×

Робататэхніка — гэта цікава і карысна

09.04.2019 15:45,

Сучасны свет ставіць перад адукацыяй складаныя задачы: вучыцца павінна быць цікава, веды павінны быць практыка-арыентаванымі, навучанне павінна праходзіць у займальнай форме… Усё для таго, каб дзеці паспяхова самарэалізаваліся ў прафесійным плане, развілі інтэлектуальны патэнцыял і г.д. 

Cённяшняе грамадства цяжка ўявіць без інавацыйных тэхналогій. Каб адпавядаць часу, вучні павінны засвойваць усё большы аб’ём ведаў. Настаўнікі нашай гімназіі ўдзяляюць вялікую ўвагу развіццю тэхнічнай творчасці дзяцей праз LEGO-педагогіку. Вучні спасцігаюць навыкі робататэхнікі на базе канструктара LEGO EV 3.

Работа па пачатковай робататэхніцы арганізавана ў рамках пазаўрочнай дзейнасці. На першых занятках дзеці вучацца працаваць з канструктарам LEGO з лічбавым абсталяваннем: збіраюць з дэталей пэўную канструкцыю і праграмуюць яе (вучаць гукам, рухам, камандам). Канструктар дазваляе будаваць розныя мадэлі з рознымі праграмнымі (паводзінскімі) задачамі. 

Робататэхніка адкрывае добрыя магчымасці для развіцця камунікатыўных здольнасцей. Працуючы ў парах ці групах, дзеці вучацца дамаўляцца і супрацоўнічаць, прэзентаваць праекты, задаваць пытанні і адказваць на іх, перадаваць веды навічкам, на практыцы асвойваць асновы алгарытмізацыі і праграмавання.  

У рамках аб’яднання па інтарэсах плануецца право­дзіць спаборніцтвы па зборцы мадэлей і іх праграмаванні, абароне індывідуальных праектаў перад аднакласнікамі.

Святлана ПІВАВАРЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Ганцавіч.