоіць матэрыял.

У канвертах лэпбука дзеці знаходзяць розныя заданні: ілюстрацыі да вядомых казак (вучацца пераказваць іх па ўзоры выхавальніка, разам з ім, па плане, частках твора, ролях), прадметныя малюнкі (будуюць сказы, апісальныя аповеды), сюжэтныя малюнкі (вучацца апісваць і складаць сюжэтныя аповеды), іх серыі (расказваюць пра змест кожнага малюнка з серыі, звязваючы іх у адзін аповед, знаходзяць словы, якімі можна звязаць яго часткі (“і тады…”, “пасля таго як…”), перадаюць змест тэксту па ланцужку).

Даволі эфектыўнымі з’яўляюцца калектыўнае складанне аповеду (дазваляе наглядна ўявіць механізм стварэння звязнага тэксту), яго мадэляванне, выпраўленне памылак у тэксце (гульня “Так бывае ці не?”), праслухоўванне дзецьмі сваіх аповедаў, запісаных на дыктафон (дазваляе правесці сумесны аналіз аповеду з усімі станоўчымі і адмоўнымі бакамі маўлення).

Работа па развіцці інтанацыйнай выразнасці праходзіць у 2 этапы, якія ўключаюць фарміраванне здольнасцей успры­маць інтанацыю (для гэтага дзецям чытаецца адзін і той жа тэкст спачатку манатонна, а потым выразна) і ўменняў выкарыстоўваць інтанацыю ў асабістых маналогах. Развіццё інтанацыйнай выразнасці прадугледжвае навучанне тэмпу маўлення (павольна, умерана, хутка), для чаго выкарыстоўваюцца скора­гаворкі, рухавая гульня “Карусель”; тэмбру маўлення (высокі, нізкі), для чаго чытаюцца казкі “Домік” і “Калабок” розным тонам, выконваецца заданне “Адгадай, хто гаворыць?”; рытму маўлення (спяваюцца песенькі, якія суправаджаюцца плясканнем у далоні, тупатам ног); сіле голасу (ціха, гучна), для чаго прагаворваюцца вершы, заклікі, калыханкі; мелодыцы (выкарыстоўваюцца практыкаванні “Задай пытанне”, “Адкажы на пытанне”, “Скажы сумна, радасна”). Для змены віду дзейнасці звяртаюся да пальчыкавых гульняў, беларускіх народных гульняў, гульняў-імітацый.

Выкарыстанне лэпбука павышае цікавасць да пазнання, фарміруе ўменне складаць пэўны ўнутраны план маўленчага выказвання па-беларуску, узбагачае слоўнікавы запас беларускімі словамі і выразамі, далучае да беларускай культуры, гісторыі.

Алена КАСЦЮК,
загадчыца Стружскага ясляў — сада Столінскага раёна.